У салідарнай беларускай дапамозе маюць патрэбу людзі, праекты, арганізацыі, пашкоджаныя святыні. Мы зрабілі падборку магчымасцяў праявіць салідарнасць і аказаць падтрымку тым, каму яна неабходная прама цяпер. Можна падтрымаць ахвяраваннем, а калі такой магчымасці няма, то зрабіць рэпост альбо нават проста паставіць лайк у сацыяльных сетках, таксама будзе карысна.
1. Падтрымаць грамадскую арганізацыю «Звяно» і яе рэабілітацыйны цэнтр «Ланка»
Ва Украіне з ліпеня 2023 года беларускіх і украінскіх ваяроў з фронту прымае рэабілітацыйны цэнтр «Ланка». Гэта прыватная ініцыятыва, яна мае патрэбу ў пастаяннай фінансавай дапамозе, каб працягваць працу.
Кіраўніца фонду, вядомая беларуская грамадзянская актывістка Таццяна Гацура-Яворская гаворыць, што для стабільная працы лепш заўсё мець падпіскі на ахвяраванні: «Новыя падпіскі — наша стабільнасць і ўпэўненасць у заўтра, каб не даводзілася кідаць SOS. Таму заклікаю вас падпісвацца нават на 5 даляраў у месяц».
Таццяна Гацура-Яворская, фота з Фэйсбука
Таксама Таццяна Гацура-Яворская просіць лайкнуць старонку арганізацыі ў Фэйсбуку. Пагадзіцеся, гэта зусім няцяжка.
Падтрымаць рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» аднаразовым данатам або падпіскай.
2. Паспрыяць выданню дапаможных гайдаў для сямей з дзецьмі ў эміграцыі
Каманда праекта «Бацькоўскі шчыт» распрацоўвае гайды па розных краінах, дзе будзе распісана, куды звяртацца з рознымі праблемамі беларускім сем’ям з дзецьмі ў замежжы.
Каманда абяцае стварыць поўную інструкцыю па тым, куды звяртацца, калі:
— дзецям патрэбны вакцыны, бясплатная меддапамога
— у сямей ёсць патрэба ў часовым жыллі і сацвыплатах
— трэба ўладкаваць дзяцей у садок
— прапала дзіця і інш.
У матэрыялах будзе поўны пералік арганізацый і службаў, іх кантакты, апісанне паслуг — сацыяльных, псіхалагічных, медыцынскіх і юрыдычных. Гайды таксама будуць уключаць інструкцыі па дзеяннях у экстранных сітуацыях, што дапаможа беларусам і беларускам хутка і эфектыўна рэагаваць на розныя выклікі. Навігацыйныя гайды дужа зэканомяць час і сілы для беларускіх сямей, якія пражываюць у самых папулярных для эміграцыі краінах: Польшчы, Літве, Грузіі, Латвіі, Украіне і Турцыі.
Гайды будуць апублікаваны ў адкрытых крыніцах і даступны ўсім жадаючым.
3. Паўдзельнічаць у Тыдні салідарнасці з мастачкай Нінай Маргаевай
Беларуская Рада культуры абвесціла Тыдзень салідарнасці з мастачка Нінай Маргаевай. Усе данаты, якія паступяць у @radakultury цягам гэтага тыдня, будуць перададзены мастачцы.
2 гады таму Ніна Маргаева з 12-гадовым сынам Міронам была вымушаная выехаць з Беларусі ў Польшчу, дзе атрымала статус дадатковай абароны. У студзені 2023 года ў Варшаве ў Ніны дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз (БАС). На дадзены момант гэтая хвароба з’яўляецца невылечнай.
«Я здымаю кватэру, утрымліваю сына і пакрываю ўсе выдаткі на лячэнне. У цяперашні час мой фізічны стан значна пагоршыўся (не магу рухацца без падтрымкі, рукі амаль не працуюць, худнею), і мне патрэбна дапамога апекуна, якому таксама трэба плаціць», — напісала Ніна ў абвестцы.
4. Дапамагчы ў выданні кнігі «Гэй ты, братка Новы годзе» (Навагоднія песні з нотамі)
Пад адной вокладкай будуць сабраныя навагоднія зімовыя вершы беларускіх паэтаў, якія, дзякуючы таленту Таццяны Грыневіч-Матафонавай, сталі песнямі, што будуць ствараць штогод святочны настрой у халодныя зімовыя вечары.
Чытайце яшчэ: Таццяна Грыневіч-Матафонава: Беларусь мы захаваем. Немагчымага няма
Будзе прыкладзены QR code для праслухоўвання гэтых песень + караоке.
Таксама бонусам будзе плэйліст «З Новым годам» — нізка дзіцячых навагодніх вершаў і песень, якая стваралася пачынаючы ад 2011 года.
5. Паспрыяць стварэнню тэатральнай пастаноўкі «Ордэн Белай Мышы» па матывах твора Уладзіміра Арлова
«Гэты спектакль — размова пра час і пра сябе. Як мы жывем сёння і што нас чакае ў будучыні. Мы паразважаем на тэму мастака і ўлады ў сучасным грамадстве. Жанр прытчы-казкі абраны не выпадкова. Бо, калі размаўляеш на сур’ёзныя тэмы, заўсёды знойдзецца месца для гумару, іроніі і самаіроніі, жартаў і больш лёгкага ўспрымання рэчаіснасцi», — пішуць стваральнікі спектакля.
Каманда праекта плануе на працягу бліжэйшых шасці месяцаў паказаць спектакль больш за 10 разоў у Варшаве і іншых польскіх гарадах. А таксама выехаць на гастролі ў Еўропу.
