Keep calm and carry on! Як узнік гэты слоган, а няўдалая прапаганда “выбухнула” праз дзесяцігоддзі? Ці лічаць сябе брытанцы такімі ўжо спакойнымі? Сваю місію па руйнаванні стэрэатыпаў пра “туманны Альбіён” і яго жыхароў працягвае Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл.
Нацыянальныя стэрэатыпы небяспечныя. Нядаўна я прачытаў, што іх існаванне можна растлумачыць. Цалкам магчыма, але яны могуць спараджаць забабоны, навязваючы «папярэднія перакананні» пра людзей або месцы яшчэ да сустрэчы з імі.
Што я магу сказаць пра стэрэатыпы аб Вялікабрытаніі? Спадзяюся, што папярэднія мае пасты ў блогу паставілі пад пытанне некаторыя стэрэатыпныя ўяўленні пра маю краіну, якія маглі быць у чытачоў. Таксама спадзяюся, што тое, што я збіраюся сказаць цяпер, не перакрэсліць маіх намаганняў па стварэнні больш рэалістычнай і сучаснай карціны жыцця ў Вялікабрытаніі.
Я здзіўлены тым, колькі разоў за апошнія некалькі дзён маю краіну называлі туманным Альбіёнам. А яшчэ днямі ў Мінску я заўважыў слоган “Keep calm and carry on”, які вокамгненна распаўсюдзіўся па ўсім свеце і стаў такім сабе “мемам англійскасці” або брытанскасці. (Як я ўжо казаў раней, мая дзяржава — Злучанае Каралеўства — злучае некалькі нацый.)
Але я і ўявіць сабе не мог, што кампанія, для якой быў падрыхтаваны гэты плакат, была задуманая незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны, а сам плакат з дэвізам “Захоўвайце спакой і працягвайце” так і не запусцілі ў масы. Улады палічылі, што кампанія была правальнай, і знішчылі практычна ўсе плакаты. Вось вам прыклад, калі няўдалая прапаганда раптам робіцца паспяховай праз некалькі дзесяцігоддзяў.
Існуюць доказы таго, што мы цэнім спакой ва ўмовах напружанасці. У нашай мове шмат выразаў, якія азначаюць, як важна “захоўваць стойкасць пад агнём” (маецца на ўвазе абстрэл з варожых пазіцый), “захоўваць цвёрдасць”, “сціскаць зубы” ў небяспечнай або складанай сітуацыі — іншымі словамі, захоўваць спакой. Мы кажам адно аднаму, што не варта “рабіць драму з крызісу”.
У нас ёсць традыцыя, якая захавалася яшчэ з XIX стагоддзя: захоўваць “цвёрдасць духу” — а літаральна “нерухомасць верхняй губы” (“stiff upper lip”). Гэта значыць, не выказваць эмоцый, быць стрыманым.
Мноства прыкладаў можна знайсці і ў літаратуры. Я ўжо цытаваў верш «Непакораны» ў допісе пра лёс і волю. У ім ёсць наступныя радкі:
Я лёсу уладар свайго
І капітан сваёй душы.
Уільям Эрнэст Генры напісаў гэты верш пасля ампутацыі нагі, калі хірургі змагаліся, каб захаваць другую.
Творчасць Рэд’ярда Кіплінга, выбітнага пісьменніка часоў імперыі, была прасякнутая падобнымі ідэямі. Бадай, самы вядомы ягоны верш — «Калі», у якім ёсць наступныя радкі:
Калі трыумфу дым і краху хмары
Сумееш не адчуць над галавой…
(пераклад Р. Барадуліна)
Гэтыя словы выгравіраваныя над уваходам для гульцоў на цэнтральны корт Усеанглійскага клуба тэніса і кракета, дзе праводзіцца Уімблдонскі турнір.
Некаторыя замежнікі згодныя з такім меркаваннем. Амерыканскі журналіст і крытык Аляксандр Вулкат пісаў: “Ангельцы маюць незвычайную здольнасць упадаць у вялікі спакой”. Яго бацька, аднак, быў брытанцам, таму погляд Вулката, быць можа, не самы аб’ектыўны. Луіджы Барзіні, італьянскі журналіст, у сваім даследаванні пра еўрапейцаў пісаў пра “спакой брытанцаў”. Як і Вулкат, Барзіні нарадзіўся ў Амерыцы, але, у адрозненне ад першага, шмат падарожнічаў па свеце.
