Восень — выдатны час, калі можна зазямліцца і правесці ўтульны вечар за праглядам добрага кіно. Budzma.org падрыхтавала падборку фільмаў і серыялаў з сапраўдным восеньскім вайбам — ад містычных мульцікаў да неўміручай класікі.
Год: 1991
Жанр: чорная камедыя
Рэжысёр: Бары Соненфельд

Другі год запар серыял пра маленькую вядзьмарку Венсдэй б’е ўсе рэйтынгі. А мы прапануем вярнуцца да вытокаў і ўспомніць старую класіку — «Сямейку Адамс». Гэта чорная камедыя ў гатычным стылі пра эксцэнтрычную сям’ю, якая жыве па сваіх правілах, далёкіх ад агульнапрынятых. Бацькі Венсдэй — Гомес і Марціша — занадта занятыя адно адным, каб сачыць за дзецьмі. Таму дзяўчынка праводзіць небяспечныя эксперыменты над малодшым братам Пагслі і даследуе свет, знаходзячы прыгажосць у тым, што іншыя лічаць дзіўным ці жудасным. Фільм для ўсёй сям’і з атмасферай хэлоўінскай містыкі.
Год: 1990
Жанр: трылер, дэтэктыў
Рэжысёр: Дэвід Лінч

Адзін з самых знакамітых фільмаў культавага Дэвіда Лінча. У туманным правінцыйным гарадку загадкава знікае Лора Палмер. Каб раскрыць гэтую справу, у Твін Пікс прыязджае агент ФБР. Але чым даўжэй ён застаецца ў горадзе, тым больш дзіўных і трывожных таямніц пра мясцовых жыхароў адкрываецца. Гарадскія дзівакі, правінцыйныя бары і дажджлівыя вуліцы Твін Пікса ствараюць унікальны антураж.
Трывожная атмасфера, перапляценне сноў і рэальнасці фарміруюць сюррэалістычны і непаўторны свет Дэвіда Лінча.
Год: 2018–2020
Жанр: містыка, драма
Рэжысёр: Раберта Агірэ-Сакаса

Яшчэ адзін серыял пра маладую вядзьмарку. Толькі, у адрозненне ад эпатажнай Венсдэй, Сабрына спрабуе хаваць свае здольнасці і балансаваць паміж містычным светам і звычайным жыццём. Як звычайнага падлетка, яе хвалююць тыя ж праблемы, што і яе аднагодкаў — каханне, сяброўства і самарэалізацыя. Але разам з тым Сабрына валодае асаблівай сілай, якая робіць яе жыццё і прыгоды яшчэ больш небяспечнымі і захапляльнымі.
Крыху містыкі, таямніц і душэўных размоваў пры свечках — тое, што трэба, каб добра правесці восеньскі вечар.
Год: 1989
Жанр: драма
Рэжысёр: Пітэр Уір

Восень, заняпад, паэзія — прыблізна такі настрой пануе ў студэнцкім кампусе ўніверсітэта Уэлтан. Падзеі адбываюцца ў 1950-х гадах. Сюды прыходзіць настаўнік Джон Кітынг, які вучыць вучняў бачыць свет інакш, жыць тут і цяпер і адважна выказваць свае думкі праз паэзію.
Канфлікт паміж традыцыяй і свабодай духу, характэрны для таго часу, з’яўляецца адной з галоўных тэм фільма.
Год: 2016
Жанр: драма, паэтычны фільм
Рэжысёр: Джым Джармуш

Патэрсан — кіроўца аўтобуса, які жыве спакойным, ціхім жыццём разам са сваёй дзяўчынай Лаурай. Кожны яго дзень падобны на папярэдні, але ў гэтым звычайным рытме ёсць нешта выключнае — вершы, якія ён піша на каленях на аўтобуснай станцыі. Лаура, наадварот, вядзе насычанае жыццё, поўнае падзей і эмоцый.
Фільм амаль медытаўны, з прыгожымі халоднымі пейзажамі, і па атмасферы нагадвае японскія хоку — дапамагае знайсці прыгожае ў штодзённым жыцці.
Год: 1978
Рэжысёр: Інгмар Бергман
Жанр: псіхалагічная драма

