“Мноства нацый існуе ў процівагу іншым. Супрацьстаянне Вялікабрытаніі дало многім нацыям глебу для ўзнікнення самасвядомасці або прынамсі абгрунтаванне самасвядомасці. Я кажу аб так званым антыкаланіяльным нацыяналізме ў некаторых краінах Азіі і Афрыкі, а таксама аб некалі зноў зацверджаным пачуцці асобнай нацыянальнай самасвядомасці ў Ірландыі, што прывяло да заваявання гэтай краінай незалежнасці”. У верасні ў Вялікабрытаніі адбудзецца рэферэндум па пытанні незалежнасці Шатландыі. Напярэдадні гэтай важнай падзеі Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл дзеліцца сваімі развагамі пра адметнасць нацыянальнай самасвядомасці сваёй краіны. Прапануем вам паглядзець на балючае і для беларусаў пытанне з іншага ракурсу, ракурсу былой каланіяльнай імперыі, і выказаць свае меркаванні ў каментарах.
У першыя месяцы свайго знаходжання ў Беларусі я часта пытаўся ў суразмоўцаў-беларусаў аб іх нацыянальнай самасвядомасці. Адказы на сваё пытанне я атрымліваў розныя, але мне здавалася, што гэтая тэма больш цікавая мне, чым ім. Цяпер, пасля таго, як падзеі ва Украіне спарадзілі мноства спрэчак па гэтым пытанні, сітуацыя змянілася.
Тэма нацыянальнай свядомасці мяне інтрыгуе. Упершыню я сутыкнуўся з ёй у канцы 80-х падчас свайго першага тэрміну працы ў пасольстве ў Іярданіі — тады я спрабаваў разабрацца ў адрозненнях паміж іярданцамі і палестынцамі. Да маіх паслуг была вялікая колькасць літаратуры па прадмеце, напрыклад+ “Нацыянальная ідэнтычнасць” Энтані Д. Сміта і “Уяўныя супольнасці” Бенедыкта Андэрсана.
Даць азначэнне паняццю “нацыянальная самасвядомасць” нялёгка. Гэта форма калектыўнай ідэнтычнасці — то бок як асобы або супольнасці ўспрымаюць сябе ўнутры больш шырокіх груп. А тое, што паняцце гэта абстрактнае, а значыць, залежыць ад асабістых меркаванняў і не заснаванае на аб’ектыўных і канкрэтных фактах, задачу толькі ўскладняе. Аднак фізічныя праявы нацыянальнай самасвядомасці могуць быць вельмі канкрэтнымі — узяць хоць бы славутасці або нацыянальную сімволіку.
Паспрабую сцісла растлумачыць сваю ідэю.
Людзі аб’ядноўваліся ў супольнасці задоўга да з’яўлення паняцця нацыі. Па меры росту такіх супольнасцяў ускладнялася іх арганізацыя, а таксама ўзнікала неабходнасць абароны ад іншых супольнасцяў. З часам на аснове больш развітых супольнасцяў узнікалі нацыі.
Фактарам аб’яднання для супольнасцяў магла служыць агульная тэрыторыя, этнічная прыналежнасць або карані, культура і мова. Такія кампаненты, як людзі, месца жыхарства і культура да гэтага часу асноўныя для большасці нацый.
Развіццё нацый па ўсім свеце праходзіла рознымі шляхамі. Пачаўся працэс з Заходняй Еўропы, і, як вынік еўрапейскага імперыялізму, прадстаўнікі еўрапейскіх нацый “экспартавалі” фармалізаваны дзяржаўны лад у іншыя часткі свету. Мадэллю стала нацыянальная дзяржава — уніфікаваная форма кіравання на абмежаванай тэрыторыі са сваёй юрыдычнай і палітычнай сістэмай.
Але не ўсе нацыянальныя дзяржавы былі заснаваныя на адзінай нацыі ці адзіным народзе. Мноства дзяржаваў было створана ў выніку працэсу дэкаланізацыі, такім чынам некаторыя нацыянальныя дзяржавы былі створаныя да з’яўлення ўласна нацыі. У такіх выпадках, як адзначае Сміт у сваім даследаванні, адбываецца “наўмыснае” фармаванне нацыі.
