Праект «Культурны код» паразмаўляў з арт-менеджаркай Вольгай Кліп і папрасіў яе назваць сучасных беларускіх аўтараў, да творчасці якіх нам з вамі варта прыгледзецца. Атрымалася класная падборка вытанчанага, смелага і вельмі прыгожага.
Арт-куратарка Вольга Кліп. Фота: інстаграм @olgaklip
— Я буду называць тых мастакоў, якія мне падабаюцца. Творчасць якіх адпавядае найперш маім эстэтычным нормам, — тлумачыць свой выбар беларуская арт-менеджарка і куратарка цэлага шэрагу гучных і адметных праектаў Вольга Кліп.
— Гэта тое, на што мне прыемна глядзець, — дадае Вольга. — Тое, з чым мне прыемна кантактаваць. Гэта мастакі, якія знаходзяцца ў арэале маіх візуальных пераваг.
Што ж, слова эксперту.
— Марыя-Алена Банэ — маладая мастачка з вельмі эстэцкімі вытанчана-прыгожымі работамі. Асноўная тэхніка, у якой яна працуе — вельмі складаная. Гэта ручная фатаграфія, якая прадугледжвае працяглы працэс, і ён таксама цікавы і важны для мастачкі.
«Заручыны з морам» Марыі-Алены Банэ. Фота: інстаграм мастачкі @maria_elena_bonet
Зусім нядаўна мы разам з Марыяй-Аленай рабілі выставу і паказвалі ў Італіі яе «Заручыны з морам». Гэта вялікі мультымедыйны праект, у склад якога ўваходзіць ручная фатаграфія, відэаарт і паэзія, якая існуе ўжо на 4 мовах — беларускай, польскай, англійскай і італьянскай. Выстава прайшла ў горным мястэчку Сант-Элія-Ф’юмерапіда. У сярэднявечнай царкве Санта-Марыя-Маджарэ «Заручыны» загучалі інакш і атрымалі новыя, дадатковыя характарыстыкі.
«Заручыны з морам» Марыі-Алены Банэ. Фота: інстаграм мастачкі @maria_elena_bonet
«Чаму трэба сачыць за сучаснымі мастакамі? Таму што яны актыўныя, яны ствараюць заўжды новае, імкнуцца, яны з’яўляюцца ў міжнародным кантэксце. Яны прыцягваюць увагу інстытуцыі і экспертаў, і аматараў...».
— Я вельмі люблю і паважаю Ілону Касабуку, якая жыве і працуе ў Беларусі. Гэта жывапісец з вельмі тонкім пачуццём колеру і, безумоўна, кампазіцыі. Самыя яркія колеры ўспрымання яе прац — гэта, па вялікім рахунку, усе адценні чырвонага і ўсе адценні зялёнага, охры і грызайлю. І тое, як яна іх перадае і якім яны напоўненыя святлом — цудоўна.
«Сонечны дзень у кастрычніку» Ілоны Касабука. Фота: інстаграм мастачкі @kosobukoilona
Ілона — мастак штодзённасці, яе работы на першы погляд не перагружаны сацыяльным кантэкстам, але толькі на першы. Яна стварае неверагоднай прыгажосці жывапісныя прасторы, з якімі хочацца жыць, таму яны вельмі часта трапляюць у інтэр’еры.
«Я заклікаю ўсіх хадзіць у музей. Усіх, хто знаходзіцца ў Мінску, заклікаю абавязкова хадзіць у Нацыянальны мастацкі музей. Зараз яны дастаткова актыўна працуюць з запаснікамі, дзе захоўваюцца сапраўдныя скарбы».
— З дарослых мастакоў я, канечне, не магу не назваць Сяргея Грыневіча. Я думаю, што калі хтосьці хоць крыху знаёмы з мастацтвам, то знаёмы і з творчасцю гэтага аўтара. Ён жыве і працуе ў Беларусі, але пры гэтым вядзе міжнародную выставачную кар’еру. Калі, дарэчы, нехта хоча інвеставаць у мастацтва, то мне здаецца, што Сяргей Грыневіч — вельмі добрая кандыдатура. Напрыклад, таму, што вялікая колькасць яго твораў знаходзіцца ў калекцыі вельмі значнага швейцарскага калекцыянера, а ён, уклаўшы свае рэсурсы ў работы Сяргея, не дасць ім упасці ў кошце.
