Прэм’ера беларускага фільма «Лісты» (ангельская версія Letters from the Silenced Country) адбудзецца сёлета на Венецыянскім міжнародным фестывалі. Пра гэта «Позірку» паведаміў рэжысёр фільма Андрэй Куціла.

Андрэй Куціла. Фота: budzma.org
Арганізатары 83-га Венецыянскага міжнароднага кінафестываля ўжо абвясцілі праграму. Венецыянская біенале правядзе фестываль 2–12 верасня.
«З Беларусі — краіны, пра якую мы ведаем вельмі мала — у нас ёсць фільм <...> Андрэя Куцілы, рэжысёра, які быў вымушаны эміграваць па палітычных прычынах», — сказаў падчас прэзентацыі праграмы мастацкі дырэктар Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю Альберта Барбера.
Ён звярнуў увагу на тое, што у фільме закранаецца «надзвычайны гвалт самай працяглай і найбольш адкрытай дыктатуры на еўрапейскім кантыненце, якая без ваганняў звяртаецца да катаванняў і забойстваў сваіх палітычных апанентаў».
«Лісты» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, расказаная праз гісторыі людзей, якія перажылі зняволенне, рэпрэсіі і выгнанне, — галасы, якія аўтарытарны рэжым прымусіў замаўчаць«, — гаворыцца ў апісанні фільма.
Кожная гісторыя ў фільме раскрывае асобны досвед рэпрэсій. Сярод герояў бацька, які хаваецца ад сачэння, каб пазбегнуць арышту і разлукі з дачкой, былы крымінальны следчы, які ўцякае з Беларусі, студэнтка Кася, асуджаная за ўдзел у пратэстах, якая выжывае дзякуючы маляванню, 50-гадовы Вітольд Ашурак, палітзняволены, які загінуў у турме (яго гісторыя разгортваецца праз фотаздымкі, дасланыя сябрам).
«Мы не разлічвалі, што можам трапіць на такі фестываль. Зараз увогуле нават няма ні хвіліны, бо працуем дзень і ноч. Усе мы ведаем, што ў свеце тры галоўныя кінафестывалі — гэта Канскі, Венецыянскі і Берлінскі. Таму мы маглі пра такое толькі марыць», — сказаў «Позірку» Андрэй Куціла.
Рэжысёр-дакументаліст адзначыў, што стваральнікі фільма хацелі б, каб «Лісты» пабачылі ў Еўропе і Амерыцы, для гэтага карціну планавалі рабіць сумесна з вядомымі заходнімі тэлеканаламі — нямецкімі Deutsche Welle, ZDF, французска-нямецкім Arte, польскім TVP.
«Мы, беларусы, добра ведаем, што ў нас адбываецца ўнутры. Мы самі адчуваем свой боль. А як дайсці з нашай праблемай далей? Мастацкая форма у пэўным сэнсе пашырае гэтыя магчымасці. Мы думалі, што гэта можа дапамагчы людзям далёка па-за межамі краіны зразумець, што мы перажылі, што мы перажываем і што можа з намі быць у будучыні. І каб пазбавіцца ад гэтага стэрэатыпу, калі нас часта змешваюць з расіянамі ці атаясамліваюць з палітыкай Расіі ці нават палітыкай беларускага рэжыму», — сказаў творца.

Паводле яго слоў, «у пэўным сэнсе» кіно дапамагае «дакрануцца да звычайных людзей далёка па-за межамі»: «Такі быў разлік. Перш за ўсё рабіць кіно і рабіць стаўку на нейкія мастацкія сродкі, кажучы пра палітычныя тэмы, якія вядуць глыбока да лёсаў людзей».
Для гэтага, адзначыў рэжысёр, у фільме ёсць героі, якія ствараюць «больш агульны партрэт» і пры гэтым не з’яўляюцца ў кадры. «Мэта была такая, каб уражанне засталося ў гледача, што гэта не індывідуальная гісторыя, не нейкія кроплі, не нейкія галасы, якія далятаюць з-за муроў Беларусі, а гэта гісторыя больш маштабная і, канешне, універсальная. Каб яе змаглі зразумець, людзі ў Польшчы, якія прайшлі праз гэта. У Італіі зразумелі людзі, якія таксама мелі гісторыю з фашызмам, з Мусаліні», — дадаў Куціла.
Ён перакананы, што фільм змогуць убачыць і людзі ў Беларусі: «Не сёння, канешне, а праз пэўны час, калі скончыцца фестывальная дыстрыбуцыя».
Паказ фільма плануецца таксама ў Польшчы.
Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць). У 2007 годзе атрымаў ступень па журналістыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зняў больш за 10 фільмаў, лаурэат шэрагу міжнародных кінапрэмій. Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі