Мы з жонкай наведалі Беларусь у 2013 годзе. Пасьля трох гадоў цікава было ізноў пабыць там, пабачыцца са сваякамі, знаёмымі ды паглядзець, што зьмянілася ў самой краіне. Зьбірацца ў далёкую дарогу было крыху страшнавата, але цяга да свайго перамагла страх. А тут яшчэ падасьпеў выхад у Менску пад маё 90-годзьдзе кнігі Натальлі Гардзіенкі й Лявона Юрэвіча пад загалоўкам “Кантакты: Сіла прыцягнення Бацькаўшчыны”.
Публікацыя напоўнена галоўна лістамі да мяне ў пэрыядзе “халоднай вайны”. Дык ужо ніяк нельга было адмовіцца ад запросінаў узяць удзел у прэзэнтацыі гэтай кнігі. Гэтак вось мы з Надзяй правялі ў Беларусі дваццаць пяць чэрвеньска-ліпеньскіх дзён.
У Беластоку
Па дарозе ў Беларусь першыя чатыры дні правялі ў Беластоку ў блізкай нам сям’і Андрэя й Эвы Такаюкоў. У 90-х Андрэй быў на заработках у Амэрыцы й разам з тым кіраваў царкоўным хорам сьвятаеўфрасіньнеўскай царквы ў Саўт Рывэры. Ад таго часу ў нас зь ім, а пасьля зь ягонай сям’ёй, замацавалася глыбокае сяброўства. Андрэй і Эва цяпер прафэсары. У іх чацьвёра цудоўна выхаваных дзяцей, усе з галасамі й музычнай асьветай. Бацькі й дзеці сьпяваюць у хоры царквы Сьв. Сафіі: Андрэй кіруе хорам дарослых, а старэйшы сын Адам – хорам юнацкім.
Царкоўнае жыцьцё праваслаўных у Беластоку вельмі актыўнае. Тлумачыцца гэта жаданьнем перахаваць свае традыцыі, а разам з тым і падляскія дыялекты ды зьвязаную зь імі літаратурную беларушчыну. Хоць каталіцка-польскі шавінізм на бытавым узроўні застаецца адчувальным, уваходжаньне Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз зь ягонай прхільнасьцю да этнічных і рэлігійных мяншыняў спрыяе ў ладнай меры перахоўваньню праваслаўя. У Беластоку цяпер дванаццаць цэркваў, будуецца трынаццатая.
У горадзе ў параўнаньні з тым, што было тры гады таму, заўважны прагрэс, навізна ў будынках і дарогах, а калі гаварыць пра ўсю паўночна-ўсходнюю частку Польшчы, дык тут праводзіцца коштам Эўразьвязу манумэнтальнае пашырэньне транспартнай магістралі ў кірунку Літвы й Беларусі. Праз увесь рэгіён уздоўж галоўнай дарогі выкарчавана шырокая паласа лесу з мэтай пашырэньня шляху для грузавых фургонаў. Будаўніцтва йдзе інтэнсыўна. Можа ў гэтым прычына таго, што гэтым разам па дарозе з Варшавы ў Беласток мы бачылі вельмі мала буслоў?
Белавія. Менскі аэрапорт
Пералёт з Варшавы ў Менск і назад забясьпечвае беларуская “Белавія” ў супрацоўніцтве з польскім “ЛЁТам”. Час палёту – гадзіна й дзесяць хвілін. Абедзьве авіякампаніі карыстаюцца набытымі амэрыканскімі боінгамі.
На борце “Белавіі” ў абвестках гучаць тры мовы: беларуская, польская й ангельская. Беларускую мову (прыемная неспадзеўка!) пабачыў я таксама ў рэклямным часопісе, што на сьпінцы крэсла: пераклад з расейскае фэльетону расейскага пісьменьніка Міхаіла Зошчанкі.
Менскі аэрапорт за тры гады пашырыўся й узбагаціўся, набраў прыстойнага выгляду. Пра гэта сьведчаць колькасьць падарожнікаў, пано “адлёты-прылёты”, магазыны зь імпартнымі таварамі, наяўнасьць банкаўскіх паслугаў.
Пропуск праз кантроль у параўнаньні зь мінулымі гадамі значна палагаднеў: валізак ня трэба было адчыняць, прывезеных даляраў не пералічвалі (максымум 10 тыс. на асобу).
