Спявачку Таццяну Грыневіч-Матафонаву ў 2020-м называлі «першай скрыпкай пратэстаў» — яе канцэрты праходзілі ў дварах, ля Чырвонага касцёла. Як і многім беларусам, Таццяне прыйшлося пакінуць краіну. Зараз спявачка жыве ў Турцыі і працягвае беларускую справу: туры ў Польшчы і ЗША, музычныя, адукацыйныя праекты, да выхаду рыхтуецца навагодняя складанка.
У інтэрв’ю Budzma.org Таццяна Грыневіч-Матафонава распавяла пра тое, у чым ёй дапамагло выгнанне ў Стамбул, як ідзе праца над новым праектам, а таксама падзялілася карыснымі спасылкамі на адукацыйныя матэрыялы для дзетак па-беларуску.
Таццяна Грыневіч-Матафонава
— Не адкажаш так проста, хто я зараз, — гаворыць спадарыня Таццяна пра свой сённяшні род заняткаў. — Увогуле я ж даўно працую на ніве беларушчыны, асветніцай мяне называюць — з 2005 года мы займаемся падрыхтоўкай матэрыялу для школак, для дзяцей, для сем’яў беларускіх. Хаця, канечне, час ідзе, можа быць, новае пакаленне беларусаў, што падрасло ды сваіх дзяцей ужо гадуе, пра нашу працу, можа, і не чулі. Але ўпэўнена, што плён быў і будзе.
Дзе толькі ёсць мажлівасць, я нясу гэтыя зярняткі беларушчыны, перадаю ўсім, з кім сустракаюся.
Таццяна Грыневіч-Матафонава
Мяне закінуў лёс у Стамбул у 2020-м, вось ужо чатыры гады я тут. Але выбіраюся ў свет — адсюль ужо былі два туры па Амерыцы і два туры па Польшчы. Вось у Польшчы: Беласток, Гайнаўка, Люблін, Студзіводы (невялікая вёсачка, дзе беларусы Беласточчыны зладзілі музей беларускай культуры), Варшава, Гданьск, Познань, Уроцлаў і Кракаў. У ЗША таксама не менш чым 10 гарадоў праехалі. Як мага больш мне трэба было ахапіць гарадоў, дзе ёсць беларусы. Каб несці беларускую песню, танец, гульні, любоў да беларускага. Гэтая дзейнасць пайшла яшчэ з часоў у Беларусі, калі я супрацоўнічала з «Будзьма беларусамі», больш за дзесяць гадоў была актыўнай удзельніцай кампаніі. З паэтам Міхасём Скоблам мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, несучы беларускія слова і песню ў народ.
— Але чаму Стамбул, даволі экзатычна для дзяячкі на ніве беларушчыны...
— Я застаюся ў Стамбуле, бо тутака знайшла свой лёс. Гэта чалавек турэцкі, які вельмі дапамагае, вельмі добра ставіцца да маёй працы, да дзейнасці, хаця сам не беларус. Але некаторыя словы беларускія ўжо вывучыў і вучыць. Нават песні, якія я спяваю, ён таксама запамінае. Аднойчы праспяваў Сержуку Сокалаву-Воюшу: «Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю». Сяржук такі узрадаваны быў, кажа, прыязджайце ў Амерыку. Сабры зараз — мой самы блізкі беларускі чалавек. Ды і імя ж такое — калі я кажу Сабры, Сабры, усе думаюць, я пра сяброў нешта гавару. Кажу, не, гэта імя яго Сабры, вось такое беларускае аказалася. Ён ва ўсім мне дапамагае. І нават тры дні шукаў са мною ў ваколіцах Стамбула валошкі, мне спатрэбілася дзеля мастацкай задачы. Не знайшлі. Але адданасць гэтага чалавека любым маім беларускім ідэям дапамагае не згубіць імпэт далей займацца беларускай справай.
Таццяна Грыневіч-Матафонава і Сабры
— У Стамбуле ёсць беларускія асяродкі?
— Беларусы тут ёсць. Але, відаць, яны ў большасці сваёй расійскамоўныя, і ім не так і цікавая беларуская культура. Дый горад вельмі-вельмі вялікі, 100 на 40 кіламетраў, таму нават калі і сабрацца, то дзве гадзіны трэба ехаць на сустрэчу ў адзін бок. Карацей, гэта цяжкавата, і відаць, яны не адчуваюць такой каштоўнасці беларускага, што ім трэба губляць столькі часу.