У каманду ўваходзяць Ігар Сігоў, Святлана Зелянкоўская, Андрэй Бардухаеў-Арол, Дзіяна Балыка, Раман Арлоў і інш.
6. Падтрымаць выданне кнігі пра футбол на Аршаншчыне
«Абсалютная бальшыня кніг пра спорт у Беларусі пішацца на чужой мове і без уліку нацыянальнай гісторыі, не з нашага, а з чужаземнага пункту гледжання. Настаў час змяніць сітуацыю!» — лічыць аўтар кнігі «На „Старт“ і ў „Тэмпе“. Ножны шпурляк на Аршаншчыне» журналіст Арцём Сізінцаў.
Ён пачаў пісаць гісторыю ножнага шпурляку на Аршанчыне яшчэ ў 2011 годзе: збіраў звесткі ў архівах і бібліятэках, размаўляў з гульцамі, заўзятарамі, журналістамі. Апроч фактаў, лічбаў і табліцаў, у кнізе шмат цікавых, а часам і смешных гісторый.
Аўтар паставіў сабе за мэту таксама даследаваць і папулярызоўваць старую забытую і новую незаўважаную яшчэ ўласнабеларускую спартовую тэрміналогію.
Кніга выйдзе напрыканцы 2024 года ў выдавецтве «Скарына».
7. Дапамагчы падкасту «Сярожа.бай»
Сяргей вядзе падкаст пра беларускую гастранамію: «Падкаст, дзе я бяру інтэрв’ю ў шэф-кухараў, рэстаратараў , заснавальнікаў бізнесу ў сферы індустрыі харчавання. Ёсць відэа і аўдыёпадкасты. На мой погляд, менавіта ежа фармуе культурны код беларускіх гарадоў і таксама расказвае гісторыю розных людзей. І мая місія, у тым ліку, адкрываць вам гэтых людзей і расказваць цікава пра ежу».
Сяргей збірае на тэхнічнае абсталяванне дзеля якасных падкастаў.
8. Паспрыяць выданню кнігі для дзяцей і дарослых «Аэрапорт для жывёл»
Сюжэт кнігі журналісткі Вольгі Дэксніс: «Сям’я з двума дзеткамі „рэлакуецца“ з Беларусі ў Грузію пасля 2020 года. Дружная чацвёрка бачыць на сваім шляху прыгожую натхняльную прыроду гор, захапляецца дэльфінамі ў моры, сустракае выдатных людзей, як мясцовых, так і прыезджых, адкрывае для сябе смачную кухню, але не толькі... Яны ж сутыкаюцца з востра-сацыяльнай праблемай — бяздомнасцю жывёл, дзясяткамі тысяч такіх сабак па ўсёй краіне (а гэта, на хвіліначку, як два родныя гарады аўтара)».
«Кніга змяшчае ў сабе шмат сэнсаў: пра эміграцыю і пачатак жыцця з нуля ў новай краіне, пра добрыя справы і валанцёрства, пра любоў у сям’і, пра прыгажосць прыроды і вандроўкі, пра „вар’яцкія“ (у добрым сэнсе) ідэі і рэалізацыю дзіцячых мар, і яшчэ шмат пра што! — піша Вольга Дэксніс. — Апошнія гады на беларускай мове для нашых дзетак выходзіць вельмі мала кніг. А літаратуры пра пражыванне/рэфлексію дзяцей у эміграцыі — і пагатоў. Пісаць і выдаваць кнігу — затратная справа, як па часе, так і па эмоцыях, не кажучы ўжо пра сродкі. Для аўтара ж выдаць гэту дзіцячую кнігу — значыць, падтрымаць нацыянальную ідэю і захаваць сваю ўласную ідэнтычнасць».
9. Падтрымаць Беларускі ПЭН
«Калі вы таксама бачыце сэнс у тым, што робіць Беларускі ПЭН / PEN Belarus, то буду вельмі рада, калі дапаможаце нам рабіць маленькія і вялікія подзвігі на Патрэоне або праз аднаразовы данат на страйпе (па змоўчанні тут стаіць 50 PLN [~10 EUR]), але суму падтрымкі можна памяняць у любы бок)», — піша ў сваім Facebook старшыня ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай.
Моцы выдавецтву Połackija Łabirynty можна надаць праз набыццё кнігі тут. На гэты момант усе праекты выдавецтва некамерцыйныя:
— набываючы кнігу «Алесь» Алеся Бяляцкага, вы падтрымаеце палітвязняў;
— набываючы «Іліяду» Гамера, падтрымаеце беларускіх творцаў;
— набываючы «Блуканца» Карласа Шэрмана, падтрымаеце ўсё той жа Беларускі ПЭН.
10. Дапамагчы Будслаўскаму касцёлу
Касцёл паведамляе, што рэалізуецца план рэстаўрацыі святыні, які пацярпеў ад пажару ў 2021 годзе.
Будслаўскі касцёл, ліпень 2024
Першая чарга рэстаўрацыі касцёла — умацаванне падмуркаў — ужо завершаная. Зараз ідуць працы па аднаўленні даху святыні пасля пажару. Плануецца, што гэтыя працы будуць завершаны да канца кастрычніка.
Трэцяя чарга рэстаўрацыі: фасады святыні і тэрыторыя вакол. Чацвёртая чарга: працы ўнутры касцёла.
Асноўнай праблемай зараз з’яўляецца недахоп сродкаў. На сёння сабрана 1 446 207 беларускіх рублёў.
Зрабіць ахвяраванне на аднаўленне і рэстаўрацыю касцёла можна па спасылцы.
Budzma.org