У беларускіх сродках інфармацыі чутны цяпер галасы аб наданьні нацыянальнаму аэрапорту імя на ўзор пашыранай у сьвеце практыкі называць вароты краіны імём выдатнай постаці з нацыянальнай гісторыі. Пакуль што была гаворка толькі пра перашадрукара Францыска Скарыну.
Беларускія краявіды й прыдарожныя прадаўцы
Краявіды Беларусі ўсё тыя ж – суцэльна нізінныя з размашыстымі зялёнымі палеткамі пераплеценымі цёмнымі палосамі лясоў. Яны цешаць вока сваёй чысьцінёй і разьлегласьцю, а ў спалучэньні з гладкімі аўтастрадамі ды акуратнымі на выгляд дамкамі пасёлкаў паказваюць сьвежаму падарожніку гаспадарлівую цывілізаваную краіну. І на самой рэчы, калі ведаеш, як яно было тут у недалёкай мінуўшчыне, дык бачыш выразны цывілізацыйны поступ. Цяпер падарожнік можа выгадна перакусіць-пасядзець у прыдарожным кафэ ці рэстаранчыку. І чысьцейшым туалетам пакарыстацца. Па-ранейшаму, аднак, уздоўж тых жа дарогаў бачыш мясьцінамі шматлікіх прадаўцоў “дароў” лясной прыроды з кубачкамі, слоікамі, а то й вёдрамі ў сьпякотным чаканьні на пакупнікоў. І, ведаючы эканамічныя цяжкасьці краіны, думаеш: як нялёгка людзям папаўняць свае скупыя сямейныя бюджэты.
У Мінску
Горад расьце па ўсіх кварталах новымі будынкамі, абнаўляюцца старыя. Першую ноч мы пераначавалі ў гатэлі “Мінск”, каб праз гэта (як мы наіўна думалі) запасьціся пячаткай аб нашым прабываньні ў Беларусі. Тры гады таму мы начавалі ў гэтым самым гатэлі й ён быў яшчэ тыпова савецкім. Цяпер, пасьля “эўрарамонту”, ён выглядае зусім прыстойна. За ноч заплацілі (крэдытнай карткай) 1 млн 883 тыс. рублёў ($95).
Пашырэньне азнаёмленасьці са сталіцай гэтым разам у нас адбывалася галоўна з вакна таксовак. Пабачылі, што горад выразна набывае новыя рысы праз манумэнтальныя будынкі, далейшую разбудову жыльлёвых раёнаў, а таксама праз пашырэньне замежных гандлёвых і кулінарных сувязяў. Вось загаловак паведамленьня аднаго зь ліпеньскіх нумароў газэты “Наша Ніва”: “Burger King захапіў чыгуначны вакзал, KFC – ГЦ «Сталіцу»: фастфуд заваёўвае Мінск. Адразу два новыя рэстараны хуткага харчавання адкрываюцца ў Мінску. Burger King адкрыў новае памяшканне проста ў зале чакання чыгуначнага вакзала.”
Кідаюцца ў вочы на праспэктах і галоўных вуліцах вялікія білборды зь беларускімі тэкстамі. Пабольшала рэклямаў заходніх тавараў і паслугаў.
З гатэлю “Мінск” пасьля першай ночы мы перабраліся ў незаселеную, але добра абсталяваную кватэру ў адным з раёнаў гораду й адтуль рабілі ўсе свае бліжэйшыя й далейшыя выезды.
Гутаркі з таксістамі
Пакарыстацца менскім эстэтычным і спраўным мэтрапалітэнам нам не давялося, бо трэба бало ашчаджаць час. А таксовачны сэрвіс у горадзе наладжаны выдатна. Дый сам гаспадар нашай нанятай кватэры – таксіст. Ён і вытлумачыў нам, калі мы ў гутарцы зь ім заўважылі, што менскія таксісты “маўчуны”, прычыну гэтай зьявы. А рэч у тым, што калі сталіца некалькі гадоў таму рыхтавалася да гакейнага міжнароднага чэмпіянату, на таксістаў была “спушчана згары” інструкцыя не ўваходзіць з замежнікамі ў гутаркі на палітычныя, рэлігійныя ды іншыя “далікатыя” тэмы. Такісты наматалі на вус інструкцыю й трымаюцца яе па сёньняшні дзень. Найлепшым ключыкам да размоўнай шкатулкі было пытаньне, якое задавала Надзя: “Ці Вы мінчанін?” У адказ на яго карэнны мінчанін ці прыбыш з правінцыі выказваўся ахвотна й пачыналася гутарка. Наша беларуская мова не была перашкодай і не выклікала адмоўнай рэакцыі, а ў некаторых выпадках і таксіст пераключаўся на яе. Надзя нават дала аднаму пяць даляраў за прыгожую беларускую гаворку. Дык той, як мы даведаліся, зьдзівіў назаўтра свайго сябру, зь якім звычайна карыстаўся расейскай мовай, загаварыўшы да яго раптам па-беларуску.
