Ці можна прышчапіць любоў да кагосьці альбо чагосьці загадам альбо нейкай разнарадкай? «А ну-ка, любі Родзіну на раз-два-тры! А зараз пацісьніце адно адному рукі — усё, вы сябры навек!» — ну глупа ж, праўда? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разважае пра гэткую супярэчлівую зьяву, як... беларускае народнае адзінства.
Ну што ж, вось і адгрымеў Дзень народн... А, не, не адгрымеў. Ну вось вы асабіста заўважылі афіцыйны Дзень народнага адзінства? Сьвяткавалі? Парвалі тры баяны?
Святочны Валера Руселік. Фота з архіву аўтара
Кіроўны рэжым у Беларусі даўно ператварыўся ў гэткага «Мідаса наадварот». Вось толькі калі ад дотыку легендарнага фрыгійскага цара ўсё ператваралася ў золата, то ў гэтых нязьменна атрымліваецца зусім іншая субстанцыя. Патрыятызм ператварылі ў зьнішчэньне ўсяго беларускага на карысьць расейшчыны. Пад штандарам добраўпарадкаваньня руйнуюць гістарычную спадчыну. Клопат пра нараджальнасьць прывёў да дэмаграфічнае катастрофы. Пад енкі пра мірнае неба ўцягнулі краіну ў вайну, ды яшчэ і ў якасьці суагрэсара. Божа ты мой, ды нават імпэрская мянушка — «бульбашы», зь якою лётаюць як зь пісанай торбай — і тая не ўратавала ад зьнікненьня бульбы з крамаў сёлета!
Ну вось і з тым народным адзінствам — аналягічная гісторыя.
У краіне шосты год працягваецца вайна супраць народу, супраць усяго беларускага й супраць якога-колечы іншадумства. Частку грамадзянаў пасадзілі за краты, іншых — выкінулі з унівэрсытэтаў і працы й выпхнулі за мяжу, кагосьці й наагул забілі. Астатніх закаталі пад асфальт, адкуль, аднак, пачкамі выкалупваюць сваімі крывавымі абцугамі рэпрэсіяў. І пры гэтым у кагосьці яшчэ язык паварочваецца гаварыць нешта пра народнае адзінства?
Афіцыйны Дзень народнага адзінства ў Горадні. У цэнтры ў блакітным гарнітуры — кіраўнік Гарадзеншчыны Юры Караеў. У 2020-м ён ачольваў МУС, пад яго кіраўніцтвам сілавікі жорстка разганялі пратэсты і масава катавалі затрыманых. Караеў называў беларусаў «недалёкім і тупаватып народам», загадваў забіваць нязгодных з рэжымам. Фота Telegram/@pul4region
Зразумець маштаб і лёгіку таго, што адбываецца сёньня, ужо звыкла дапамагае гісторыя. Дзень народнага адзінства адзначаецца 17 верасьня і прымеркаваны да нападу Савецкага Саюзу на Польшчу ў далёкім 1939-м. Крыху больш як праз два тыдні пасьля таго, як гэта ж самае зрабіў і тагачасны хаўрусьнік СССР — Гітлер. Так-так, той самы Гітлер, якога гэтак усхваляў і ставіў у прыклад напачатку сваёй палітычнай кар’еры цяперашні кат беларускага народу.
Як шмат паралеляў і зьнітаваньняў, праўда?
Вось вам яшчэ. З далучэньнем да саветаў Заходняя Беларусь сутыкнулася з масавымі рэпрэсіямі і гэткай зьявай, як клясавая барацьба. Новыя гаспадары з Крамля і іх мясцовыя памагатаі, аб’яднаўшы беларусаў у адной савецкай турме, падзялілі іх на, як той казаў, «чэсных» і «нячэсных» ды пачалі бязьлітасна нішчыць апошніх.
Нічога не нагадвае?