Ну і як заўсёды, першымі ў гэтым былі старажытныя грэкі. Яны стварылі філасофскую школу, заснаваную на кантролі эмоцый — стаіцызм. Адзін з мысліцеляў гэтай школы вылучыў чатыры асноўныя тыпы асобы, або тэмпераменту, сярод якіх ёсць “флегматычны”. Флегматычныя людзі заглыбленыя ва ўласныя думкі, кіруюцца голасам розуму, спакойныя, сталыя і трошачкі марудлівыя.
Падчас Другой сусветнай вайны, калі нам давялося сутыкнуцца з цяжкасцямі, цвёрдасць і мужнасць былі неабходныя як ніколі. Познім летам 1940 года, пасля таго як Германія перамагла столькі еўрапейскіх краін і збіралася напасці на Вялікабрытанію, будучыня не абяцала нічога добрага. Нават пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз нашыя праблемы, асабліва атакі нямецкіх падводных лодак на нашыя караблі, не зніклі.
На шчасце, цвёрдасці характару і мужнасці нашаму тагачаснаму прэм’ер-міністру было не займаць. Ён упэўнена вёў нас да перамогі. Чэрчыль здолеў мабілізаваць усю Брытанію да ўдзелу ў вайне. Праводзілася мноства кампаній, у тым ліку тых, што заклікалі брытанцаў «Шыць і чыніць» і «Капаць дзеля перамогі».
Але ўсё гэта гісторыя. Як жа справы ідуць сёння? Брытанцы — ці англічане — усё такія ж спакойныя, як і раней?
Той, хто быў у Вялікабрытаніі 17 гадоў таму, калі памерла прынцэса Дыяна, ніколі б не падумаў, што брытанцы — флегматыкі. Такі ўсплёск эмоцый быў дзіўны нават нам самім, хоць абставіны яе гібелі і былі асабліва трагічнымі.
Сёння мадэлі паводзін са свету “селебрыці” пранікаюць скрозь межы. На публічных мерапрыемствах у сферы спорту ці шоў-бізнесу ёсць тэндэнцыя да больш экстравагантнага выказвання эмоцый. Магчыма, гэта выклікана прысутнасцю тэлебачання і іншых медыяў, якім трэба паказаць і тых, хто прайграў, і тых, хто перамог, буйным планам: слёзы або дзікая радасць робяць карцінку больш выразнай.
Падвышаная эмацыйнасць нашага часу, імаверна, выкліканая сацыяльнымі пераменамі 1960-х, калі падлеткавая культура стала мэйнстрымам і моладзь атрымала права на большую свабоду самавыяўлення. Як я ўжо нядаўна пісаў, мне здаецца, што паміж маладымі брытанцамі і беларусамі не такая і вялікая розніца. І, напэўна, гэта ж тычыцца і моладзі ў Францыі ці ў Польшчы, дзе я пабываў у гэтым годзе.
У эпоху паскораных камунікацый усё распаўсюджваецца вельмі хутка, у тым ліку мода. Але я не ўпэўнены ў тым, ці маюць гэтыя тэндэнцыі працяглы эфект на “характар” нацыі і стыль яе ўзаемадзеяння з іншымі.
І ўсё ж некаторыя стэрэатыпы пра Брытанію слушныя. Мы часта п’ем гарбату. Мы жывем у мяккім сырым клімаце, але нават нягледзячы на тое, што туманы цяпер ўзнікаюць не так часта, клімат дасюль уплывае на нашыя паводзіны.
А велізарная папулярнасць дэвізу “Захоўвайце спакой і працягвайце” спачатку ў Вялікабрытаніі, а затым і па ўсім свеце азначае толькі адно: мы да гэтага часу заклікаем саміх сябе — ды і іншых — не страчваць спакою. Для нас, напэўна, гэта вельмі важна.