«У мяне тактыльнае ўспрыманне навакольнага свету, тактыльны зрок». Размова з керамісткай Ганнай Мядзведзевай пра святло і ўнутраныя адчуванні

Ганна Мядзведзева — мастачка-керамістка, якая ў сваіх абстрактных скульптурах увасабляе разнастайныя краявіды. Гучыць незвычайна, але гэта сапраўды так. Пластычная формула, якую вынайшла Ганна, заключаецца ў пошуку адпаведнікаў розных прыродных станаў — туманаў, імжы, сухой восені ці мяккай зімы, а таксама прыродных фактур — камянёў, кустоўя, растрэсканай гліны, што высахла пасля дажджу.

Hanna MiadzviedzievaГанна Мядзведзева. Фота Паўла Крывіцкага

У 2021 годзе Ганна выехала з Беларусі. Пакуль у яе няма сваёй майстэрні, яна перамяшчаецца па мастацкіх рэзідэнцыях Еўропы і Азіі і ў гэтых вандроўках мае магчымасць назіраць за рознымі ландшафтамі. Пасля пераплаўляе ўражанні ў мастацкія аб’екты.

У 2025 годзе мастачка атрымала першую прэмію на Міжнароднай біенале керамікі ў Авейра (Партугалія). Твор Ганны пад назвай «Даждлівы дзень» абралі сярод 782 работ ад 488 удзельнікаў.

Tvor Hanny Miadzviedzievaj «Daždlivy dzień»
Твор Ганны Мядзведзевай «Даждлівы дзень». Фота Паўла Крывіцкага

Паразмаўлялі з Ганнай Мядзведзевай пра тое, як нараджаецца керамічны твор, крыніцы натхнення, яе тэхналагічныя адкрыцці апошняга часу і самыя каштоўныя ўзнагароды.

— Вашы керамічныя аб’екты мала нагадваюць творы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а больш — скульптурныя працы... Ці вы асэнсоўваеце гэтыя межы паміж рознымі відамі мастацтва?

— Межы ў мастацтве сапраўды знікаюць, і мне падабаецца, што ў сучасным свеце можна выбіраць сабе памежныя кірункі, міксаваць.

У маёй працы ёсць і рамесніцкі пачатак, але пры гэтым я ствараю не ўжытковыя арт-аб’екты, а спалучаю розныя падыходы, і з гэтага вырастае маё ўнікальнае бачанне.
У мастацкім каледжы я вучылася на жывапісе, але мне заўсёды хацелася працаваць з аб’ёмам, таму ў Акадэмію мастацтва я паступіла на кераміку.

У мяне тактыльнае ўспрыманне навакольнага свету, тактыльны зрок — калі я бачу прадметы, мне цікава разглядаць іх паверхні — шурпатыя, парослыя мхом ці наадварот — бліскучыя. Цікава параўноўваць, і такім чынам назапашваецца візуальная памяць такіх паверхняў.

— Як вы выпрацавалі гэтую форму трохножкавых аб’ектаў?

— Я сем гадоў працавала ў Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе выкладала гісторыю керамікі. Аднойчы мы праходзілі позненеалітычныя і раннебронзавыя культуры і разглядалі трыподы — пасудзіны, паднятыя на тры ножкі. Я студэнтам тады патлумачыла, што гэта вельмі «разумны» аб’ект, бо мае стабільную пазіцыю.

Пазней я патрапіла на сімпозіум, дзе трэба было рабіць устойлівыя аб’екты, бо абпал праводзіўся ў дрывяных печках. А там важная стабільнасць. Тады ў мяне і ўсплыла ў памяці гэтая сістэма на трох ножках. Я паспрабавала зрабіць некалькі варыяцый, і мне спадабалася. Бо, з аднаго боку, аб’ект нібы стабільны, з іншага — узняты ў паветры. Нібы лунае ў прасторы.

Pracy Hanny Miadzviedzievaj
Працы Ганны Мядзведзевай. Фота Паўла Крывіцкага

— Як вы ствараеце такія складаныя паверхні? Яны ў вас сапраўды важны складнік вобраза...

— Так, гэта раўнаважны складнік — разам з формай.

Калі яшчэ выкладала ў Акадэміі мастацтваў, мела час і сваю працоўную прастору. У перапынках паміж лекцыямі можна было пагуляцца з матэрыялам. Я спачатку рабіла пробнікі з парцэляны, першыя працы былі невялікія — ажурныя і вельмі крохкія. А потым я захацела зрабіць вялікі праект з парцэляны і падалася на польскую стыпендыю «Gaude Polonia». Патрапіла ва Уроцлаў, дзе меркавала працаваць у мясцовай Акадэміі мастацтваў. Але пачаўся ковід, і давялося пераязджаць з акадэмічнай майстэрні ў кватэру з усімі матэрыяламі і інструментамі. І я зразумела, што свой будучы парцэлянавы твор я проста не данясу да печы, такія крохкія аб’екты складана транспартаваць з месца на месца. Таму пераасэнсавала свой праект.