А таму чаго дзівіцца, што народная памяць пра тыя падзеі далёка ня гэткая адназначна радасная і ўхвальная, як тое выстаўляе прапаганда? Ну бо, калі да цябе прышлі нейкія чужаніцы, пазабівалі тваіх блізкіх, забралі тваю маёмасьць, а цябе загналі ў калгас (дзякуй Богу, калі не «да белых мядзьведзяў», як кажуць на Гарадзеншчыне — лічы, пашчасьціла!) — радасна табе будзе? Будзеш з настальгіяй узгадваць гэткія падзеі і сьвяткаваць іх? Вядома ж, не.
Ну дык няўжо ж нельга было абраць для народнага адзінства нейкую іншую дату? Няўжо ж у нашай гісторыі няма нічога такога, што задзіночыла б у адзіным памкненьні жыхароў і Горадні, і Менску, і Магілёва?
Ёсьць, зразумела ж.
Вось толькі, калі што й задзіночвала беларусаў, дык гэта прага да волі, да незалежнасьці роднага Краю, змаганьне з акупантамі, якія, найчасьцей, прыходзілі да нас з-за ўсходняе мяжы.
Але ж наіўна спадзявацца, што тыя, хто пляжыць у краіне ўсё беларускае, ачарняе нашых герояў-змагароў за незалежнасьць і прасоўвае да нас «расейскі сьвет», раптам ачуняе і абярэ дату накшталт 25 сакавіка альбо хаця б 9 верасьня, праўда?
«Беларусь — гэта мы» — на білбордах і на беларускіх вуліцах. 2020 г. Фота PAP/EPA/STR
Дарэчы, упершыню афіцыёзны Дзень народнага адзінства зьявіўся ў 2021-м годзе — і зусім невыпадкова. Трэба ж было знайсьці нейкую ідэалягічную замену масавым выступам па ўсёй краіне і «задзіночыць нацыю» вакол самі ведаеце каго. Маўляў, у 2020-м была спроба дзяржперавароту, за якою стаялі заходнія, найперш польскія лялькаводы! Ууууу, тая Варшава заўжды гэткая была! Вось таму 17 верасьня 1939-га года нашая цудоўная Чырвоная Армія вызваліла нас з кіпцюроў польскіх паноў! А калі дзе каго зь мясцовых і забіла, дык тое няправільныя мясцовыя былі, «нячэсныя»! А ўсе «чэсныя» — за саветы былі, сапраўдны адзіны савецкі беларускі народ! Гіп-гіп ура, таварышы!
Ну і заадно важна ж было «спасіба» сказаць «старэйшаму брату», які і 86 гадоў таму Беларусь «асвабадзіў», і ў 2020-м дапамог утрымацца пры ўладзе, здушыць «нячэсны» «народзец». І наагул, у Расеі ж таксама ёсьць свой Дзень народнага адзінства — 4 лістапада. І таксама — з гісторыяй вызваленьня ад палякаў. Як пад капірку!
Вось такія вось хітраспляценьні.
Савецкі прапагандысцкі плякат, прымеркаваны да падзеяў 1939-га года
Ну добра. Дык а нам-та з вамі што з таго? Вядома ж, афіцыёзны Дзень народнага адзінства аніякага сапраўднага адзінства Беларусі не дадае. Тут — без ілюзіяў. Між тым быць разам нам — усім, хто любіць нашую цудоўную Радзіму — сапраўды важна. І як раз-ткі — насуперак высілкам беларусафобаў ува ўладзе, якія пнуцца нас падзяліць — на «змагароў» і на «памяркоўных», на «беглых» і на тых, хто застаўся, на «праплачаных Захадам нацыяналістаў» і на прарасейскіх «тожебелорусов».
Ты любіш нашую краіну, і я люблю нашую краіну. Вось і паразумеліся. Нам з табою няма чаго дзяліць. Жыве Беларусь!
Валера Руселік, Budzma.org