Adu.place падабралі годны кантэнт — на якіх беларусак можна падпісацца ў сацсетках, каб адукоўвацца? Ад студэнцкага жыцця і мастацкага музея — да ёгі і падарожжаў — беларускі паказваюць і расказваюць, як асветніцтва можна ладзіць у любой сферы.
Анастасія Кей
Знакамітая блогерка нарадзілася ў Мінску, але з дзяцінства шмат пераязджала і навучалася ў Еўропе, закончыла магістратуру ў Гарвардзе ў 2020 годзе. Анастасія працавала ў кансалтынгу, але потым паглыбілася ў тэму адукацыі і цяпер вядзе блог на ютуб. Там ты зможаш знайсці парады, як самаадукоўвацца і развіваць софт-скілы.
Што важна — Насця чытае шмат навуковай літаратуры і «перакладае» яе на больш простую мову. Тайм-мэнэджмэнт, замежныя мовы, нейрабіялогія і кагнітывістыка — гэта ўсё пра тэмы блогу. Акром гэтага, можаш падпісацца на Насціну штотыднёвую рассылку.
Анастасія
Анастасія жыве ў Ніцы і вучыцца прыкладным мовам, нядаўна здала французскую мову на С2 і выкладае яе. У блогу яна распавядае пра вучобу і лайфхакі па вывучэнні французскай мовы. Яна імкнецца паказаць, што мовы — гэта важна і не балюча, і робіць гэта на сваім прыкладзе.
Пакуль Анастасія не вядзе асабістых заняткаў, але набірае вучняў і вучаніц у размоўныя клубы. Дзяўчына расказвае, як калісьці пад дахам на лецішчы бабулі чытала «Хобіта», а цяпер гісторыі падарожжаў і пераадольванняў — ужо не аповед Толкіна, а яе жыццё. Пра гэта і піша, а пачынала з «Эразмуса» ў Лілі ў 2021 годзе!
Дар’я Латышэвіч
У профілі Дашы напісана, што яна хрысціянка, гісторык і магістр. Пра гэта яна і раказвае на сваёй старонцы. Дзяўчына працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі, таму праз яе старонку заўсёды можна зазірнуць крыху далей выставачных заляў, бо яна паказвае шмат бэкстэйджу, звычайна незаўважнага наведвальнікам.
Яна шмат чытае — як мастацкую літаратуру, так і нонфікшн, а таксама расказвае пра ўсё гэта ў блогу. Таксама Дар’я шмат расказвае пра хрысціянства — калі вам цікавая тэма, далучайцеся да інстаграма.
Ганна Сямёнава
Беларуска вядзе тэлеграм-канал пра сваю вучобу ў Стэнфардзе. Калі дзяўчына вучылася ў 10-м класе, то паглядзела фільм Дудзя пра Крэмніевую даліну і вырашыла паступаць у Амерыку — як бачыце, у яе ўсё атрымалася.
У канале яна паказвае розныя бакі сваёй вучобы, а таксама расказвае пра складанасці. Фотаздымкі стэнфардскага кампуса, лайфхакі па паступленні ў ЗША, невідавочныя праблемы вучобы — Ганна шчыра расказвае пра ўсё гэта на сваім канале.
Маша Скараход
Маша — выкладчыца англійскай мовы, раней у яе была афлайн-школа ў Мінску, пасля кавіду яна перайшла на анлайн-выкладанне. А пачынала яна з першай школы, якую стварыла на другім курсе! Цяпер яна распрацоўшчыца курсаў і абяцае навучыць запамінаць словы, нават калі ў вас «дрэнная памяць». Яна часам набірае студэнтаў і студэнтак, але, нават калі набору няма, праз Машын інстаграм можна нядрэнна прашарыцца ў англійскай. Тут вы знойдзеце і натхненне вучыць мову, і канкрэтныя граматычныя парады.
Ганна Пазняк
Ганна паспела заснаваць лічбавае медыя ў Беларусі, арганізаваць некалькі міжнародных імпрэз і зрабіла кар’еру ў міжнародным PR. Пасля гэтага — зразумела, што хоча вучыць людзей софт-скілам, — пачала рабіць анлайн-мерапрыемствы па гэтай тэме. Нядаўна запусціла свой першы курс.
У яе інстаграме — пра тое, як ладзіцца наша камунікацыя з сабой і іншымі людзьмі і што мы можам зрабіць, каб быць бліжэй. Шмат чытае, любіць танцы і вініл, займаецца ёгай — гэта таксама можна знайсці на яе старонцы, апроч тэм аўтэнтычнасці, софт-скілоў, лідарства і эмацыйнага інтэлекту.
Лілія
Лілія закончыла амерыканскую ВНУ UCLA па праграме перападрыхтоўкі Design of Communication Art, графічная дызайнерка-пачаткоўца, спявачка-аматарка і музыка. Акрамя таго, маці двух дзетак — усёй сям’ёй яны эмігравалі ў Сан-Францыска, калі малодшаму сыну было ўсяго пяць тыдняў. У юнацтве спявала ў рок-гуртах, цяпер шмат адукоўваецца — пра гэта і расказвае на сваёй старонцы.
