Аб’яднанне УНОВІС (Сцвярджальнікі новага мастацтва) было створанае ў Віцебску зімой 1920 года, каля вытокаў яго стаяў Казімір Малевіч. Яно ставіла перад сабой амбіцыйную мэту: пераўтварэнне свету з дапамогай творчасці, піша reform.news. Праіснаваў УНОВІС да лета 1922-га, пасля чаго Казімір Малевіч з аднадумцамі з’ехалі ў Санкт-Пецярбург, дзе ў Дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры вызначылася новая лінія развіцця авангарду.
Выстава Міжнароднага конкурсу плаката «УНОВІС XXI стагоддзе». Фота: vitbichi.by
Да 105-гадовага юбілею ў Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава «Мастакі — вочы сусвету».
На ёй паказалі больш за 200 работ аўтарства вучняў Казіміра Малевіча і іх сучасных паслядоўнікаў — прадстаўнікоў мастацкага аб’яднання Форма+Колер і школы Уладзіміра Сцерлігава з Санкт-Пецярбурга.
Выстава «Мастакі — вочы сусвету». Фота: сацсеткі
Яшчэ адзін віцебскі праект, прысвечаны юбілею, — выстава-рэтраспектыва работ пераможцаў міжнароднага конкурсу плаката «УНОВІС XXI стагоддзе».
Конкурс плаката прайшоў у 2020 годзе, калі Віцебск адзначаў 100-годдзе творчага аб’яднання «Сцвярджальнікаў новага мастацтва».
У ім удзельнічалі каля 150 дызайнераў і мастакоў з 15 краін: Беларусь, Расія, Венгрыя, Грэцыя, Італія, Кітай, ЗША, Украіна, Эквадор, Японія і іншыя. Было прадстаўлена 320 праектаў плакатаў і афармлення трамваяў.
Праўда, у 2020 годзе конкурсная выстава пратрымалася нядоўга — усяго адзін дзень. 12 сакавіка 2020 года адбылося адкрыццё выставы пераможцаў, дзе было прадстаўлена 120 работ, а на наступны дзень экспазіцыю закрылі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Выстава Міжнароднага конкурсу плаката «УНОВІС XXI стагоддзе». Фота: vitbichi.by
Таму зараз праект перажывае другое нараджэнне — яго адкрыццё адбылося ў Музеі гісторыі народнага мастацкага вучылішча.
На выставе прадстаўлены плакаты пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу, праекты афармлення трамвая і плакаты членаў журы. Уладальнікам Гран-пры была Караліна Грудзінская з Польшчы.