Загадкі курганоў і таямніца каменнага крыжа: пра што гавораць найноўшыя археалагічныя адкрыцці на Кругляншчыне

Круглянскі раён даўно карыстаецца славай археалагічнага Эльдарада, аднак яго зямля да гэтага часу тоіць больш загадак, чым адказаў. Чаму менавіта тут разгарнуліся маштабныя раскопкі і чым гэты край так прыцягвае навукоўцаў? Што адкрылі апошнія палявыя сезоны Прыдруцкага краю, і ці праўда, што каменны крыж з-пад вёскі Гоенка мае знак Рурыкавічаў? Пра археалагічныя скарбы і нечаканыя знаходкі на Кругляншчыне расказваем у гэтым матэрыяле.

Чым Кругляншчына цікавая для даследчыкаў

Ужо некалькі гадоў запар тэрыторыя Круглянскага раёна з’яўляецца эпіцэнтрам археалагічных даследаванняў, якія суправаджаюцца вывучэннем курганных пахаванняў. Аднак чым так прыцягвае навукоўцаў гэты Прыдруцкі край? 

Па-першае, гэта адзін з рэгіёнаў, які некалі ўваходзіў ва ўдзельнае Друцкае княства, але пры гэтым застаўся слаба даследаваным, што стварае прыдатную глебу для нечаканых і нават сенсацыйных адкрыццяў. Грунтоўна вывучаючы тэрыторыю раёна, можна ў будучыні вызначыць прыблізныя межы Друцкага княства, а магчыма, і знайсці месцы пахавання родаплемянной эліты. 

Па-другое, край багаты на вялікую колькасць курганных могільнікаў. 

Да прыкладу, каля вёскі Арава знаходзіцца курганны могільнік, які яшчэ за савецкім часам лічыўся помнікам саюзнага значэння. Адзначым, што ў Беларусі аб’ектаў з такім высокім статусам на той час было вельмі мала. Што цікава, часткова гэтая курганная група была адкрыта яшчэ ў 1930 годзе археолагам Аляксандрам Каваленем. Пазней, у 1967 годзе, адзін з курганоў быў раскапаны знаным савецкім даследчыкам Л. В. Аляксеевым, які выявіў пахаванне па абрадзе трупаспалення. Перапаленыя косткі належалі двум дарослым і аднаму дзіцяці і знаходзіліся ў трох рытуальных пасудзінах, на адной з якіх былі адбіткі кляйма ў выглядзе выпуклай шасціканцовай зоркі. Знойдзеная кераміка лічыцца самай старажытнай на ўсёй Магілёўскай вобласці.

 Znojdzienyja rečy z kurhana kalia v. Arava ŭ ekspazicyi Kruhlianskaha muzieja
Знойдзеныя рэчы з кургана каля в. Арава ў экспазіцыі Круглянскага музея. Фота: sb.by

У 1970–1980-я гады падчас укладання спіса археалагічных помнікаў раёна магілёўскім даследчыкам Вячаславам Капыціным было знойдзена і абследавана яшчэ некалькі насыпаў каля вёскі Арава. Аднак у 2014 годзе большая частка гэтага курганнага могільніка, які лічыўся хрэстаматыйным помнікам, была знішчана супрацоўнікамі райаграпрамтэхнаба. У выніку ўцалелі толькі тры курганы, што знаходзяцца ў лесе, астатнія восем, якія размяшчаліся на полі, былі проста пераараны.

Як археалагічныя даследаванні змяняюць уяўленні пра рассяленне плямёнаў

Улетку 2022 года археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распачалі даследаванне курганнага могільніка каля вёскі Азёры Круглянскага раёна, якое паспяхова працягваецца ўжо некалькі палявых сезонаў. На адлегласці 200 метраў ад вёскі лакалізуюцца чатыры насыпы, размешчаныя на беразе невялікага безымяннага возера. Месца было выбрана невыпадкова: менавіта тут знаходзіцца самы вялікі курган на ўсёй Магілёўшчыне, вышыня якога дасягае 6 метраў, а дыяметр — 25 метраў.

У першыя два археалагічныя сезоны навукоўцы грунтоўна даследавалі курган пад нумарам тры. У ім было выяўлена чатыры ўзроўні пахаванняў, зробленых па абрадзе трупаспалення (крэмацыі). Прычым на верхнім узроўні знаходзілася калектыўнае пахаванне, спаленыя парэшткі размяшчаліся ў спецыяльных рытуальных сасудах. Відавочна, што раскапаны курган належаў аднаму роду, прадстаўнікі якога спачывалі ў калектыўным могільніку.

Rytuaĺny posudРытуальны посуд для чалавечых парэшткаў, знойдзены ў кургане каля в. Азёры. Фота: krugloe.gov.by

Аднак найбольшую цікавасць вучоных прыцягваў менавіта велізарны курган № 4, даследаванне якога працягваецца ўжо трэцяе лета. Ён таксама аказаўся сямейнай усыпальніцай: археолагі знайшлі чатыры пахаванні па абрадзе крэмацыі, а таксама парэшткі пяці дзяцей, якія былі пахаваны пазней. 

Паводле загадчыка Цэнтра археалогіі НАН Беларусі Аляксея Аўласовіча, пакуль можна толькі меркаваць, чаму дзеці былі пахаваныя менавіта тут. Адной з версій навукоўцы называюць эпідэмію або тое, што дзеці маглі быць нехрышчонымі. Гэтая знаходка стала нечаканым адкрыццём, бо дзіцячыя пахаванні ў такіх комплексах сустракаюцца рэдка і звычайна сведчаць пра нейкае надзвычайнае здарэнне. 