Тады я знаходзілася ў нейкай роспачы, нікуды няможна было выходзіць, на вуліцах хадзілі патрулі. Памятаю, аднойчы вечарам праслізнула паўз такі патруль, бо вельмі хацелася падыхаць паветрам. Быў захад сонца, і чырвоныя промні адбіваліся ад дрэў і ўсіх паверхняў. І ў мяне было ўражанне ад залітага святлом свету, як ад карціны Мунка, толькі не такое негатыўнае. І тады я зразумела, што хачу далей рабіць.

Я не магу патлумачыць механізм гэтага азарэння, але ў галаве склалася цэласная карціна. Замовіла новыя матэрыялы і пачала ствараць больш скульптурныя формы. Першы аб’ект быў на трох ножках. Я яго задзьмувала чырвоным пігментам, каб дасягнуць уражання заходу сонца.

Такі эфект дадаваў глыбіні, якая ўзнікае, калі глядзець на дрэвы пры заходзе сонца: у іх ёсць ззянне.

Tvor Hanny Miadzviedzievaj INTRO
Твор Ганны Мядзведзевай INTRO. Фота Паўла Крывіцкага

— А як вы тэхнічна ствараеце свае фактуры?

— Спачатку ляплю аснову, пустацелую ўнутры, разводжу гліну з вадой і выціскаю на паверхню кроплі. А потым кроплі спалучаю паміж сабой такімі мазкамі.

— Якога памеру ваш самы вялікі твор?

— На сёння самая вялікая мая праца — метр трыццаць да выпалу, я зрабіла яе ў Нарвегіі. Бо ў іх быў адмысловы транспарт, каб ставіць вялікія аб’екты ў печку.

— Вы называеце свае творы краявідамі, але чаму яны захоўваюць умоўную форму нейкіх амфар, пасудзін, чаму яны не расцякаюцца гарызантальна, не імітуюць зямлю і неба?

— Гэта маё вобразнае ўспрыманне краявіду — я ствараю мікракосмас, праз які я намагаюся выявіць тое, што я адчуваю ў нейкім канкрэтным краявідзе. Круглыя формы аб’ектаў адсылаюць да кшталту зямлі, які бачыш, калі ляціш у самалёце. У мяне зямля памяншаецца да памеру скульптуры.

— А на паверхні вашых аб’ектаў — мікраструктуры. То-бок ваша оптыка ў тым, каб спалучыць мікра- і макраформы?

— Я люблю назіраць за тым, як кладзецца святло, як прамяні слізгаюць па паверхнях. І з гэтага нараджаюцца формы і фактуры маіх твораў. Гэта могуць быць дынамічныя формы ці больш спакойныя і акруглыя. Гэта ўсё нараджаецца праз адчуванне святла.

Таксама назіраю, як святло трапляе праз галінкі дрэў. Калі гуляю з такімі эфектамі, то скульптуры атрымліваюцца больш прасторавыя, тэкстура нібы ідзе ўглыб самой скульптуры.

 U studyi
 У студыі. Фота Ганны Мядзведзевай

— У жывапісца можна спытаць: «Вось вы стаіце перад белым палатном, як пачынаецца ваш твор?». А у вас? З чаго пачынаецца керамічны твор?

— У мяне пачынаецца з таго, што я знаходжуся ў нейкім канкрэтным месцы і намагаюся злавіць свае адчуванні ад гэтага месца, адрэфлексаваць іх.
Напрыклад, цяпер я ў Латвіі, горад замецены снегам, і мне цікава назіраць за тым, як змяняюцца кшталты вуліц. Усё становіцца вельмі мяккім, іншым. Таксама назіраю, як усход ці заход сонца змяняюць краявід. Ці нейкая хмара нада мной навісае...

У мяне змяняюцца ўнутраныя пачуцці, і я стараюся пераплавіць свае ўражанні ў вобразную мову.

— Як вы шукаеце свае мікрапаверхні? Робіце эскізы на паперы ці эксперыментуеце наўпрост у гліне?

— Усё ж больш у гліне. Я, зразумела, малюю нейкія эскізы, але для мяне важна адчуць, як гліна сябе паводзіць. Таму раблю тэстары ў матэрыяле і гляджу, як з гэтым можна пагуляцца, каб быў той эфект, які мне патрэбны.

