У Нацыянальным мастацкім музеі распачаўся выставачны праект да 100-годдзя Віленскага беларускага музея імя Луцкевіча

У 2021 годзе адзначаецца сто год з дня заснавання Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча — першага беларускага нацыянальнага музея, які сваёй асноўнай мэтай ставіў збор, захаванне і папулярызацыю найперш беларускай гісторыі, культуры і мастацтва.


245073129_5044786305535866_8295052073938966116_n-7x1gz.jpg

Іван Луцкевіч, выбітны беларускі дзеяч першай паловы ХХ стагоддзя, перадаў сваю ўласную калекцыю старажытнасцяў Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні і тым самым паклаў пачатак стварэнню музея, які ў сваім зборы меў творы жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічную, этнаграфічную і нумізматычную калекцыі, адзенне, мэблю, бібліятэку рукапісаў і старадрукаў.

За кароткі час свайго існавання, з 1921 да 1945 года, музей стаў цэнтрам беларускага культурнага жыцця Вільні і ўсёй Заходняй Беларусі, гуртаваў вакол сябе дзеячаў нацыянальнага адраджэння міжваеннага перыяду, у музеі арганізоўваліся не толькі экскурсіі, ён таксама выступаў пляцоўкай для правядзення лекцый, творчых сустрэч і адукацыйных праграм.

Пасля ліквідацыі музея ў 1945 г. яго калекцыі былі падзеленыя паміж Беларуссю і Літвой. Найбольшая і самая каштоўная частка музейных прадметаў засталася ў Літве, у Беларусь патрапілі нешматлікія прадметы, якія, на думку ліквідацыйнай камісіі, мелі непасрэднае дачынне да беларускай культуры.

15 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся маштабны выставачны праект, які мае на мэце рэпрэзентаваць багатую і разнастайную калекцыю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Экспазіцыйная прастора дае магчымасць пазнаёміцца з сакральным мастацтвам (іконы, скульптура, металічныя абразкі і крыжы), беларускім жывапісам і графікай ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, калекцыяй археалогіі, этнаграфіі, нумізматыкі, баністыкі і сфрагістыкі.

Выстава будзе працаваць да 12 снежня.

Паводле artmuseum.by