На чытаньнях Гарэцкіх і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры й мастацтва (БДАМЛіМ)
Наш побыт у Менску быў шчыльна запоўнены сустрэчамі з афіцыйнымі асобамі й журналістамі. Нашым жаданьнем было паінфармаваць і паінфармавацца аб бягучых культурных справах на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі. Гэтак, перад тым як наведаць БДАМЛіМ, мы былі запрошаны на Гарэцкія чытаньні, якія адбываліся ў доме колішняга старшыні Саюзу пісьменьнікаў БССР Пятруся Броўкі. Чытаньні былі прысьвечаныя клясыку літаратуры Максіму Гарэцкаму, тэатралізаваная нядаўна аповесьць якога “Дзьве душы” выклікала ў грамадзтве вялікую зацікаўленасьць. Я скарыстаў з нагоды перадаць прывітаньне сям’і спадара Радзіма Гарэцкага й аўдыторыі ад імя Вітаўта Кіпеля, дырэктара БІНІМу. Сем’і Кіпеляў і Гарэцкіх пакутавалі ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя на сібірскім выгнаньні й ад таго часу трымаюць лучнасць. На заканчэчньне свайго кароткага слова я сказаў таксама: “Усім вам найлепшыя пажаданні ад нас са Злучаных Штатаў, ад беларускай грамады горада Саўт-Рывэру. Там мы молімся ў царкве сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. Молімся за ўсіх нас, за нашу будучыню, за Беларусь, да раскопваньня гісторыі якой заклікаў Максім Гарэцкі. Як сказаў тут спадар Генрык Далідовіч, Максім Гарэцкі думаў пра будучыню. Мы ўсе думаем пра будучыню. Спадзяюся, што мы да гэтай будучыні, да лепшай будучыні, дойдзем дзякуючы раскопвальнікам мінуўшчыны.”
Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва – установа, дзе перахоўваюцца архіўныя фонды шматвекавой гісторыі Беларусі, у тым ліку гісторыі беларускай дыяспары. Цягам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў там сабрана шмат чаго й да гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі. Зьбіраньне апошнім часам актывізавалася, створаны асобны аддзел дыяспарнай дакумэнтацыі, які ачоліла праф. Натальля Гардзіенка, аўтарка некалькіх манаграфіяў пра замежных беларусаў. Супрацоўнічае з БДАМЛіМам і БІНіМ. Мы з Надзяй завезьлі гэтым разам пару экспанатаў да гісторыі нашых фэстываляў і выставак у штаце Нью Джэрзі, а таксама некалькі папак з маімі асабістымі дакумэнтамі, арыгіналамі або копіямі.
Спадарыня Ганна Запартыка, дырэктарка музэю-ахіву, запрасіла нас на сустрэчу з працаўнікамі ейнай установы. Гасьціннае спатканьне сталася добрай нагодай для дзелавой гутаркі аб супрацоўніцтве з замежнымі суродзічамі. Рэч у тым, што гісторыя дыяспары складаецца з гісторыі паасобных адзінак, паасобных сем’яў ці невялікіх грамадак. Зь іхнага жыцьця трэба сабраць і захаваць факты – асабістыя й сямейныя архівы (фатаграфіі, лісты, дакумэнты, узнагароды, прафэсійныя дасягненьні й да гэтага падобнае). Усё гэта – каштоўны матэрыял для гісторыкаў. Бяда ў тым, што часта гэты матэрыял недацэньваецца ўласьнікамі дакумэнтаў як гістарыяграфічная база.
