100 год з Дня нараджэння паэта Янкі Юхнаўца

04.11.2021 Культура

Янка Юхнавец нарадзіўся 3 лістапада 1921 года ў вёсцы Забродак пад Бягомлем (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Да нямецка-савецкае вайны скончыў сярэднюю школу. Бацькоў ды пяцярых малодшых братоў спалілі карнікі ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Нямеччыну летам 1944 году. 


20.jpg

У Нямеччыне вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Трапіў у лагеры перамешчаных асобаў (Рэгенсбург, Міхельсдорф, Розэнгайм), у якіх знаходзіўся ў 1945–1949 гадах. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Дэбютаваў у друку ў 1948 годзе (часопісы «Шыпшына» і «Сакавік»).

21.jpg


У 1949 годзе скончыў Вольны ўніверсітэт у Мюнхене па спецыяльнасці заходнееўрапейскае права. У гэтым жа годзе з’ехаў у ЗША, дзе працаваў у сфэры кампутарнага бізнесу. Большую частку жыцця правёў у эміграцыі. 

22.jpg

У розныя часы належаў да грамадскіх і царкоўных арганізацыяў: Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ), да літаратурных суполак «Шыпшына», «Сакавік» (Нямеччына), «Баявая Ўскалось» (Канада), «Конадні» (ЗША). У эміграцыі пачаў пісаць вершы ды прозу (першыя вершы апублікаваныя ў 1947 годзе ў часопісе «Шыпшына» ды ў 1948 годзе ў часопісе «Сакавік»). Аўтар апавяданняў, навэлаў, гістарычнай аповесці-ўспамінаў «Яно». Не зазнаў уплыву беларускай савецкай літаратурнай традыцыі.

23.jpg


Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія» (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967). 

25.jpg
У «Бібліятэцы Бацькаўшчыны» драматычныя «начыркі» і п’еса ў вершах «Адам і Ева» Янкі Юхнаўца выходзілі ў зборніку «Урачыстасць у садзе»

Выйшлі кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989–1990), «Сны на чужыне» (Мінск, 1994; з серыі «Галасы беларускага замежжа» выдавецтва «Мастацкая літаратура»), «Паэзія» (Мінск: Лімарыус, 2012). Шмат твораў Янкі Юхнаўца не выдадзена.

24.jpg
Зборнік прозы вядомага беларускага пісьменніка на эміграцыі да канца года мусіць з’явіцца ў падсерыі «Спадчына: агледзіны» «Бібліятэкі Бацькаўшчыны»

Янка Юхнавец памёр 6 студзеня 2004 г. Надмагілля ў яго няма. Ён завяшчаў развеяць свой попел над Нью-Ёркам.

паводле zbsb.org і «Радыё Рацыя»