Знакамітая стужка пра складаныя адносіны паміж маці і дачкой. Пасля сямі гадоў маўчання яны зноў сустракаюцца, каб паспрабаваць аднавіць сувязь. Эва (дачка) жыве ціхім, спакойным жыццём разам з мужам, у той час як яе маці, Шарлота, — таленавітая і паспяховая піяністка, якая імкнецца да прызнання і поспеху.
«Раней я спрабаваў іх утаймаваць і настаўляць, але з гадамі памудрэў і навучыўся дазваляць ім паводзіць сябе так, як яны хочуць. Гэта прывяло да таго, што нянавісць сцямнела і ўмацавалася: дачка не можа дараваць маці», — успамінаў Бергман у сваіх мемуарах.
Пахмурнае надвор’е і санаты Шапэна адлюстроўваюць унутраны стан герояў, напоўнены смуткам і болем.
Год: 1993
Рэжысёр: Генры Сэлік
Сцэнарый: Цім Бартан
Жанр: анімацыйны фэнтэзі-мюзікл

Вы калі-небудзь задумваліся, адкуль у Хэлоўінскую ноч з’яўляюцца пачвары і куды яны знікаюць пасля? Цім Бартан у сваім анімацыйным фільме стварыў для іх асобны горад — Хэлоўін. У ім жыве Джэк Скелінгтан, сумны «кароль жахаў», які стаміўся з года ў год пужаць людзей.
Аднаго дня ён выпадкова трапляе ў іншы свет і бачыць, як Санта-Клаус рыхтуецца да Калядаў. Джэк у захапленні: вось яно, светлае, радаснае свята, якое прыносіць людзям шчасце, а не страх. І тады яму прыходзіць у галаву ідэя — скрасці Санту і самому ўзяць на сябе яго ролю. Жыхары горада Хэлоўіна радасна падтрымліваюць задуму... але ўсё ідзе зусім не так, як хацеў Джэк.
Год: 2022
Рэжысёр: Марцін МакДонах
Жанр: драма, чорная камедыя

Даждлівыя ірландскія пейзажы, шэрае мора і маленькія пабы, дзе мясцовыя збіраюцца, каб правесці сумныя вечары: у такой атмасферы разгортваюцца падзеі фільма «Баншы Інішэрына».
Паміж Колмам і Падрэйкам, даўнімі сябрамі, якія часта любілі прапусціць па кілішку ў пабе, раптам узнікае канфлікт. Колм без тлумачэння прычын пачынае ігнараваць сябра і нават пагражае нашкодзіць сабе, калі той паспрабуе аднавіць размову.
Гэта іранічная гісторыя пра жыццё ірландскай вёскі на пачатку XX стагоддзя і пра складанасць чалавечых адносін, дзе сяброўства, гонар і эмоцыі часта супярэчаць адно аднаму.
Год: 2017–2019
Рэжысёр: Мойра Уэбер
Жанр: гістарычны, сямейны, драма

Гістарычны серыял пра дзяўчынку-падлетка Эн, якая трапляе з прытулку ў прыёмную сям’ю. Для апекуноў гэта было нечаканым: яны спадзяваліся ўсынавіць хлопчыка, які мог бы дапамагаць на гаспадарцы. Перад Эн стаіць складаная задача — растапіць сэрцы сваіх новых апекуноў, каб застацца ў сям’і.
Рамантычная і светла-меланхалічная стужка, у атмасферы восеньскіх кветак, апалага лісця і ціхіх, задуменых вечароў, якую можна паглядзець усёй сям’ёй.
Год: 2014
Рэжысёры: Тайка Вайціці
Жанр: камедыя, псеўдадакументальны

У кагосьці пахмурнае надвор’е выклікае смутак, але толькі не ў герояў фільма. В'яга, Уладзіслаў, Дзікан і Пётр — вампіры, якія баяцца сонечнага святла, жывуць у адным вялікім халасцяцкім доме. Нягледзячы на тое, што яны з розных эпох і валодаюць рознымі манерамі і звычкамі, усе яны знаходзяць агульную мову.
Серыял зняты як псеўдадакументальнае кіно: у кожнага вампіра бяруць інтэрв’ю, дзе ён распавядае пра сваё жыццё. Нягледзячы на містычную і змрочную атмасферу за кадрам, серыял поўны гумару, жартаў і іроніі, што робіць яго лёгкім і прыемным для прагляду.
М. К., Budzma.org