 Ahuĺny vyhliad raskopa vialikaha kurhana kalia vioski Aziory
Агульны выгляд раскопа вялікага кургана каля вёскі Азёры. Фота: belta.by

Падчас раскопак таксама знойдзены фрагменты шкляных і касцяных жаночых упрыгожанняў, керамічны посуд і наканечнікі стрэл. Такія рэчы, як адзначаюць археолагі, клалі ў магілы разам з памерлымі паводле тагачасных пахавальных традыцый.

Выяўленая кераміка і элементы жаночых упрыгожванняў, а таксама асаблівасці пахавальнага абраду абодвух даследаваных курганоў (урнавыя пахаванні ў скрынях на схіле насыпу, наяўнасць драўляных скрыняў і здзяйсненне пахаванняў вышэй за ўзровень гарызонту) пераканаўча сведчаць, што тут спачываюць менавіта прадстаўнікі радзімічаў. Паводле знойдзенага матэрыялу, гэтыя помнікі можна датаваць 950-980 альбо 990 гадамі, а гэта значыць, пахаванні зроблены яшчэ да прыходу хрысціянства на нашыя землі.

Усе гэтыя маркеры паказваюць на маштабную хвалю міграцыі славянскага насельніцтва з левабярэжжа Дняпра (басейнаў Сейма і Дзясны) у Магілёўскае Падняпроўе і Пасожжа ў сярэдзіне — другой палове X стагоддзя. 

Праведзеныя даследаванні змяняюць наша ўяўленне пра рассяленне плямёнаў, якія ў будучыні сталі асновай для фарміравання беларускага народа. Справа ў тым, што тэрыторыя сучаснага Круглянскага раёна традыцыйна лічылася арэалам рассялення крывічоў. Разам з тым не выключана, што на Кругляншчыне ў раннім Сярэднявеччы магла проста існаваць кампактная выспа радзіміцкага насельніцтва, якое мірна суіснавала з паноўным крывіцкім асяроддзем.

Kieramičny posud
Керамічны посуд, знойдзены ў вялікім кургане каля вёскі Азёры. Фота: belta.by

Каменны крыж як межавы знак ці сакральны сімвал?

Археалагічныя пошукі на тэрыторыі Круглянскага раёна, відавочна, на гэтым не скончацца, бо застаецца яшчэ шэраг адметных месцаў, якія археолагі (зрэшты і не толькі яны) хацелі б грунтоўна вывучыць. Сярод іх — ваколіцы вёскі Гоенка, дзе знаходзяцца 10 курганных насыпаў паўсферычнай формы. 

Гэта мясціна цікавая тым, што ў 1995 годзе паміж вёскай Гоенка і возерам Хотам’е (іншая назва — Святое) быў знойдзены старажытны каменны крыж. На сённяшні дзень няма дакладнага адказу, якую менавіта функцыю ён выконваў. Самая распаўсюджаная версія — крыж выкарыстоўваўся як паказальнік княжацкіх уладанняў. Музейныя супрацоўнікі лічаць, што на ім высечаны герб Рурыкавічаў у форме трызубца, і датуюць аб’ект X–XII стагоддзямі. Вышыня крыжа складае больш за метр, а шырыня — больш за паўметра. Магчыма, ён сапраўды пазначаў межы Друцкага княства, але для канчатковых сцвярджэнняў патрэбны дадатковыя раскопкі. Пры гэтым адносна недалёкае размяшчэнне каменнага крыжа ад возера Хотам’е/Святое падштурхоўвае да прачытання яго як аб’екта сакральнага прызначэння.

Vyjava kamiennaha kryža
Выява каменнага крыжа, што знаходзіцца ў экспазіцыі Круглянскага гісторыка-краязнаўчага музея. Фота: orda.of.by

У сувязі з гэтым цікавасць уяўляе і курганны могільнік каля вёскі Шапялевічы, якая суседнічае з Гоенкай. У яе ваколіцах размешчаны чатыры насыпы паўсферычнай формы розных памераў (вышыня ад 0,5 да 7 метраў, дыяметр — 6–8 метраў). Адметна, што на адным з курганоў пабудавана капліца. На гэтым месцы першапачаткова таксама мог стаяць каменны крыж, якому пакланяліся, а ў пазнейшыя часы замест паганскай ці старажытнай хрысціянскай выявы паўстала каплічка. Такія рэлігійныя метамарфозы неаднойчы фіксавалі беларускія этнографы і археолагі.

Відавочна, што археалагічныя даследаванні месца, дзе першапачаткова знайшлі камень, маглі б, з аднаго боку, пацвердзіць або абвергнуць версію пра крыж як межавы знак, а магчыма, і зрабіць прарыў у вызначэнні паўднёвай мяжы Друцкага княства. З іншага боку, новыя раскопкі дапамаглі б надзейна інтэрпрэтаваць прызначэнне каменнага аб’екта, бо не выключана, што крыж мог спачатку знаходзіцца на самім кургане, а з цягам часу змяніць сваю лакалізацыю. У сваю чаргу, далейшае вывучэнне мясцовых курганоў дало б больш інфармацыі наконт этнічнага складу раннесярэднявечнага насельніцтва Кругляншчыны, а таксама паказала б, наколькі імкліва адбываўся працэс хрысціянізацыі тубыльцаў.

А.К., Budzma.org