Але стараюся знаходзіць штосьці беларускае і неяк натрапіла на афішу беларускай вечарыны. Думаю, канечне, я пайду туды. Апранула строй, узяла скрыпачку, гітару, прыходжу — а гэта прыехала з Беларусі група на некалькі тыдняў і захацела зрабіць беларускую вечарыну. На жаль, усё было па-расійску, то-бок распавядалі пра Беларусь, але па-расійску. Ну я і папрасіла ў іх 20 хвілінак. Карацей, дадала гэтага беларускага смаку — песнямі, гульнямі, танцамі. Нават на выпаленым полі я знаходжу, дзе прымяніць гэта ўсё. І была моладзь там якраз беларуская — нарэшце я ў Стамбуле знайшла вушы:). Першы раз я паказала сваю праграму, другі раз — як калісьці ў беларускіх школках — пра гісторыю нашу, культуру, пра тое, што паспела за кароткі час. Мы слухалі галасы паэтаў, разам спявалі «Купалінку», калыханку. Сеем зярняты.
Таццяна Грыневіч-Матафонава
Ну і калі едуць беларусы ў Стамбул, шукаюць, а што ж у гэтым горадзе ёсць беларускага, гугляць і знаходзяць, канечне, мяне. Ну, канечне, ёсць тут і музей Міцкевіча, і Агінскі жыў нейкі час, Саламея Русецкая свае «Авантуры» пісала. Паўстанцы, як тады ехалі сюды ў эміграцыю — нават вёска ёсць з тых часоў Polonezköy, ці Адамполь, то зараз я сюды прыехала ў гэткую ж эміграцыю. Так лёсы пераклікаюцца. Вось і натрапляюць беларусы на мяне. І, канечне, сустракаемся, я ваджу па Стамбуле, расказваю, часам бяру з сабой гітару, каб паспяваць, а зараз яшчэ знайшла такую кафэшку на азіяцкім беразе, там белы раяль. Прыводжу сяброў, п’ем гарбату, і тады я сядаю за раяль, спяваю беларускія і турэцкія песні.
У кожным моманце, у кожнай сітуацыі можна знайсці, як зярняткі пасадзіць. У любой сітуацыі можна дадаць беларушчыны. Таму бярыце прыклад, засейвайце.
— Вось ваш новы праект на беларускім полі — складанка навагодніх песень «Гэй ты, братка Новы годзе», што гэта будзе?
— Гэта — кніга. Пад адной вокладкай мы сабралі навагоднія зімовыя вершы беларускіх паэтаў, а я зрабіла іх песнямі, якія будуць ствараць штогод святочны настрой узімку. Будзе таксама прыкладзены QR code для праслухоўвання гэтых песень + караоке. І бонус — плэйліст «З Новым годам» — нізка дзіцячых навагодніх вершаў і песень, якая стваралася пачынаючы ад 2011 года.
Неяк найшло на мяне натхненне — і я напісала музыку на 15 навагодніх вершаў. Сын Адась зрабіў больш цікавыя аранжыроўкі, і прыйшла думка, што было б цудоўна іх выкласці ў кнізе.
Мы распачалі збор на гэтую кніжку. Калі раптам хто падтрымае, буду вельмі-вельмі ўдзячна, таму што, канечне, кніжку выдаць нялёгка, але мы яе выдадзім у любым выпадку. А будзе падтрымка — будзе зразумела, што не толькі мне гэтая кніжка трэба, а камусьці яшчэ.
Кніжачку ў пдф-фармаце на сайты пакладзем, каб кожны мог карыстацца, таму што важна проста матэрыялы мець. А ўвогуле навагодніх песень можа быць не адна-дзве, не дзесяць-трыццаць, а неабмежавана. Таму не толькі я адна няхай працую на гэтую тэматыку, няхай усе далучаюцца, хто можа.
Складанка навагодніх песень ад Таццяны Грыневіч-Матафонавай
— Будзе запатрабавана?
— Разумееце, я памятаю, як гадавала свайго сына — ён нарадзіўся ў 2000 годзе. Тады матэрыялаў для беларускамоўных бацькоў, можна сказаць, увогуле не было. Тады ж мы са Змітром Сідаровічам і пачалі наш першы праект — гэта «Дзіцячы альбом». Выйшла тры часткі, першы дыск — у 2010 годзе, на ім было 27 беларускіх народных песень для дзяцей у арыгінальных апрацоўках. Выконвалі самі дзеці, мой Адась і Тамаш Сідаровіч. І дыск вельмі стаў папулярны і сярод бацькоў, і ў садках, і ў школках.