Мы былі вельмі ўдзячныя спадарыні Ганьне за сустрэчу. У гасьцявую кнігу я ўпісаўся на памяць: “Шаноўным працаўнікам БДАМЛіМу, будаўнікам фундамэнту беларускай гістарычнай навукі з удзячнасьцю за вялікую працу”.
На прэзэнтацыі кнігі “Кантакты”.
Баранавічы–Мір
Абнаўленьне й рост забудоваў далёка не паўсюдная зьява ў краіне. Гэта заўважаеш на правінцыі. У Баранавічах, прыкладам, непадмецены парк красамоўна сьведчыць пра нястачы ў гарадзкім бюджэце. А яшчэ выразьней пра эканамічныя цяжкасьці краіны сьведчыць немагчымасьць працаздольных людзей знайсьці сабе працу. А шмат якім пэнсіянерам нельга пражыць на пэнсіі нават на мінімальным узроўні.
Мястэчка Мір маецца крыху лепш за Баранавічы дзякуючы свайму маляўнічаму замку, від якога ўпрыгожвае сувэніры, паштоўкі, альбомы ды інш., а таксама прыцягвае масу турыстаў, у тым ліку замежных. Да замкавых апартамэнтаў, кажуць мясцовыя жыхары, цяпер не даступіцца: іх загадзя забраніроўваюць сабе замежныя турысты, найчасьцей расійскія багачы. За тры прамінулыя гады тут яшчэ адна навізна – перабудавалі стары фундамэнтальны будынак былой габрэйскай грамады, некалі савецкай школы, у гатэльны люкс-комплекс з трыццацьцю шасьцю нумарамі й рэстаранам на семдзесят два месцы. І, зразумела, з разьлікам на валютныя прыбыткі. Пераспалі й мы тут адну ноч у поўным камфорце.
Жыткавічы
У Жыткавічах, раённым цэнтры, так як і ў Баранавічах, з гарадзкім бюджэтам справы дрэнь, нават адзіную ў горадзе лазьню і тую давялося зачыніць. З працай таксама не разгонішся, трэба шукаць недзе далей. Расьце колькасьць кандыдатаў на працоўнае месца. Заработкі пару гадоў таму, як сказалі нам, былі пяць мільёнаў рублёў у месяц ($250), а цяпер, калі знойдзеш працу за тры мільёны, дык будзь рады. На дзяржаву не разьлічвай, бо яна сама ў ападаткоўваньні дайшла да абсурду. Пашыраюцца чуткі пра ападатковаўньне ня толькі хатняе жывёлы, але й фруктовых дрэваў (!!!).
Несамавітым крокам ураду сталася цяпер абкладаньне падаткам так званых дармаедаў, гэта значыць людзей, якія бяз працы й дзеля гэтага ня плацяць падаткаў. Такіх, улады кажуць, налічваецца больш за 400 тысячаў. Але абклалі падаткамі пакуль што толькі каля 10 тысячаў.
Разам з тым і ў Жыткавічах зьмены да лепшага адбываюцца. Тут за апошнія некалькі гадоў стараньнямі мясцовага сьвятара а. Генадзя Хаткевіча збудавана цудоўная царква з акустыкай, якой могуць пазайздросьціць шмат большыя сьвятыні. У крамах бытавых тавараў і харчовых прадуктаў цяпер спраўна працуе электроннае абслугоўваньне з ужываньнем крэдытных картачак – тое, чаго ня было тры гады таму. Недалёка ад Турава (дзе яшчэ ёсьць крама, у якой, як за савецкім часам, частка прымітыўных тавараў ляжыць на падлозе) пры італьянскім малочным камбінаце, у якім вырбляюць выдатныя сыры, пасьпяхова працуе харчовы магазін, а тут жа й добры рэстаран. Так што прагрэс не стаіць на месцы.
