«Зямля пад шэрымі крыламі». Бітва, у якой Лукашэнка перамог

Новая кніга Віктара Шадурскага, былога дэкана факультэта міжнародных адносінаў БДУ, паказвае сталенне беларускага Левіяфана: як бюракратычная вертыкаль падмяніла сабой дзяржаву, а дзяржава — стала пасткай для цэлага народа.
szadurski-01loga.jpg

Назва кнігі недарма перагукаецца з «Зямлёй пад белымі крыламі» Караткевіча. Класік уплёў у тэкст свайго нарыса легенду пра «дрэннае начальства», якім Бог нібыта ўзнагародзіў беларусаў. Шадурскі дае анатамічны аналіз гэтага самага «начальства» за чвэрць стагоддзя: 1996–2020.

Кніга з’яўляецца працягам працы «Нараджэнне беларускага Левіяфана», дзе разглядаецца папярэдні перыяд: 1990–1996. Там нараджэнне, а тут — сталенне, актыўны перыяд і... дэкаданс. Час, калі рашэнні прымаюцца па інерцыі, а палітычная «чуйка» вярхоўнага правадыра можа даваць збоі.

«Государевы люди» і «кадравыя трупы»

Пасля 2020-га сімвалам лукашэнкаўскай сістэмы стаў «сілавік» у масцы з дручком у руцэ. Але аўтар нагадвае пра цэлую армію бюракратаў, якія сталі плоццю і крывёй рэжыму: «прэзідэнцкая вертыкаль», «кадравы рэзерв», «кадравы рэестр», начальнікі, іх намеснікі, намеснікі намеснікаў і памочнікі сакратароў... «Государевы люди». Калектыўны монстр, якога кіраўнік сістэмы ляпіў пад сябе.

Шадурскі нагадвае пра «субкультуру» ўлады і негалосныя правілы выжывання ў гэтай экасістэме. Напрыклад, рэгулярныя прыніжэнні з боку правадыра: практыка, якая «фільтруе» шэрагі бюракратаў. Застаюцца тыя, хто пагаджаецца з правіламі гульні. Сам рытуал «публічнай поркі» становіцца шоу для «маўклівай большасці» — гледачоў дзяржаўных каналаў.

Аўтар звяртае ўвагу на невідавочныя факты. Напрыклад, 77% кіраўнікоў райвыканкамаў у Беларусі — гэта аграрыі, якія скончылі сельскагаспадарчыя ВНУ. А вось чыноўнікі з іншымі профілямі вышэйшай адукацыі — хутка ставалі «кадравымі трупамі». Яны маглі дарасці да пасады намесніка старшыні выканкама і... усё. Застацца там на дзесяцігоддзі.

Ці вось — гендарны момант. Жанчын зусім няма сярод кіраўнікоў абласцей. А сярод кіраўнікоў 118 раёнаў у 2024-м жанчын было ўсяго толькі... 5 (пяць!). То-бок, ніякага даверу да жанчын у кіраўнічых органах чамусьці няма. А вось «бліжэй да цела» маюць шанец пралезці хіба пасрэдныя персанажы тыпу Качанавай, якая ведае дзясятак завучаных фраз, накшталт: «Трэба быць бліжэй да народа».

«Дрэсіроўка» вертыкалі — атрымалася

Шадурскі звяртае ўвагу на адмоўную селекцыю ў беларускай вертыкалі. З аднаго боку, колькасць людзей, якім выгадны статус-кво ў Беларусі — расце. Гэта чыноўнікі ды іх сем’і, якія атрымалі кватэры або ўчасткі зямлі пад будаўніцтва. Гадамі былі ўдзельнікамі карупцыйных схемаў, не маючы адпаведных сваім пасадам уменняў.

Szadurski_03.jpg
Віктар Шалурскі. Фота: "Наша Ніва"

З іншага боку, фільтр дзяржапарату ўсё мацней біў па якасці «чалавечага матэрыялу». На пасадах заставаліся тыя, хто не задаваў лішніх пытанняў. Не мог іх нават сфармуляваць. Простымі словамі, тыя — хто быў цалкам пазбаўлены ініцыятывы і крытычнага мыслення. Калі ў 2013-м чыноўнікі яшчэ маглі запярэчыць Лукашэнку (!) наконт збору ў 100$ для тых, хто выязджае за мяжу за пакупкамі, то зараз падобная сітуацыя падаецца фантастычнай.

Тым не менш эксперымент па «дрэсіроўцы» вертыкалі — атрымаўся. Гэта тая бітва, у якой Лукашэнка, безумоўна, перамог. Пра гэта сведчыць абсалютна мізэрны адсотак высокіх дзяржслужачых, якія з 1996 па 2020-ты пераходзілі на бок апазіцыі і крытыкавалі афіцыйную лінію: Чыгір, Вайтовіч, Саннікаў... Важна, што за сабой яны не маглі пацягнуць свае міністэрствы і ведамствы. Наадварот: самі ставалі «ізгоямі» для ўчорашніх сяброў і калег.

«Правіла 3.5%»

На першы погляд, пра этапы сталення лукашэнкаўскай сістэмы ўжо шмат пісалі Сіліцкі, Булгакаў, Пашкевіч ды сотні іншых.

У кнізе няма нічога новага. У той жа час — гэта спроба разгледзець механіку працэсаў з вышыні 2026 года. Узгадаць і асэнсаваць тое, што падавалася будзённым.

Часам — усміхнуцца. А як яшчэ ўспрымаць узгаданае аўтарам «правіла 3.5%»? Яго сфармулявалі ў 2011-м даследчыкі з Калумбійскага ўніверсітэта ў працы ‘Why Civil Resistance works, The strategic Logic of Nonviolent Conflict’. У працы ідзецца пра тое, што 3.5% грамадства могуць зрынуць аўтарытарны рэжым шляхам негвалтоўнага супраціву... Што ж, у Калумбійскім універсітэце — магчыма. У Беларусі — наўрад ці.

Палітычны гід па Беларусі

Кніга выйшла ў выдавецтве «Камунікат» у Беластоку па-беларуску, але, магчыма, ёсць сэнс выдання працы Віктара Шадурскага таксама па-расійску, па-польску, па-літоўску, па-ўкраінску. Навошта? Каб суседзі ведалі, з кім і з чым насамрэч маюць справу. «Зямля пад шэрымі крыламі» — гэта актуальны на сёння палітычны гід па Беларусі.

Кнігу можна замовіць на сайце Kamunikat.shop, а таксама купіць у кнігарні ў Варшаве.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org