Сяргей Грыневіч — надзвычайны жывапісец, які неверагодным чынам працуе з колерам, прымушае гэты колер свяціцца. Памятаеце, як у Куінджы з яго маладзіком на небе? У Грыневіча акурат ёсць гэтае ўменне супаставіць некалькі фарбаў такім чынам, каб яны жылі.
«Малітва ў крыпце» Сяргея Грыневіча. Фота: інстаграм мастака @grinevichsergey
Часта яго працы бываюць вострасацыяльныя, але пры гэтым у Сяргея вялікі шэраг вельмі інтымных твораў, асабліва адзначу партрэты яго блізкіх і сяброў. Таму ёсць працы, якія можна ўпісаць у любы інтэр’ер, але пры гэтым мастак стварае і манументальныя палотны. Напрыклад, цыкл яго работ, які я назвала «Велікоднае трыдзенства» і які мы паказвалі ў межах праекта «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч». У «Тайнай вячэры» вялізнага фармату — дзесьці 2 на 4 метры — мастак абірае новы ракурс гэтага вельмі распаўсюджанага сюжэту, які мы бачым нібыта з мышынай норкі пад падлогай.
«Тайная вячэра» Сяргея Грыневіча. Фота: інстаграм @moneshishkinmalevich
— Мяне вельмі цікавіць гэтая маладая мастачка. Таша Кацуба цяпер працуе на мяжы візуальнага мастацтва і дызайну адзення, але гэта ў пэўнай ступені становіцца для яе выхадам у перфарматыўны жанр: калі твор мастацтва становіцца дынамічным і рухомым.
«Martlet» Ташы Кацубы. Фота: інстаграм мастачкі @tashakatsuba
Пры тым, што апошнім часам Таша працавала з дастаткова цяжкімі сацыяльнымі праблематыкамі, зараз я бачу тэндэнцыю да большай лёгкасці. Я думаю, што за гэтай мастачкай будзе вельмі цікава назіраць у бліжэйшыя гады, бо яна актыўна і захоплена займаецца сваёй справай. Гэта бясконцы пошук кантэкстаў, людзей, пошук новых магчымасцей, развіццё. Мне вельмі цікава, якой Таша будзе праз 2 гады, напрыклад. Я думаю, што гэта будзе вялікі якасны рост.
Таша Кацуба і адна з серыі яе работ «Death». Фота: інстаграм мастачкі @tashakatsuba
«Я называю мастакоў актыўных, у якіх я веру. (Але мы таксама абмежаваны колькасцю ў нашым спісе). Я бачу, што яны актыўна займаюцца сваімі мастацкімі практыкамі, не хайпуюць і пры гэтым ужо дасягнулі высокага мастацкага ўзроўню».
— Яшчэ я вельмі люблю мінскую мастачку Аню Сілівончык. Гэта цэлы кландайк розных тэхнік, жанраў, стыляў. Напрыклад, яна часта робіць працы, якія маюць дастаткова камерцыйны характар і могуць спадабацца ўсім. Напрыклад, у былыя часы Аня афармляла вітрыны ГУМа ў Мінску, і гэта былі найлепшыя вітрыны ў горадзе. Мастачка супрацоўнічала з «Марк Фармэль», разам яны рабілі прынт на вопратцы.
Таксама Ганна заўсёды працавала са складанымі сацыяльнымі канцэптамі, афармаляючы іх ў мультыдысцыплінарныя праекты, дзе з’яўляюцца жывапіс, скульптура, інсталяцыя і відэаарт. Пры гэтым з работамі Ані можна жыць і афармляць інтэр’еры, да чаго я ўсіх і схіляю.
«Садоўнік» Ганны Сілівончык. Фота: www.thinkfeelart.com
Ганна Сілівончык працягвае актыўна ўдзельнічаць у міжнародных фестывалях, арт-рэзідэнцыях і праектах. У мінулым годзе яна ездзіла ў ЗША на знакаміты фестываль Burning Man. У ліку іншых мастакоў з усяго свету яна там рабіла вялізную інсталяцыю, і сёлета таксама туды адпраўляецца.
