Мастак, дзеля якога знакаміты Луўр змяніў свае правілы. 10 цікавых фактаў з жыцця Марка Шагала

Сёння за яго імя змагаюцца Беларусь, Расія і Францыя. Яго лічылі і лічаць адным з найбольш таленавітых жывапісцаў ХХ стагоддзя. З нагоды Дня нараджэння сусветна вядомага мастака-авангардыста Марка Шагала, прыгадаем 10 цікавых фактаў з жыцця нашага славутага зямляка.


Марк Шагал.jpg
Марк Шагал. Крыніца: wikipedia.org

1. Ледзь не стаў ахвярай пажару.

Шагал з’явіўся на свет у гарадку Лёзна пад Віцебскам. Калі ён нарадзіўся, у горадзе быў вялікі пажар, ахвярай якога ледзь не стаў будучы знакаміты жывапісец. Пазней у сваёй творчасці ён часта будзе звяртаецца да вобразу агню, малюючы яго на сваіх карцінах у выглядзе пеўня.

Прывитанне Парыж 1945.jpg
Марк Шагал. «Прывітанне, Парыж», 1945. Крыніца: umbra.media

2. Навіна аб тым, што сын хоча стаць мастаком, прывяла бацькоў Шагала ў роспач.

Свой мастацкі талент юны Марк зразумеў, перамалёўваючы карцінкі з часопісаў. Менавіта тады ён і сказаў сваякам, што марыць стаць мастаком. Гэтая навіна прывяла тых практычна ў роспач. Артадаксальныя габрэі з невялікага беларускага горада, яго бацькі хацелі, каб іх сын стаў бухгалтарам.

Калі Марк пачаў прасіць грошы на навучанне маляванню, бацька адмовіў яму. Але сын апынуўся такім настойлівым, што бацька на эмоцыях выкінуў грошы з акна. Марк быў вымушаны збіраць грошы з зямлі на вачах у мінакоў.

3. Працаваў голым, каб не запэцкаць фарбай вопратку.

У 1911 годзе Шагал пераязджае ў Парыж. Але грошай было так мала, што будучы знакаміты мастак быў вымушаны працаваць цалкам голым, каб не запэцкаць фарбай вопратку. Але гэта не замінала яму быць сталым наведвальнікам мастацкіх музеяў французскай сталіцы.

Парыж за вакном 1913г.jpg
Марк Шагал. «Парыж за вакном», 1913. Крыніца: Wikimedia Commons

4. Жонка і муза Шагала двойчы афіцыйна змяніла імя.

У 1915 годзе ён вяртаецца ў родны Віцебск, каб ажаніца са сваёй даўняй знаёмай Басяй-Рэйзай Розэнфельд, з якой пазнаёміўся, калі апошняя была яшчэ падлеткам. Яна была вымушана двойчы афіцыйна змяніць імя. У 1907 годзе з-за адмоўнага стаўлення да габрэяў пры паступленні на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў яна стала Бертай, а ў 1923 годзе, ужо ў Еўропе, перайменавалася на заходнееўрапейскі манер у Бэллу.

Марк Шагал і Бэла (1923).jpg
Марк Шагал і Бэлла, 1923. Крыніца: wikipedia.org

5. Лічыў Малевіча здраднікам, бо той пераманіў ягоных вучняў.

У 1919 годзе Шагал заснаваў у Віцебску мастацкую вучэльню. Праз нейкі час да іх далучыўся Казімір Малевіч. Шагал лічыў гэта вялікім поспехам. Знакаміты сталічны мастак прыязджае выкладаць у Віцебск. Але хутка яму давялося пашкадаваць аб гэтым. Малевіч аб’явіў Шагала «стараватарам» (так ён называў тых, хто спрабаваў апраўдаць шэдэўры мінулага). Навучэнцам больш спадабаўся рэвалюцыйны абстракцыянізм Малевіча, і яны пачалі масава пераходзіць да эпатажнага супрэматыста. Шагал палічыў гэта за асабістую здраду. Мастакі сталі ворагамі на ўсё жыццё.

Казімір Малевіч.jpg
Казімір Малевіч. Крыніца: wikipedia.org

6. Жывучы ў ЗША, так і не вывучыў англійскую мову. 

Падчас Другой сусветнай вайны Марк Шагал жыў у Злучаных Штатах Амерыкі, але так і не вывучыў англійскую мову. На пытанне «чаму» ён адказваў так: «Калі за 30 год жыцця ў Парыжы я ледзь вывучыў французскую, то нават не стану спрабаваць вывучыць англійскую».

7. Нягледзячы на арэол авангардыста, Шагал пазбягаў усялякіх модных тэндэнцый, папулярных напрамкаў і гучных назваў.

У сваёй кнізе ён пісаў: «Імпрэсіянізм, кубізм мне роўна чужыя. На маю думку, мастацтва — гэта перш за ўсё стан душы».

8. Марк Шагал быў адзіным мастаком, дзеля якога знакаміты Луўр змяніў свае правілы

У 1977–1978 гадах Луўр упершыню зрабіў выставу яшчэ жывога аўтара.

9. Аб існаванні Шагала большасць віцяблян даведалася з некралогу.

1.jpg
Марк Шагал. «Аўтапартрэт з мальбертам», 1914, крыніца: artchive.ru

Некралог быў апублікаваны ў «Известиях», а затым перадрукаваны мясцовай газетай. Да таго Марк Шагал быў амаль невядомы на сваёй малой радзіме.

10. Марк Шагал уваходзіць у рэйтынг самых папулярных мастакоў сярод выкрадальнікаў карцін.

2.jpg

Марк Шагал.«Кубістычны пейзаж», 1918, крыніца: artchive.ru

У гэтым ён саступае толькі Пабла Пікасо і Жаану Міро. Зніклымі лічацца больш за 500 работ Шагала.

Ілля Дняпроўскі, budzma.org

Чытайце яшчэ: Дзе глядзець Шагала: 8 сусветных музеяў