“Экалягічны турызм” – крыніца валюты
Па цэлай Беларусі, з большымі або меншымі выдаткамі зь дзяржаўнага бюдэту, ідзе разбудоўваньне турыстычнай інфарструктуры. Разьлікі робяцца на рост як нутранога турызму, гэтак і замежнага. Да ліку такіх мясьцін належыць і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, што каля вёскі Лясковічы Жыткавіцкага раёну. У гэтую багатую прыродай зону запрашаюць замежнікаў, людзей з валютай, на “экалягічны турызм”, інакш кажучы – на паляваньне. Тут да іхных паслугаў працуюць адпаведныя цягнічкі, на якіх можна пракаціцца па лясных сьцежках ды прыстрэліць па дарозе лася, дзіка ці якую іншую жывёліну. Тут у новым будынку месціцца добры рэстаран, гатэль, недалёка ад яго пабуддаваны багаты экспанатамі новенькі музэй мясцовай фаўны й флёры. Людзі пагаворваюць, што вялікая частка мясцовага багацьця, магутныя дубы, былі пасьпілоўваныя і прададзеныя заежнікам. Лясковічы сталіся прываблівай мясьцінай для адпачынку на прыродзе. Мясцовыя жыхары таксама маюць магчымасьць наведаць свой прыпяцкі парк, пазабаўляцца зь дзецьмі й праехацца па вадзяных шляхах. У гэтай жа зоне знаходзіцца й адна з рэзыдэнцыяў прэзыдыэнта Лукашэнкі. З разьлікам на замежнікаў улады паклпаціліся апісаць Жыткавіцкі раён у кнізе-альбоме на дзьвюх мовах, расейскай і ангельскай.
На прэзэнтацыі кнігі “Кантакты”.
Дзякавічы
Наведалі мы й Надзіну “малую радзіму”, цэнтар сельсавету, дзе ў доме культуры праводзіцца мастацкая самадзейнасьць, працуе народны хор, добра ўкамплектавана бібліятэка, наладжаны этнаграфічны музэйчык. Пару гадоў таму Надзя пераслала ў Дзякавічы, разам з кнігай пра беларускія фэстывалі й выстаўкі ў штаце Нью Джэрзі, свой народны строй, у якім яна брала ўдзел у фэстывалях і выстаўках. Дзякавіцкі дом культуры наладзіў канцэрт, прысьвечаны сваёй амэрыкнскай зямлячцы. А сёлета запрасіў яе на сустрэчу ў доме культуры.
Сустрэлі зямлячку зь песьнямі. Паказалі даволі прасторны будынак, падзякавалі за атрыманы падарунак – камп’ютар і галосьнікі, вельмі прыдатныя ім для мастацка-музычных праграмаў – пачаставалі гарбаткай, узнагародзілі пахвальнай граматай.
Салігорск
У Салігорск нельга было не заехаць. Там нас чакала сям’я, якая прывозіла ў Амэрыку свайго сынка Ягорку на лячэньне ад раку. Мы ім памагалі транспартам і іншымі паслугамі. Цікава было пабачыцца зь імі, перадаць Ягорку прывітаньне ад саўтрывэрскіх прыхаджанак, якія памятаюць яго й якіх ён памятае. Ну, і самім было цікава пабыць у горадзе, які ведамы сваім параўнальным дабрабытам дзякуючы капіталадайным калійным солям.
Салігорск на фоне іншых беларускіх мясьцін (за выняткам Менску) адразу кідаецца ў вочы сваімі чысьцейшымі вуліцамі, навейшымі аўтамашынамі, акуратнейшымі газонамі й лепш апранутымі жыхарамі.
Сустрэча з нашымі новымі сябрамі прайшла вельмі прыемна за шчодрым сталом. Асабліва радасна было бачыць бадзёрага Ягорку, які пасьпяхова пачаў сваю “кар’еру” школьніка ды за якім блізка йдзе й ягоны брацік Данілка. Дай ім, Божа, здароўя.
Беларуская яда
Мы час-часом закранаем міжсобку або зь сябрамі харчовую тэму: якія прадукты смачнейшыя – амэрыканскія ці беларускія? Гэта, як ведаем, адно зь вечных пытаньняў. Цяпер жа разабрацца ў ім яшчэ цяжэй. А гэта таму, што ў беларускіх крамах зьявілася нямала імпартаваных харчовых вырабаў або вырабленых у Беларусі паводле “імпартаваных” рэцэптаў і тэхналёгіяў. Дзе тут сваё, а дзе чужое?! Тым ня менш, мушу сказаць, што ў нашым падарожжы мы паспрабавалі шмат неперавышаных беларускіх прысмакаў: у Баранавічах копчанай рыбы, у Міры дранікаў, у Жыткавічах сырнікаў, у Лістападавічах галубцоў, у Шасьціснопе заварных шчупакоў, а ў менскім рэстаране “Васількі” мачанкі з блінчыкамі. Ды ўсяго й не пералічыць. Так што калі грошы ёсьць, можна жыць са смакам.
