Да Дня роднай мовы, які адзначаецца ў свеце 21 лютага, зрабілі для вас падборку вершаў пра беларускую мову. Тут ёсць як вершы сучасных паэтаў, так і вершы класікаў, вядомыя нам са школы. Безумоўна, гэта далёка не ўсе вершы, якія беларускія паэты прысвяцілі роднай мове. Мы выбралі тыя, што найбольш уразілі.Чытайце, натхняйцеся і размаўляйце на роднай мове!
Янка Купала і Якуб Колас. Малюнак Андруся Такінданга
Мова — мая ахова.
Мова мая — мой Сьцяг.
Мова мая — мой Гонар.
Мова мая — мой Шлях.
Мова мая — зброя.
Мова — мая вайна.
Мова мая — мроя.
Мова — мая віна.
Мова мая — шанец.
Мова — стрэл ва ўпор.
Мова — таемны ружанец.
Мова — дзядзька Рыгор.
Мова — мая малітва.
Мова мая — таўро.
Мова — няспынная бітва.
Бітва са злом.
На злом...
Мову маю
пад канвоем —
ў жоўты пясочак,
ў расстрэльны роў.
Мова
пад ботам маёра.
Меты на карках
маркерам карнікаў.
Меты на целах
ад ног гапароў...
Мова мая — вызваленьне
з карцара, з клеткі, са змроку, з турмы.
Разам
падняцца з каленаў.
Разам
чакаць пераменаў.
Мова мая — Мы.
Мова
Кожная мова напоўнена ўласным сэнсам.
Кажуць, што па-нямецку добра займацца сэксам:
вывучыць нескладана — руляць галосныя гукі.
Па-беларуску любяць матчыны рукі.
Па-французску клінкамі звіняць і плятуць інтрыгі,
мараканцы й алжырцы пішуць рэпчыкі й кнігі,
цёплыя круасаны трушчыць буржуазія.
Па-беларуску скандуюць: «Беларусь — не Расія».
У рускай мовы гарачка ад белай гарэліцы.
Добры паэт не засіліцца, дык застрэліцца.
Чорныя пісталеты помняць Бальшыя Карэтныя.
Па-беларуску друкуюць вершы паліткарэктныя.
Украінскаю мовай гучыць салаўіны пошчак,
з гэтым пошчакам добра працуецца ў Польшчах,
покуль палякі ў Брытаніі топчуць кеды.
Па-беларуску працуюць адны дармаеды.
Помняць белага брата хіндзі і суахілі.
Па-габрэйску каменьчык моліцца на магіле.
Па-ангельску маўчанне доўжыцца з Чарлі Чаплінам.
Па-беларуску над Віліяй гучна вяшчаюць чаплі нам.
Вы даўно зразумелі, ШТО я маю наўвеце:
беларуская мова — найпрыгажэйшая ў свеце.
Мова мая
Мова мая -
шум гаёў напрадвесні,
стан дзявочы бяроз,
звонкі спеў салаўя
і матуліны шчырыя песні -
мова мая.
Мова мая -
гэта сола заранкі,
незабудак блакіт,
перазвон ручая
і над стрэхамі шапка буслянкі -
мова мая.
Мова мая -
ціхі шэпат калосся,
ветру лёгкі павеў
і гудзенне чмяля,
кропка жаўранка ў паднябессі -
мова мая.
Мова мая -
пах дзівосны язміну,
смак крынічнай вады,
ў небе сум жураўля,
за сялом карагода рабінаў -
мова мая.
Мова мая —
жалкаванне жалейкі,
горкі кнігаўкі плач,
любых рук дабрыня
і валошак махнатыя вейкі —
мова мая.
Мова мая -
пералівы вясёлкі,
мяккі кужаль снягоў,
вечароў цішыня,
пад бажніцай купальскія зёлкі -
мова мая.
Мова мая -
то ўсмешка дзіцяці,
майго сэрца біццё
і пад сонцам — ралля,
хлеб духмяны ў бацькавай хаце -
мова мая.
Мова мая -
ручнікі-абярэгі,
крыж расстайных дарог,
і сустрэч цеплыня,
і прамая дарога да Бога -
мова мая.
Родная мова, цудоўная мова!
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць — не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы на родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыцьзастаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
Мова вернецца
Лясы свой голас маюць i лугi,
Калi падзьме зефiр цi моцны вецер,
Дуброва любiць спеў зусiм другi,
Бо непаўторны кожны голас ў свеце.
Журчыць ў цiшы прыветлiва ручай,
Ракочуць моцна ў буру рэчкi хвалi,
У галасах цi радасць, цi адчай,
Ды галасы нiколi не змянялi.