Hanna Miadzviedzieva
 Ганна Мядзведзева. Фота Паўла Крывіцкага

— Ці былі ў вас нейкія тэхналагічныя адкрыцці апошнім часам?

— Такія адкрыцці здараюцца, калі прыязджаеш у новыя месцы, а там іншыя ўмовы. Розныя керамічныя цэнтры маюць свае ўласныя традыцыі са сваімі тэхналогіямі выпалаў.

Напрыклад, я нядаўна была ў Інданэзіі, дзе ўсе выпалы робяць газам. Яны рабілі ў газавай печцы выпал з содай, гэта значыць што аб’екты туды ставяцца не паліваныя палівай, а на іх праз спецыяльныя адтуліны засыпаецца сода, якая паступова ў працэсе абпалу нераўнамерным слоем асядае на паверхню. Атрымліваецца вельмі цікавы эфект.

Калі не паехаць у спецыяльнае месца, дзе гэта робіцца, можна не зразумець, як гэта так адбываецца. Мне было цікава паспрабаваць.

Tvor Hanny Miadzviedzievaj «Ziamla»
Твор Ганны Мядзведзевай «Зямля». Фота Паўла Крывіцкага

— У вас майстэрня — цэлы свет, вы пераязджаеце з месца на месца і эксперыментуеце...

— Так, бо кожная новая тэхналогія пашырае дыяпазон. Гэта не значыць, што я буду гэтую тэхналогію абавязкова выкарыстоўваць, але ведаю, што такое існуе. І калі раптам у мяне будзе творчая задача, каб зрабіць эфект гэтага содавага выпалу, я буду ведаць, што мне трэба знайсці адпаведны керамічны цэнтр.

— А вас не абмяжоўвае тое, што вы настолькі залежыце ад матэрыялу?

— Можа, нейкае абмежаванне і ёсць, але калі ты адчуваеш матэрыял, то ведаеш як з ім можна дамаўляццца, супрацоўнічаць. І гэта вельмі цікава, бо матэрыял з кожным творам раскрываецца трошкі іначай. Існуе неабмежаваная колькасць эксперыментаў з керамікай, бо яна вельмі розная. Можна працаваць з формамі, з эксперыментальнымі выпаламі.

Не ведаю іншага такога матэрыялу, які б мог даваць столькі магчымасцяў. Кераміка дазваляе зрабіць сваё мастацкае выказванне рознымі спосабамі. Кераміка і пластычная, і крохкая. Нехта любіць працаваць з вытанчанымі формамі, нехта з больш брутальнымі, каб паказаць стыхію гэтага матэрыялу. Урэшце пасля абпалу твор можна разбіць і зрабіць з абломкаў нешта новае.

— Які краявід уразіў найбольш як мастака-пейзажыста?

— У Нарвегіі я паставіла твор у печку на выпал, і ў мяне быў час каля тыдня, пакуль ён выпальваецца і астывае. І мы вырушылі ўглыб Нарвегіі, але выпадкова збочылі з турыстычных шляхоў і натрапілілі на марсіянскія краявіды — вялікую прастору, пакрытую імхамі і дробным кустоўем, быў лёгкі туман, і выглядала гэта вельмі атмасферна.

— І гэта пералілося ў працу?

— Так, твор называецца «Кастрычнік».

— Вы часта атрымліваеце ўзнагароды. Якая з іх для вас самая важная?

— Прэмія Фаэнца Міжнароднай біенале сучаснай керамікі ў Італіі. Пра гэтую прэмію ведалі мастакі, якія нам выкладалі ў Акадэміі. Я ўдзельнічала там з творам «Лістапад».

Tvor Hanny Miadzviedzievaj «Listapad»Твор Ганны Мядзведзевай «Лістапад». Фота

Калі надыходзіць гэты халодны месяц, мы скурчваемся ад холаду. І мая праца сама ў сябе ахінаецца. Я імкнулася перадаць гэты пераход да зімняга стану, калі глеба распаханая, рыхлая, цёмная, калі зніклі ўсе колеры. Гэта час, калі мы замаруджваемся, разумеем, што трэба ператрываць гэты зімовы перыяд і шукаем нейкую апору ў саміх сабе.

Каб ускладніць паверхню твора, я ляпіла доўгія слупкі, таму атрымаліся больш глыбокія структуры. Калі падыходзіш да скульптуры бліжэй, бачыш глыбіню, якая зацягвае. У абгрунтаванні журы напісана, што твор адначасова просты і вельмі складаны за кошт сваёй паверхні.

А сама праца — гэта мае філасофскія разважанні пра тое, якім будзе жыццё далей — пасля зімы.

Міхаліна Мехавіч, Budzma.org