На сядзібе ЗБС “Бацькаўшчына”: Андрэй Федарэнка, Барыс Пятровіч, Алена Макоўская, Надзя Запруднік, Янка Запруднік
Дзень вышыванкі – замацоўваньне трэнду
У суботу 2 ліпеня, напярэдадані афіцыйнага Дня незалежнасьці, пазбыўшыся нарэшце ўсіх абяцаных спатканьняў і гутарак, мы выбраліся на горад, каб проста пахадзіць па цэнтры сталіцы, і выпадковаа трапілі на ўрачыстасьць Дня вышыванкі. Арганізаваная яна была ад імя вышэйшых уладаў, з удзелам міністра культуры, кіраўніка выканкаму гораду й кіраўніка афіцыйнай арганізацыі моладзі (БРСМ – адпаведнік колішняга камсамолу), а таксама з удзелам школьнікаў і абласных дэлегацыяў апранутых у народныя строі.
Сьвята вышыванкі адбывалася на Нямізе каля Палацу спорту. Стаяла цудоўнае надвор’е. Увесь пляц быў застаўлены палаткамі й сталамі з сувэнірамі й народнымі вырабамі. Поўна народу. Бальшыня ў белай вопратцы ўпрыгожанай вышыванкмі. Маса моладзі. З галосьнікаў уперамешку зь беларускамоўнымі анонсамі гучэлі беларускія народныя й патрыятычныя песьні. Уздоўж пляцу працавалі ларкі з напіткамі, ядой, марозівам ды рознымі закускамі.
Па праспэкце Пераможцаў прайшлі парады моладзі са сьцягамі й балёнчыкамі, гімнастычных камандаў са сваімі пэрформансамі ды абласных дэлегацыяў у вышываных строях. У знак запачаткваньня традыцыі Дня вышыванкі ўдзельнікі параду несьлі вялікае пано, упрыгожанае народнымі ўзорамі з розных мясьцін Беларусі, якое было прызначана для зьмяшчэньня ў адным з музэяў сталіцы.
Перад пачаткам песеннага канцэрту на пастаўленай на пляцы сцэне афіцыйныя прамоўцы – міністр культуры, старшыня гарвыканкаму й лідар БРСМ – выступілі з прамовамі па-беларуску, у якіх заклікалі паглыбляць азнаямленьне з нацыянальнай культурай, шанаваць і перахоўваць традыцыі продкаў, замацоўваць “духоўную самабытнасьць” (тэрміналягічная падмена паняцьця “нацыянальная сьведамасьць”).
Лыжка дзёгцю: рэгістрацыя–хамства–штраф
Візу нам выдалі ў кансуляце РБ у Нью Ёрку на трыццацідзённае прабываньне ў Беларусі. Але мець візу – гэта яшчэ ня значыць, што ты можаш бяз клопату езьдзіць ад сваяка да сваяка й ня думаць пра нейкія іншыя фармальнасьці. О, не! Ужо на сёмы дзень, нічога ня ведаючы пра гэта, мы сталіся парушальнікамі закону аб рэгістрацыі. І несамавіта тое, што калі я чытаў сайт беларускага кансуляту ў Нью Ёрку пра атрыманьне візы й умовы ўезду ў Беларусь, там ні словам ня згадвалася патрэба рэгістрацыі. Пра рэгістрацыю мы спозьнена даведаліся ўжо ў Беларусі ад кіраўніцтва ЗБС “Бацькаўшчына”. Нас папярэдзілі, што пры выезьдзе з краіны, калі ня будзеш мець рэгістрацыйнай пячаткі, цябе могуць затрымаць і абкласьці вялікім штрафам. А мы думалі, што нам хопіць пячатак з трох гатэляў, у якіх начавалі ў Менску, Баранавічах і Міры. Ажно не! Так што давялося йсьці разам з гаспадаром нашай менскай кватэры ў паліцыйную кантору. Вось там і чакала нас лыжка дзёгцю.
Заходзім у пакой. Маладзіца ў пагонах, глянуўшы на Надзін пашпарт, адрузу ж выбухнула: “Вы были в Житковичах… Не зарегистрировлись… Вы нарушили закон… Уходите!..
Надзя:
– “Ухадзіце” куды?
– В коридор!
Я, абураны крыкам маладзіцы, кажу:
– Мы хочам пагаварыць з вашым начальнікам.
