Цэлыя пакаленні беларусаў выраслі на ўсім расейскім. Калі пачалася вайна Расіі з Украінай, выявілася, што расейскія творцы масава падтрымалі яе і «заклікаюць ісьці ваяваць з „хахламі“...» Што цяпер з гэтым рабіць, як гэта ўспрымаць беларусам, для якіх расейская культура «зрабілася непарушнай часткай асобы»? Выйсце ёсць, і выбар ёсць, піша Лявон Вольскі, хоць гэта і цяжка, і стрэсава.
Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва
Так ужо сталася, што пакаленьні гарадзкіх беларусаў гадаваліся на ўсім расейскім. У дзяцінстве чыталі «Незнайку» і «Волшебника Изумрудного города». Глядзелі мульцікі — «Ну, погоди!» і «Пике-желторотик» (вы яго, відаць, не глядзелі, я праверыў, ён ёсьць у сеціве, паглядзіце, вас чакае шмат адкрыцьцяў!). Слухалі песьні «Пусть бегут неуклюже» і «Вместе весело шагать по просторам»...
Час ішоў. Зьявіліся новыя героі — хлопчык Электронік з расейскага сэрыялу («Крылатые качели летят, летят, летят»), Д’Артаньян са сваімі мушкетэрамі. Шкаляры дружна сьпявалі: «Курклапа, курклапа!». Замест належнага «Pourquoi pas?», і ломкімі галасамі выводзілі: «Красавице и ку-ку», не разумеючы, што ў тэксьце гаворыцца пра кубак, бо ў гэтым узросьце кубак асацыяваўся хіба са спартовымі дасягненьнямі, а якія ў мушкетэраў спартовыя дасягненьні? Перамог на дуэлі — вось і дасягненьне.

Зьявіўся Шэрлак Холмс зь сябрам Ватсанам (на час выхаду першае сэрыі я ўжо прачытаў дэтэктывы Конан Дойля, і мне вельмі не падабаўся гэты сярмяжны «Ватсан», бо ў маім перакладзе фігураваў высакародны «Ўотсан»). Але сэрыял усё адно глядзелі з захапленьнем — далёкі туманны Альбіён, і савецкія акторы — як сапраўдныя ангельцы — разважлівы Холмс, праставаты поствайсковец Ватсан, злавесны Марыярці, дурнаваты спадкаемца высакароднае дынастыі сэр Генры ў выкананьні Міхалкова...
На зьмену мушкетэрам прыходзяць гардэмарыны — расейскія адчайныя рамантычныя высакародныя хлопцы, закінутыя лёсам у вір гістарычных падзеяў...
Час бяжыць наперад. Імпэрыя нібыта развалілася, але расейская арыентацыя засталася. Па звычцы, з падачы новага, але цалкам прасякнутага старым савецкім ладам кіраўніцтва, яна перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне.
Расейская літаратура, «Начныя дазоры», расейскія сэрыялы — «Брыгада», «Ліквідацыя», расейская музыка — «Чайф», «Наўцілус», «Аліса», «Арыя»... Усё гэта фармавала густы і сьветапогляд новых і новых людзей.
Яны вырасьлі і сфармаваліся. Для іх расейскія мульцікі ды фільмы, што глядзеліся ў дзяцінстве, зрабіліся непарушнай часткай асобы, сэрыялы — настальгічнай узгадкай пра маладосьць, песьні — здавалася б, навечна запісаныя на падкорку — вось на сустрэчы аднаклясьнікаў хтосьці возьме гітару і панеслася: «Ой-ё, ой-ё, никто не услышит» ці то «Я свободен, словно птица в небесах»...
І вось прыходзяць новыя часы. Расея разьвязвае крывавую вайну з Украінай (хіба хтосьці мог падумаць у дзяцінстве-юнацтве, што такое магчыма?). І расейскія творцы нечакана масава падтрымліваюць агрэсію.
Аўтары любімых беларусамі фантастычных і фэнтэзі-раманаў, рэжысэры, акторы — стары Д’Артаньян прамаўляе людажэрскія сьпічы, ад яго не адстаюць гардэмарыны і браткі з «Брыгады», сэр Генры дзякуе лёсу за тое, што пачалася вайна, яе ўхваляюць і Шэрлак Холмс, і галоўны герой «Ліквідацыі», нясьвежы Электронік са сваім братам-блізьнюком пад келіх моцненькага заклікаюць ісьці ваяваць з «хахламі»...
Культавыя музыкі прыбіраюць пацыфік з лягатыпу назвы свайго гурту, пастарэлы былы панк-змагар выпускае альбом з назваю «Гойда!», неактуальная вакалістка, што дагэтуль сьпявае свой адзіны хіт з 2000-х, заклікае будаваць канцлягеры, у якіх будуць утрымлівацца непакорлівыя ўкраінцы і тыя, хто ім спачувае...
Абсурд? Ну, так, але сярод гэтага абсурду трэба жыць людзям, якія ўзгадаваліся на тых кнігах, тых песьнях, тых фільмах. На той «расейскай культуры», якая была паўсюль і, здавалася, ня мела альтэрнатывы. Хаця альтэрнатыва, натуральна, была, але большасьць ішла звыклым шляхам — «як усе».
За расейскім караблём. Малюнак Лявона Вольскага
Альбо абіраць шлях нацыянальнае самаідэнтыфікацыі, хоць гэта й цяжка, і стрэсава, і пакутліва, альбо працягваць плысьці па мутных хвалях сярод выбухаў і слупоў чорнага дыму ўсьлед за расейскім вайсковым караблём.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org