Ў чыёйсьцi песнi можа больш красы,
Ды ўзяць яе сабе няма спакусы,
Спяваюць на чужыя галасы
Адзiныя ў свеце беларусы.
Як ёсць цяпер, не будзе так заўжды,
Дасць людзям розум Бог абавязкова,
Няхай не зараз, пройдуць хай гады,
Ды вернецца народу продкаў мова.
Родная мова
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі хто загадае: «Не трэба!» —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад...
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
Родная мова
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,—
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Няма на зямлі таго шчасця і гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і над песняй маёй,—
Над тым, што было і што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
I нівы васкросшыя закаласяцца,—
Ізноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Ізноў зазвініш ты ў кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром
I вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае «мама»
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз:"Беларусь, мая сонца — краіна!"
І цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
І з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр-неўміручы Купала.
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю-
Не дазволю.
Не дам.
Не прадам.
Не змяняю.
І да смерці за волю тваю пастаю!
Калі ласка
У любiмай мове, роднай, наскай,
Ах, якiя словы: «Калi ласка!..»
Як звiняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё iдуць са мною.
Трапiць госць у будзень, а цi ў свята:
— Калi ласка, калi ласка, ў хату!
Не паспелi сесцi пры сустрэчы,
Як патэльня засквiрчэла ў печы,
Ды i чарка блiснула да рэчы.
Бульба, смажанiна i каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калi ласка!
Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:
— Калi ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грымiць. З нябёсамi размова:
— Калi ласка, цёплы дождж вясновы!
I не вельмi буйны i не рэдкi —
На сады, на пушчы, на палеткi,
На грыбы, на ягады, на кветкi...
— Калi ласка! — наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранiшняму сонцу:
— Калi ласка, сонца, выйдзi з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнiмi з сабою нашы мары!
— Калi ласка!.. — нашай роднай мовы
Шчырыя i ветлiвыя словы.
Яўгенія Янішчыц. Малюнак Андруся Такінданга
«МОВА»
Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, -
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляццях
І з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці
Ты без сонца будзеш канаць...
Шмат прыўкрасных грудзей на свеце,
Ды не ўспоіць цябе ні адна...
Сярод іншых святынь неаджыўшых
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, — усялякіх, — схіліўшы
З невымернаю літасцю бог.
Неруш
Неруш ранішні —
роднае слова,
Мне шукаць цябе,
покуль гляджу,
Пад зялёным крылом верасовак,
Пад крысом
і спякоты й дажджу.
Слова,
што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі —
стромы вільчак,
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах...
А пашчасціць — натрапіцца неруш, —
Зазвіняць недзе промні наўзбоч.
Неруш свой
панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.
Ад абразы,
ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні —
матчына слова,
Мне, як бору,
цябе засланяць!
Быць Беларусам —
Гэта значыць,
Свайго ні гуку не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць!
Быць Беларусам —
Гэта значыць,
Вясёла з сумнай долі кпіць,
Да Бога сцежку верай значыць,
Нагбом з карца надзеі піць.
Быць Беларусам —
Гэта значыць,
За родны край згараць на дым,
Па-беларуску чуць і бачыць
На гэтым свеце і на тым.
«Не чакайце, што буду хваліцца...»
Не чакайце, што буду хваліцца
Перад іншымі мовай маёй.
Хіба хваліцца з лесу крыніца,
Што грымотней яна за прыбой?
Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха
Слова роднае ў сэрцы спяліць,
Беражэ ад пагарднага ліха:
Калі слову, то й сэрцу баліць...
«Беларусь, ты не забыта...»
Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата... Канюшына... Жыта...
Бульба... Бусел... Шпак...
Мроя... Хлопец закаханы...
Цемра... Шлях дамоў...
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!
«Роднай мове»
Нашая мова, пявучая мова,
Голас народа знямелы амаль,
Нашая годнасць i прашчураў слова,
Наша ахвяра, наш смутак i жаль.
Ты — наша песня i вечная ода
Богу, якi нам цябе падарыў -
Заваяваная разам з народам,
Страцiла лепшых сыноў без пары.
Ты — наша сэрца, крынiца жывая,
Сiмвал жыцця ў сутарэннях турмы...
Цiха канае крынiца святая,
Спынiцца сэрца, загiнем i мы.
Нашая казка, легенда сiвая,
Велiчы сведка i мужных баёў,
Родная мова, пакуль ты жывая,
Будзе жыць й люд беларускiх краёў.