Лідары некаторых дзяржаваў карысталіся моцным пачуццём нацыянальнай прыналежнасці, каб апраўдаць заваяванне альбо падпарадкаванне іншых народаў і нацый. Праз такія дзеянні ў слова “нацыяналізм” і з’явілася негатыўная канатацыя. Само па сабе гэтае пачуццё не ёсць дрэнным: слова грэчаскага паходжання “патрыятызм” азначае любоў да радзімы. Праблемы пачынаюцца, калі пачуццё прыналежнасці да нацыі ўключае ў сябе ўпэўненасць у перавазе над іншымі нацыямі, а не проста ўсведамленне адрозненняў паміж імі.
Паняцці нацый і нацыянальнай самасвядомасці задавальняюць самыя асноўныя патрэбы чалавека — у прыналежнасці, у доме, у сэнсе жыцця. Мы пастаянна пытаем сябе: “Хто я і адкуль?” Нацыі дапамагаюць часткова адказаць на гэтае пытанне.
А цяпер дазвольце мне расказаць аб нацыянальнай самасвядомасці ў маёй краіне.
Родная зямля
У Брытаніі ёсць бясспрэчная перавага над астатнімі нацыямі ў тым, што нашая тэрыторыя адносна кампактная і аднастайная. Гэта востраў, і таму яго межы вызначаныя вельмі выразна, што дазваляе нам з лёгкасцю адчуваць прыхільнасць да свайго “астраўнога дому”.
У даследаваннях нацыянальнай самасвядомасці часта фігуруе паняцце “святое месца”. Мабыць, самым відавочным такім месцам (прынамсі для Англіі, калі не для Вялікабрытаніі) ёсць Стоўнхэндж — загадкавае дагістарычнае збудаванне з камянёў у форме кола, узрост якога ацэньваецца ў чатыры тысячы гадоў. Стоўнхэндж настолькі старажытны, што ў нас нават няма нацыянальнага міфа (яшчэ адна характарыстыка нацыянальнай самасвядомасці) пра яго. Затое ёсць міф пра караля Артура: лічыцца, што ён узначаліў барацьбу супраць саксаў пасля таго, як рымляне пакінулі Брытанію ў IV стагоддзі да н.э.
Калі казаць пра больш сучасныя “святыя месцы”, то гэта быў бы, мяркую, горад Стратфард-на-Эйване, радзіма Уільяма Шэкспіра. Стратфард можа пахваліцца ўсімі фішкамі, уласцівымі святым месцам: старадаўнімі будынкамі, у якіх цяпер музеі, а таксама тэатрамі, прысвечанымі памяці Вялікага Барда.
Народы
Як і астатнія нацыі, брытанская складаецца з “ядра” і “перыферыі”. Большасць жыхароў Англіі традыцыйна называюць англа-саксамі, а жыхароў Уэльса, Шатландыі і Ірландыі — кельтамі. Але нават рэгіёны Англіі значна адрозніваюцца акцэнтамі і поп-культурай. Сёння самую-самую “англійскую” Англію часцяком называюць “сярэдняй Англіяй” — гэта рэгіён без выразна вызначаных межаў недзе ў цэнтры Англіі.
Насмрэч усё нашмат больш складана, таму што Англія была заваяваная нармандцамі. У многіх нацый існуюць “міфы аб заснаванні”, аднак наш — хутчэй не міф, а факт летапіснай гісторыі. Цягам двух стагоддзяў пасля нармандскага заваявання адбывалася змешванне англа-саксонскай і нармандскай культур, што і паклала пачатак Англіі, а таксама, што важнейшае, англійскай мове.
Культура і агульная гісторыя
Адным з асноўных носьбітаў нашай культуры, вядома ж, ёсць наша мова. Мы можам пахваліцца багатай гісторыяй культуры, а таксама тым, што мы аднымі з першых пачалі захоўваць вусныя паданні ў пісьмовым выглядзе. Многія нацыі звяртаюцца да міфа аб “Залатым стагоддзі” — захавання памяці не толькі аб слаўных момантах мінулага, але і нацыянальных паданнях, народных героях і мінулых перамогах.