А так жа не было нічога нашага. Бацькі гадавалі сваіх дзяцей на песеньках з «Саюзмультфільма» па-расійску. Што праўда, тады я натрапіла на цудоўную касету «Азбука для маленькіх», агучаную нашымі акторамі, я памятаю, Юрась Жыгамонт удзельнічаў у гэтым і дзіцячы хор. Вось гэта быў адзіны каштоўны матэрыял па-беларуску. Тады мой сын гартаў кніжачку-азбуку Рыгора Барадуліна, а тут яшчэ да яе і касета прыдалася. Гэта дапамагло Адасю хутчэй вывучыць усе літары, бо гартаў кніжачку, слухаў песенькі пра ўсе гэтыя літары і г. д. Вось гэта быў адзіны матэрыял, які стаў вельмі карысным. І праз гады я гэтую касету знайшла дома. Калі ездзіла апошні раз у Амерыку, то Сяржук Сокалаў-Воюш дапамог мне перавесці гэтую касету ў лічбавы фармат, а я вывесіла на YouTube-канале ў сябе, каб цяперашнія бацькі маглі сваім дзецям ставіць гэтыя песенькі і вершыкі. Дарэчы, ужо ёсць новае выданне той самай «Азбукі» Барадуліна. Таму падкідваю ідэю бацькам — як гадаваць дзяцей.
Таццяна Грыневіч-Матафонава з сынам Адасем
— А калі казаць пра сёння, ці хапае зараз беларускіх дапаможнікаў, дзіцячых альбомаў, кніжачак?
— Відаць, нам можна рабіць гэта бясконца. Таму што ў параўнанні з іншымі краінамі, там, дзе дзяржава гэтым апякуецца, у нас усё роўна гэтага мала. І трэба рабіць бесперапынку. Канечне, гэтага ўжо больш стала, чым 20 гадоў таму, але ўсё роўна не дастаткова. Ды і каб на кожны густ было... Я займаюся калыханкамі ўжо доўгі час. І як зазірнеш у інтэрнэт — расейскіх, турэцкіх, літоўскіх, польскіх калыханак багата, не будзе канца і краю ім. А ў нас дагэтуль недахоп.
Ну, вось Сяржук Доўгушаў зараз рыхтуе. Ён свой зборнічак калыханак рыхтуе, я свой. Трэба гэтыя нішы таксама закрываць. Сяржук вядзе апытанкі ў Facebook, і аказваецца, для калыханак беларусы выкарыстоўваюць што заўгодна: і тую ж «Пагоню», і ўвогуле любыя песні. Але быў жа цэлы пласт народнай калыханкі, а яго падзабылі. Яны, канечне, ёсць у нотах, напрыклад, выданне «Дзіцячы фальклор», але ноты ж не кожны чытае.
Таму, куды ні глянь — неаранае поле, і трэба яго араць і рабіць.
Шмат чаго не хапае. У свой час мы рабілі дапаможнік па беларускай літаратуры «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі. Альбом школьных вершаў». Гэта складанка са 106 вершаў, там іх у нас чыталі Зінаіда Бандарэнка, Зміцер Бартосік, Сяргей Дубавец, Юрась Жыгамонт, Сяржук Сокалаў-Воюш. Некаторыя чыталі самі аўтары — Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, вершы Артура Вольскага прачытаў ягоны сын Лявон.
Гэта такая важная праца была для школы, так я тады спадзявалася, што Міністэрства адукацыі зможа распаўсюдзіць яе. Але яны глянулі, хто начытваў гэтыя вершы, і сказалі: «Не-не-не, вы — асветнікі, на вас трымаецца беларуская мова, вы далей працуйце, распаўсюджвайце, але мы, мы нічым не дапаможам». Пасля гэтага я шмат што зразумела. Яны не тое, што распаўсюджваць не дапамогуць, яны нічога ўвогуле не зробяць самі для беларускіх дзяцей.
А ў іншых краінах гэта ж дзяржава робіць. А тут мы адмыслоўцы, ці проста людзі, якія хочуць захаваць беларускасць, самі на сваіх інтарэсах прыватных цягнем гэтую справу, на сваіх плячах. І шмат такіх беларусаў ёсць, якія гэта робяць.
Другі дапаможнік «Сотня вершаў» — вершы для выразнага чытання і вершы, якія былі выкінутыя са школьнай праграмы. Трэці дапаможнік — «Галасы паэтаў». Была задума запісаць галасы сучасных паэтаў, але сёння мы сучаснікі, а заўтра мы ў гісторыі, таму таксама па архівах, па знаёмых шукала, дзе касеты засталіся, дзе вінілы, і ў выніку 60 галасоў беларускіх паэтаў на адным носьбіце сабрала. Далей, канечне, калі ўжо завершылі гэтую працу, зразумелі, што не ўсе ахопленыя нашыя паэты. І зараз яшчэ дадаткова каля 20 галасоў сабралі. Спадзяюся, у недалёкай будучыні таксама змагу выдаць.