«Мова мая»
Засумавала ўсё, што сэрцу блізка,
вятры іначай, жаласна гудуць...
Мову маю, быццам дзіця з калыскі,
бы маці родную, прадчасна ў дол кладуць...
Сум па дарогах, па галлі вярбовым,
сум у вачох, трывожны болю цень...
Ўжо не смяецца, толькі хмурыць бровы
бяссонечны наш беларускі дзень.
Ёсць саранча, што аб’ядае дрэвы,
i буры, здольныя зь зямлёю ўсё зраўнаць...
За што табе, мой ціхі Краю спеўны,
з грудзёў магутных душу вырываць?
Наш вечны зніч, ручво крыві гарачай,
бурліш дняпроўскай хваляй праз вякі,
з табой жывем, з табой нас свет убачыў,
са слоў тваіх паэты ўюць вянкі.
Мова мая, наш чысты твар нявінны,
з табой не ўстыд нам выйсці да людзей,
падбітая у родных каляінах,
прыдушана ля матчыных грудзей...
Без крыўд чужых, а з крыўдамі сваімі,
прачыстая, гатовішся на крыж,
патоптана, распятая чужымі,
малітваю на вуснах нам дрыжыш.
Мы стаімо, Пятры і Магдалены,
Пілаты рукі вымылі ў крыві...
Мова мая, народу скарб нятленны,
мова мая, ўваскросні і жыві!
«Матчына мова»
Жывое ў вяках беларускае слова —
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі «мужыцкаю мовай»,
А нам жа ты матчынай мовай была.
І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.
Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.
Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песню, ці верш —
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.
У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.
Далёка мы ад дому. Хоць бы слова
Пачуць і супакоіцца душой.
Прыснілася:
He чую роднай мовы,
Мне цяжка гаварыць не на сваёй.
Хачу спытаць,
Адкуль такое гора.
Як на збавенне да людзей бягу.
Яны ж — праходзяць міма, не гавораць,
Спрабую закрычаць, ды не магу...
Прачнуўся.
Быццам вымерла прастора.
Заслухаўся начною цішынёй.
Стамлёна не ўздыхае нават мора,
Іскрыцца толькі зорка над гарой.
Нагрэтая зямля адпачывае.
Дачушка спіць.
Што сніцца ёй, малой?
Як рад я, што са мной душа жывая
Карэньчык роду, нацыі маёй!
Францішак Багушэвіч. Малюнак Андруся Такінданга
(пераклад Андрэя Хадановіча)
як правіла
ці лепей сказаць
у большасьці сваёй
яны бязмоўныя
але як правіла
ці можна сказаць
цудоўным чынам
сярод бязмоўных
знаходзіцца хоць адзін
які гаворыць
і гэтая мова
з тупату нямоты
зь бязмоўнай цясноты
з маўклівай цямноты
гэтая мова
ня мае цаны
як боль гаворыць
яна гаворыць
як вусьціш
яна гаворыць
як сорам гаворыць
гаворыць
навошта
яна гаворыць
бессаромная
безразважная
безнадзейная
хай бы ўжо
сыходзілі бязмоўныя
бяз формы
бязь зьместу
бязь сьледу
а яна гаворыць
гаворыць зь бязмоўнасьці
зь ніадкуль у нікуды
«Кажыце сваяцтва, а не радство...»
Кажыце сваяцтва, а не радство
Кажыце сваяцтва, а не радство,
Кажыце краса, пекната, хараство,
І дабрыня, меншыня, меншыня —
Кажыце, пакуль вам падказваю я.
Адметны кажыце і адмысловы —
Такія прыгожыя родныя словы.
Кажыце круцёлка, а не вяртушка,
Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,
Ялінка, ядловец, юшка і яр.
Малы і малеча, а не малыш,
І вельмі прыгожае слова спаміж.
Забудзьце ляднік, а ёсць наша — лядоўня,
Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.
Крумкач ці груган, ды толькі не воран
Кажыце, калі ён лятае над борам.
Ёсць плата, вядома, а не плацеж.
Ды куфлем піва суседа пацеш.
Пасля пачастуй баханкай хлеба,
А не буханкаю — гэтак не трэба.
Кажыце, што ў збан малако наліваецца,
Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.
Не загавор вы кажыце, а змова —
На словы багатая родная мова.
Ёсць слова наросхрыст — не нараспашку,
Сарочку сваю апрануць — не рубашку.
Ёсць слова паспешлівы — ды не таропкі,
Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.
Ёсць слова таннець — не дзешавець...
Нам блізкія словы лягчэй зразумець.
На іх і трымаецца родная мова —
Таму беражыце яе кожнае слова!