Як у выпадку з Вялікай Айчыннай вайной, перамога ў вайне значна ўзмацняе пачуццё нацыянальнай прыналежнасці. У нас, брытанцаў, няма поўнага адпаведніка гэтай вайне, таму што, на шчасце, нас не заваёўвалі. Таму мы святкуем поспех Дзюнкеркскай аперацыі, дзякуючы якой ў чэрвені 1940 года тысячы салдат былі эвакуяваныя з поўначы Францыі, а таксама поспех наступнай ваеннай кампаніі, цяпер вядомай пад назвай Бітва за Брытанію, калі некалькі месяцаў мы паспяхова адбівалі паветраныя атакі немцаў.
Важная часткай нашай нацыянальнай самасвядомасці — нашая працяглая і бесперапынная гісторыя. Мы мяняліся, але рабілі гэта паступова — эвалюцыйным шляхам. Нас не кранулі жахі рэвалюцый, мы не прыйшлі да рэспубліканскага ладу так, як нашы суседзі-французы. Наадварот, адным з нашых міфаў з’яўляецца канцэпт, вядомы як «Інтэрпрэтацыя гісторыі вігамі» — гэта значыць плаўны пераход ад абсалютнай манархіі да асветнай ліберальнай дэмакратыі.
За межамі нацыянальнай самасвядомасці
Аднак мноства нацый існуе ў процівагу іншым. Супрацьстаянне Вялікабрытаніі дало многім нацыям глебу для ўзнікнення самасвядомасці або прынамсі абгрунтаванне самасвядомасці. Я кажу аб так званым антыкаланіяльным нацыяналізме ў некаторых краінах Азіі і Афрыкі, а таксама аб некалі зноў зацверджаным пачуцці асобнай нацыянальнай самасвядомасці ў Ірландыі, што прывяло да заваявання гэтай краінай незалежнасці.
Самасвядомасць не статычная, яна схільная да зменаў. Маштабная міграцыя пасля 1945 года карэнным чынам змяніла культуру Вялікабрытаніі. Як я пісаў у блогу аб брытанскай кухні, гэта зрабіла значны ўплыў на тое, як і чым мы сілкуемся.
І англійская мова ўжо, строга кажучы, не нашая ўласнасць. Нават не лічачы амерыканцаў, сёння ў свеце па-англійску размаўляе значна больш «не-носьбітаў», чым носьбітаў мовы. З развіццём лічбавых медыяў, а таксама інструментаў, якія генеруюць голас і тэкст, я не ведаю, наколькі брытанцы наогул аказваюць ўплыў на развіццё англійскай мовы.
Уражвае і ўсюдыіснасць сцяга маёй краіны. На рынку ў Францыі, куды я нядаўна ездзіў у адпачынак і дзе чытаў «Нацыянальную ідэнтычнасць», можна знайсці як “Юніян джэкі”, так і французскія сцягі. Пасля лонданскай алімпіяды 2012 яе лагатып карыстаўся вялікай папулярнасцю (гэтак жа, як бразільскія сцягі былі паўсюль у Лондане падчас чэмпіянату свету па футболе). Сцяг маёй краіны выкарыстоўваецца для абазначэння англійскай мовы ў інтэрнэце. Здаецца, што сцяг — ужо не проста нацыянальны сімвал Брытаніі.
Крыху больш чым праз месяц маёй краіне трэба будзе прыняць вельмі важнае рашэнне: у верасні адбудзецца рэферэндум па пытанні незалежнасці Шатландыі. Многія брытанцы прызнаюцца ў двайной нацыянальнай ідэнтычнасці — англійскай, шатландскай або валійскай у дадатак да брытанскай. Улічваючы складанасць вызначэння, што ж гэта ўсё-ткі такое — нацыянальная самасвядомасць, — я лічу, што чалавек можа прылічаць сябе да больш чым адной нацыі. Мяне як грамадзяніна посткаланіяльнай дзяржавы гэтая думка супакойвае.