Яна:
– Начальник на заседании.
Надзя:
– Я – старэйшая жанчына і вы не павінны гаварыць са мной такім тонам…
На маю заўвагу на самым пачатку гутаркі, што мы нічога ня ведалі пра закон аб рэгістрацыі, яна адсекла:
– Надо читать!
– Чытаць што – кодэкс Рэспублікі Беларусь? Ваш консульскі сайт у Нью Ёрку я прачытаў, калі падаваў заяву на візу. Там пра рэгістрацыю – ні слова.
Выявілася таксама, што нам трэба мець з сабой пасьведчаньне аб мэдычнай страхоўцы (якое цяпер перад ад’ездам трэба набываць ад амэрыканскай кампаніі). А мы яго пры сабе ня мелі. Нашы пашпарты затрымалі й сказалі зьявіцца назаўтра раніцай.
Зьявіліся. Пасьля чаканьня ў калідоры нас паклікалі да вышэйшай улады ў суседні з нэрвознай маладзіцай пакой. Там сядзеў маўклівы падпалкоўнік. Ён доўга ўводзіў у кампютар дадзеныя з нашых пашпартоў і складаў пратакол. Зь яго мы пасьля даведаліся, што парушылі “часть третью статьи 39 закона Республики Беларусь от 4 января 2010 г. №105-3 “О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь””.
Амаль гадзіннае чаканьне на афармленьне пратаколу скончылася тым, што нас з Надзяй аштрафавалі па дваццаць даляраў ад асобы, а гаспадара кватэры – штрафам у пяцьдзесят даляраў. Штрафы трэба было заплаціць (ізноў чарга!) у банку.
Едучы рэгістравацца на другі дзень, я прыхапіў з сабой сьвежавыдадзеную да майго дзевяностагодзьдзя кніжку “Кантакты”. А гэта на выпадак, падумаў я, калі б абставіны дазвалялі падарыць яе падпалкоўніку. Ён здаўся нам чалавекам памяркоўным, які спакойна выконваў свой чыноўніцкі абавязак. Кніжкі я не падпісваў, але, прадбачваючы штраф, напісаў на лістку пару слоў і паклаў лісток каля задняй вокладкі. На лістку напісаў: “На памяць ад дзевяностагадовага амэрыканскага турыста, з пэнсіі якога быў папоўнены бюджэт РБ (штраф за няведаньне закону аб рэгістрацыі). – Менск, 1 ліпеня 2016 г. – Янка Запруднік”.
Пасьля ўсяе працэдуры, калі Надзя папыталася ў спадара падпалкоўніка, ці мы маглі б пакінуць яму сувэнір, ён адразу ж катэгарычна адмовіўся, але, калі яна ўдакладніла, што гэта кніжка, з ахвотай прыняў яе. Ён як бы адпружыўся ўвесь, стаўся даступным на спакойную гутарку, зазначыў нават, што законаў прыймаецца шмат і ня ўсе людзі азнаёмлены зь імі.
Разьвітаўшыся, мы пайшлі назад да маладзіцы па пашпарты, радыя, што скончылася нарэшце ўся гэтая прыкарая валакіта. Сказалі нават ёй, што запрашаем да сябе ў госьці. Таксама запрапанавалі ёй сувэнір у форме кніжкі (без подпісу) пра нашы фэстывалі й выстаўкі ў Амэрыцы. Маладзіца ў пагонах выявілася, як і ейны начальнік, нармальнай асобай, здольнай на ўсьмешку й часінку прыватьнай гутаркі.
Усё вышэй сказанае ўздымае – каторы раз ужо! – пытаньне вытокаў нэрвознай шорсткасьці й хамства з боку ўрадаўцаў у дачыненьні да просьбітаў.
Надзея Мандэльштам, жонка ведамага расейскага паэта Восіпа Мандэльштама, ва ўспамінах пра свайго мужа, ахвяры сталінскага тэрору, пранікліва спасьцерагла, што піраміда дыктатуры складаецца ўся зь меншых пірамідаў і маленькіх пірамідак. Бліскучая мэтафара! У гэтых пірамідах і пірамідках – гіерархічных канструкцыях, у якіх размножыўся й замацаваўся расейскі мат разам зь ідэяй “единовластия” (дыктатуры) – прадстаўнік улады, падпарадкаваны дыктатарскаму верху, прагне адчуваць сваё “единовластие” над нізавым чыноўнікам або просьбітам. Гэтак ва ўладных пірамідах розных узроняў бюракрат у бясьсільлі перад верхам адчувае сваю “сілу” над нізавой ахвярай “единовластия”. І калі хамства дапушчаецца на самым версе піраміды, дык яно заканамерна пашыраецца на ўсе ўзроўні канструкцыі.
