Праект «Васьміног» падрыхтаваў першы выпуск настаўнікаў, якія засвоілі асновы анлайн-навучання і даведаліся, як стварыць уласныя інавацыйныя курсы для беларускіх школьнікаў.
Цягам 2 тыдняў 24 педагогі з Беларусі і замежжа пад кіраўніцтвам дасведчаных метадыстаў вывучалі новыя фарматы лічбавай адукацыі. Усяго на месцы на навучанне прэтэндавалі каля 50 педагогаў.
«Паводле выкладчыц інтэнсіву-практыкуму «Шлях героя да стварэння анлайн курса», яны імкнуліся стварыць атмасферу супрацоўніцтва і талерантнасці, каб кожны з удзельнікаў навучання мог не толькі атрымаць новыя веды, але і падзяліцца ўласным досведам», — паведамляе «Васьміног».
«Васьміног» прыводзіць колькі водгукаў пра курсы ад выпускнікоў.
Вольга, настаўніца інфарматыкі: «Гэта быў выдатны курс і выдатны досвед. Я даведалася пра цудоўныя методыкі, інструменты. Было прыемна ўзаемадзейнічаць з куратаркамі і ўдзельнікамі. Адчула падтрымку, што я не адна такая настаўніца-эмігрантка, якая марыць выкладаць беларусам і яшчэ каб па-беларуску. Паверыла, што ў мяне асабіста і ў нас агулам усё атрымаецца».
Вікторыя, настаўніца матэматыкі: «Анлайн-навучанне — гэта новая рэчаіснасць. Каб зрабіць вучобу якаснай, прадукцыйнай як для вучняў, так і для настаўнікаў, ёсць алгарытм. Але які? Вы зможаце даведацца, калі пройдзеце «шляхам героя». І, вядома, не забудзеце пра ўласную індывідуальнасць і творчы падыход».
Узор сертыфіката ад "Васьмінога"
У бліжэйшы час «Васьміног» пачне збіраць заяўкі на размяшчэнне курсаў на адукацыйнай платформе. Настаўнікі змогуць падаць заяўку і атрымаць дапамогу ў стварэнні ўласнага курса, у тым ліку метадычную і тэхнічную. У прыярытэце «Васьмінога» наступныя прадметы: «Беларуская мова і літаратура», «Культура і гісторыя Беларусі», «Геаграфія Беларусі і краязнаўства».
Праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай Радай Культуры. Ягоная афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.
Чытайце яшчэ: Аляксей Канстанцінаў: Мы прапануем лічбавую адукацыйную платформу беларусацэнтрычнага напрамку