А яшчэ ж быў дыск — дапаможнік па беларускіх народных танцах. Разам са Змітром Сідаровічам у далёкім 2008 годзе мы пачалі адраджаць беларускі народны танец, стварылі гурт, пасля ён займеў назву капэла «На таку». І шмат гадоў мы рабілі гэта ў Мінску, выязджалі ў Маладзечна, Барысаў, Баранавічы — ды не ўспомніць усе гарады. Шмат выязджалі, шмат запалілі беларускіх сэрцаў. А ў апошнюю вандроўку па Польшчы я ў Познані патрапіла да суполкі «Спеўны сход». Кажу, а чаму вы не таньчыце? «Ой, а ў нас няма матэрыялу, мы не ведаем». Я падзялілася, паказала, расказала як. І праз некалькі месяцаў яны распачалі танцы. Таму трэба сеяць зярняткі, падказваць, што можна арганізаваць, як можна арганізавацца. І матэрыялы, канечне. У мяне ёсць на сайце hrynievich.com, на YouTube. Калі ласка, бярыце, карыстайцеся.
— Як вы лічыце, а ці можна захоўваць і развіваць беларускую культуру, адукацыю ў выгнанні? Ці магчыма гэта ўвогуле?
— Яна мусіць і будзе захоўвацца і развівацца.
Пакуль будзе жыць апошні беларус (нават у выгнанні), Беларусь будзе жыць. Таму што Беларусь жыве ў нас, у тых, хто нясе песні, культуру, танцы ў сваім сэрцы, Беларусь ёсць, яна не загіне, пакуль мы будзем. Таму трэба не пакідаць яе. Часам так, рукі апускаюцца, падаецца ўсё гэта марным, нічога няма. Але гэтых думак дапускаць нельга. Пакуль мы ёсць, пакуль мы працуем, пакуль мы робім, яно будзе жыць.
Калісьці, як мне Ала Орса-Рамана ў Нью-Ёрку расказвала, пасля вайны ў свеце такой нацыянальнасцю — беларус — запісваць не хацелі, «бо няма такой, пішыце: расіец, паляк, украінец». У той час было горш, але яны не складалі рукі. Той жа ансамбль «Васілёк» пад кіраўніцтвам Алы Орса-Рамана з беларускімі танцамі аб’ездзіў Амерыку, Еўропу — даводзілі ўсяму свету, што Беларусь ёсць. Урэшце з’явілася і краіна, і можна было запісацца беларусам, і гэта дасягненне было, гэта шчасце.
Кожная нейкая дробязь была поспехам, перамогай для таго пакалення. Яны не вярнуліся ў Беларусь, але дзеля таго, каб мы сталі Беларуссю, яны міліметр за міліметрам адваёўвалі гэтую прастору інфармацыйна, культурна. Паказвалі, што беларусы і Беларусь ёсць. Зараз сітуацыя нашмат лепшая.
Таццяна Грыневіч-Матафонава
— У Стамбуле, пэўна, яшчэ больш складана, чым у Варшаве ці Вільні?
— А вось скажу, што выгнанне ў Стамбул мне нават дапамагло. Бо пакуль я была ў Беларусі, то за канцэртамі, за вандроўкамі, за танцамі па ўсёй краіне — мне не хапала часу на творчасць вось такую больш шчыльную, на нешта самаадукацыйнае. У Стамбуле ж, як у мяне шмат часу, то я пачынаю песні складаць. Рабіла песенькі, напрыклад, на словы Андрэя Кузнечыка. Ён жа там за кратамі піша сваім дзеткам. То вось на два вершыкі атрымалася музыка. Андрэю дайшла гэтая інфармацыя, што ў яго ёсць ужо песні дзве, то ён кажа: о, я стаў паэтам-песеннікам. Вось хаця б такім чынам падтрымаць. Бо матэрыяльна неяк, фізічна, я не магу падтрымаць, а вось хаця б эмацыйна, духоўна падтрымаць тых, хто за кратамі.
Ці вось гэты мой YouTube-канал. Раней падавалася — гэта фантастычнае нешта, калі людзі робяць відэа, апрацоўваюць відэа. Гэта здавалася нерэальным. А тут у Стамбуле быў час, то я авалодала праграмкай Vegas, сама пачала манціраваць, і на ўсе песенькі, якія ў мяне ўжо былі, я зрабіла відэаролікі мульцяшныя. То-бок ва ўсім трэба знайсці свае нейкія плюсы.
Разумееш, што так, эміграцыя гэта кепска, але плюсы нейкія ў гэтым ёсць, ёсць час вельмі шчыльна заняцца беларускай культурай.
Ніколі не думала, што дойдзе да таго, што прыйдзецца выдаць кніжачку. Падавалася, як гэта? Адна сядзіш у Стамбуле — і як гэта можна зрабіць? Усё можна.
У чалавека немагчымага не бывае. Калі ёсць жаданне, ён усё зробіць. І Беларусь мы захаваем. І беларускую культуру адродзім. Таму што немагчымага няма.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org