У шуканьні адказаў на пытаньне аб вытоках гэтай заганнай грамадзкай хваробы чуюцца й іншыя тлумачэньні. Прыкладам: ну, чаго вы хочаце ад чалавека, над якім злое начальства, заробкавая стаўка якога мізэрная, які жыве ў цеснай кватэры, ня можа дазволіць сабе й дзецям нармальнага харчаваньня? Ці ж трэба дзівіцца, што ён на працы нэрвозны й злы? Аргумэнт, бясспэчна, мае нейкі грунт пад сабою. І ўсё ж…
Якія б там ні былі прычыны хамства афіцыйных асобаў, у інтарэсах краіны, якая разбудоўвае турыстычную інфраструктуру ў разьліку на прыбыткі ад замежнага турызму, чыноўніцкі этыкет павінен быць адным з прыярытэтаў адпаведных органў улады. Каб традыцыйная гасьціннасьць народу была навідавоку, каб пашыраная фраза “Беларусь – гэта Эўропа” пацьвярджлася як мага больш эўрапейскім зьместам.
ЗБС “Бацькаўшчына” – рост ролі
Нельга было, быўшы ў Менску, не заглянуць і павітацца з працаўнікамі Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, пагатоў, што мы не былі яшчэ ў іхным зьмененым памяшканьні. Заснаванае чвэрць веку таму, згуртаваньне выявіла сваю важнасьць ужо тым, што праіснавала без ніякай дапамогі з боку дзяржавы (за выняткам самога пачатку існаваньня). Апошнімі гадамі “Бацькаўшчына” праводзіць сваю шматбаковую патрыятычна-культурную дзейнасьць на энтузіязьме кіраўнікоў арганізацыі Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай ды невялікага кола грамадзкіх актывістаў.
Падняўшыся ў цесным ліфце на дзявяты (апошні) паверх будынку на вул. Чорнага, 15, мы жахнуліся ад цеснаты, у якой тут у некалькіх пакоях працацуюць кіраўнікі й чальцы “Бацькаўшчыны”, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, праграмы “Будзьма” ды іншых грамадзкіх праектаў. Аж шкада стала гэтых людзей ў такіх несамавітых абставінах працы. Ім належыцца ня толькі спачуваньне й падзяка, але найперш фінансавая дапамога дзеля матэрыяльнага аблягчэньня. Дый маральнага таксама.
Трэба спадзявацца, што дзяржава зразумее нарэшце адну карысную для яе дэмаграфічна-эканамічную дынаміку: цяпер, калі колькасьць замежных беларусаў на Захадзе значна вырасла й далей расьце, гэтак жа расьце й патэнцыял “Бацькаўшчыны” ўплываць на павялічэнчьне замежнага турызму ў Беларусь, у чым урад рэспублікі вельмі зацікаўлены.
Прэзэнтацыя “Кантактаў”: зваротная любоў
Кніга “Кантакты: Сіла прыцягнення Бацькаўшчыны (Да 90-годздзя Янкі Запрудніка)” выйшла з друку ў выдавецтве “Кнігазбор” пад нумарам 30 у сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Прэзэнтацыя яе адбылася 28 чэрвеня ў перапоўненай слухачамі залі Пушкінскай бібліятэкі. Кіраўніцтва ЗБС “Бацькаўшчына” папрацавала вельмі эфэктыўна. Такога наплыву зацікаўленых мы з Надзяй не спадзяваліся. Якая радасьць сустрэчы! Гэтулькі сваякоў, сяброў, знаёмых і незнаёмых, у тым ліку студэнцкай моладзі, зь мікрафонамі й фотаапаратамі: вітаньні-віншаваньні, прамовы, аўтографы…
Усё гэта незапярэчна засьведчыла, што Бацькаўшчына, калі любіш яе й застаешся на ейнай арбіце, вяртае тваю любоў памножанай.
Янка Запруднік, верасень 2016 г.