Трыпціх «Асабістыя рэчы» Ганны Сілівончык. Фота: artcenter.by
«Як пачаць атрымліваць прыемнасць ад твораў візуальнага мастацтва? Трэба шмат трэніравацца і трэніравацца на творах мастацтва. І вось тады наступіць той момант катарсісу, пра які нам расказваў Арыстоцель. І мне сапраўды даводзілася перажываць гэты катарсіс: калі ты ўваходзіш у стан такога задавальнення ад убачанага, што ў цябе з’яўляюцца слёзы радасці і ты заміраеш. Да чаго падобнае гэтае адчуванне? Гэта як цудоўны пейзаж, ад якога замірае сэрца. Вось сапраўды такое ж пачуццё можна зведаць пры сузіранні твораў мастацтва, чаго я ўсім і жадаю».
— Мне вельмі падабаецца праект «Хутка-Смачна». Андрэй Бусел, які з’яўляецца яго кіраўніком, заўсёды распачынае нейкі двіж, дзе б ён не з’явіўся. З аднаго боку, выступае як стрыт-артыст, з другога — працуе з аб’ектамі. Але гэта ў любым выпадку выхад у працу з публікай, у працу з уключэннем аўдыторыі.
Мурал у месцы, дзе ў апошнія гады свайго жыцця хаваўся і працаваў Хаім Суцін. Фота: інстаграм праекта @hutkasmachnaa
Больш за тое, гэты аўтар знаходзіць нейкія новыя фарматы і аб’екты, размешчаныя ў прасторы горада, і дазваляе зірнуць на іх абсалютна па-новаму — так, як гэта было з праектам Vulica Brazil. Яго частка праходзіла ў Бразіліі, а там, як і ў многіх краінах свету, дастаткова шмат бяздомных. Часта гэтыя людзі начуюць у кардонных каробках. І вось Андрэй прыдумаў выразаць у такіх каробках гатычныя разеткі (вітражы, якія вы можаце бачыць у гатычных храмах). Па сутнасці, разам з групай мастакоў ён эстэтызаваў прытулак бяздомных. Такі падыход у мастацтве — гэта не што іншае, як спосаб звярнуць увагу на існуючую праблему.
Shelter. Фота: інстаграм праекта @hutkasmachnaa
— Цемра класная. Упершыню я ўбачыла Дашыны работы ў Мінску. Здаецца, гэта быў «Восеньскі салон» недзе ў 2017 годзе. Мастачка адразу стала прыкметная сваімі творамі. Тэхналагічна большасць яе работ можна назваць жывапісам, але пры гэтым яны настолькі складаныя ў сваёй тэхніцы, што адбываецца перастварэнне палатна ў аб’ект.
«Выцінанка» Цемры. Фота: сайт мастачкі cemra.art
Апошнія гады Цемра працавала з досыць цяжкімі сацыяльнымі тэмамі — разрыву сувязяў, страт, але зараз бачная яе трансфармацыя, калі яна з цёмнай цемры ператвараецца ў цемру светлую, у добрую медсястру, якая гатовая загаіць раны.
Любы публічны выхад Дашы — гэта перформанс. Тое, як яна апранаецца, цалкам суадносіцца з яе творамі. Яна малайчына, яна актыўна камунікуе з іншымі мастакамі, інстытуцыямі, яна вельмі стараецца, увесь час вучыцца, што вельмі важна для творцаў. І яна зусім маладая. Я думаю, што Цемра далёка пойдзе, і спадзяюся, што ў яе хопіць на гэта сілаў.
«Ампутацыя каранёў» Цемры. Фота: інстаграм мастачкі @cemraartist
З Вольгай Кліп адмыслова для Budzma.org размаўляў праект «Культурны код» — супольнасць, што аб’ядноўвае дзеячаў культуры і IT-адмыслоўцаў, лучыць паэзію і код, музей і віртуальную рэальнасць, шукае тых, хто працуе на памежжы жанраў і дысцыплін. На «Культурны код» можна падпісацца ў тэлеграме, лінкедзіне або інстаграме.