У яе можна знайсці вучэбныя цікавосткі: напрыклад, допіс пра 35 адукацыйных праграм для міжнародных студэнтак і студэнтаў на магістарскія і доктарскія ступені ў ЗША, якія цалкам фінансуюцца.
Дарына Ягорава
Дарына — сертыфікаваная «Ёга-Альянсам» (USA Yoga Alliance) выкладчыца ёгі. Калі сачыць за яе старонкай, можна шмат даведацца пра розныя методыкі навучання ёге: яна не толькі паказвае прыгожыя асаны, але і шмат расказвае пра філасофію, публікуе глыбокія разважлівыя допісы на тэму фізічнага і ментальнага здароўя. Дарына шмат падарожнічае, жыла ў Японіі, Англіі, таму паралельна расказвае пра гэты бок свайго досведу.
Вольга Галубка
У 38 гадоў, праз 16 гадоў пасля атрымання дыплома бакалаўра ў МДЛУ, яна паступіла ў Вестмінстарскі ўніверсітэт на магістарскую праграму «Міжнародная камунікацыя, устанаўленне сувязей і адвакацыя». Цяпер у сваім фэйсбуку яна расказвае пра вучобу ў Лондане — у каментарыях распачынаюцца цэлыя дыскусіі пра тэрміны і падыходы, — а таксама посціць фотаздымкі з утульных лонданскіх бібліятэк.
Вера Крамко
Вера — выкладчыца англійскай мовы і амбасадарка Стоўбцаў, як яна сама сябе называе. Са сваім больш чым 15-гадовым досведам рэпетытаркі яна ў рылзах з брытанскім вымаўленнем вучыць вас мове, а потым посціць цудоўныя ўпрыгажэнні з бісеру, якія сама вырабляе.
Паралельна расказвае пра сваё жыццё ў Стоўбцах і клёвыя месцы ў горадзе. Акрамя гэтага, муж Веры — каваль, таму незвычайных гісторый пра гэту прафесію яна таксама ведае далёка не вобмаль!
Паліна Муштукава
Паліна вучылася на малекулярнай медыцыне ў Германіі, зразумела, што гэта не яе тэма, і вярнулася ў Беларусь вучыцца на хіміка. Таму яна ўпэўненая, што можна памыліцца і зрабіць крок назад, каб потым прайсці два наперад.
У 2020 годзе атрымала дыплом хіміка-фармацэўткі, выкладае хімію, а ў 2022 годзе паступіла ў магістратуру ў Талінскі ўніверсітэт. У інстаграме — пра шлях праз памылкі і перамогі, а таксама хімію, якая зразумела нават гуманітарыям.
Ксенія Валністая
Ксенія — піяршчыца і камунікацыйная менеджарка ў tech-сферы. Што гэта такое, яна апісвае на сваёй старонцы. Ладзіць мерапрыемствы па нэтворкінгу ў Мінску, дапамагае кампаніям стаць больш заўважнымі. А яшчэ запісвае айцішны цікток, які цікавы не толькі айцішнікам і айцішніцам.
@ksunhrun
Анастасія
Насця вучыцца ў Лінцы і на сваёй старонцы паказвае студэнцкае жыццё ў Аўстрыі. Лайфстайл пра паездкі на вучобу, падарожжы, сустрэчы з сям’ёй, веганства і экалогію.
Карына Гінько
Карына называе сябе піяр-менеджаркай беларускай гісторыі і вясёлым гідам Гродна. Грунтоўна і сэнсоўна пра падарожжы — гэта да яе, бо да таго ж Карына — магістарка гістарычных навук. У блогу і гістарычныя факты, і прыгожыя мясціны, і легенды і паданні. А яшчэ музеі, выставы, беларускія вёскі! Але найвялікшая любоў дзяўчыны — Гродна, дзе яна і жыве. Пра яе нідзе вы не знойдзеце так шмат, як на яе старонках. З нядаўняга часу яна таксама вядзе цікток.
@hosciechka
Дзіяна
Дзіяна вучыцца ва ўніверсітэце Кларка ў ЗША. Вядзе прыгожы інст і карысны тэлеграм-канал. Апісвае яго як канал пра сваё «задроцтва», але якое класнае! Напрыклад, апошні допіс — пра тое, якія класы дзяўчына вывучае ў гэтым семестры. З невідавочнага — семінар па псіхалогіі падлеткаў. Ёсць кружочкі, мемы і рэцэнзіі на кніжкі. Усё каб натхняцца і адпачываць! Не прапусціце суперкарысны допіс, як Дзіяна выкарыстоўвае чат GPT для навучання.
Крысціна
Беларуска паступіла ў University of Pennsylvania Wharton Business School Class of 2028 з поўным фінансаваннем у снежні 2023 года і вядзе свой тэлеграм-канал пра вучобу ў ЗША. Ведае англійскую мову на С1, шмат піша пра мову, паступленне і ўніверсітэт.