Напалеон Орда быў не проста мастаком — ён быў найлепшым «дакументалістам» свайго часу, а ягоныя літаграфіі — сапраўдны гістарычны архіў нашай зямлі. Сёння прапануем выправіцца ў падарожжа па тых самых вёсачках і зацішных кутках, дзе калісьці спынялася брычка мастака.
Што засталося на месцы тых элегантных калон і пышных паркаў? Ці пазнаюць жыхары сучасных вёсак свае хаты на старых эскізах? Прапануем праехацца шляхам Орды па беларускіх вёсках, што апынуліся на малюнках мастака.

Напалеон Орда
Моладава — вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Напалеон Орда часта гасцяваў у тутэйшых гаспадароў, Скірмунтаў, якія былі мецэнатамі і прагрэсіўнымі гаспадарамі. На сваім малюнку Орда адлюстраваў прыгожы палац, цудоўны прыклад класіцызму ў архітэктуры.
Палац Скірмунтаў на малюнку Орды. Выява: bel. wikipedia.org
Палац быў пабудаваны ў 1795–1798 гг. Сымонам Скірмунтам паводле праекта архітэктара фон Гроса. У 1905–1908 гг. перад уездам да сядзібы была пабудавана капліца-пахавальня Скірмунтаў.

Палац Скірмунтаў, 1920-я. Фота: nac. gov.pl
Капліца Скірмунтаў у наш час. Фота: poshyk.info
Капліца засталася адзіным аб’ектам багатага маёнтка Скірмунтаў у Моладаве, пасля таго як у 1943 годзе быў спалены і пасля вайны разабраны на цэглу іх моладаўскі палац. Яна паўстала ўжо пасля смерці Орды, але ідэальна дапаўняе атмасферу ягоных малюнкаў.
Дубае — вёска з цікавай назвай ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Дубайскага сельсавету. Калісьці гэта было месца сустрэч духоўнай і культурнай эліты Рэчы Паспалітай. Орда маляваў тут палац Кужанецкіх, які ўваходзіў у склад комплекса езуітаў.

Дубае на малюнку Орды. Фота: bel.wikipedia.org
У другой палове XVIII ст. маёнтак атрымаў Ігнацы Кужанецкі, палац набыў новыя рысы: бальная заля была аздобленая фрэскавай размалёўкай, каміны з чыгуннымі рашоткамі мастацкага ліцця, аздобленыя кафляй печы. Ад часоў Орды тут застаўся старадаўні парк з «дубам-патрыярхам» і каталіцкая капліца-крыпта. Гэты парк — жывы сведка, які бачыў мастака з мальбертам.
Капліца ў Дубае ў нашыя дні. Фота: bel.wikipedia.org
Парэчча — вёска ў Пінскім раёне на Берасцейшчыне. У 1836 г. Аляксандр Скірмунт заснаваў тут фабрыку сукна, якая ўжо ў год заснавання дала першую прадукцыю. Ад паслуг замежнікаў Аляксандр Скірмунт хутка адмовіўся і зрабіў стаўку на мясцовых жыхароў. У Парэцкай вучэльні дзяцей сялян навучалі асновам пісьменнасці і ткацкаму майстэрству. Некаторыя з іх за кошт прадпрымальніка скіроўваліся на фабрычную практыку за межы Расіі. А ў 1860 г. Аляксндр Скірмунт заснаваў у Парэччы цукровы завод, які штодзень перарабляў да 100 тон цукровых буракоў. Амаль адначасова быў збудаваны бровар. На прадпрыемствах Парэчча працавала ў гэты час больш за 600 рабочых.
На сваім малюнку Орда зафіксаваў тут не толькі сядзібу, але і цукровы завод Скірмунтаў — адзін з найбуйнейшых у рэгіёне на той час.
Фабрыка Скірмунта ў Парэччы на малюнку орды. Выява: bel.wikipedia.org
Што засталося: маляўнічыя руіны гаспадарчых пабудоў, парк і памятны камень Рамана Скірмунта, вядомага дзеяча БНР.
Памятны камень Раману Скірмунту ў Парэччы. Фота: bel.wikipedia.org
Смольгаў у XIX стагоддзі быў невялікім засценкам. Сям’я Кандратовічаў арандавала тут зямлю. У 1823 годзе тут нарадзіўся будучы славуты паэт Людвік Кандратовіч, больш вядомы як Уладзіслаў Сыракомля. Хоць пасля сям’я пераязджала (у Марачоўшчыну і іншыя месцы), менавіта Случчына і Смольгаў заклалі ў ім любоў да беларускага слова.
Сядзіба Кандратовічаў на малюнку Орды. Выява: bel.wikipedia.org
На літаграфіі Напалеона Орды, зробленай паводле малюнка 1860-х — 1870-х гадоў, выяўлены сядзібны дом Кандратовічаў. Гэта тыповая шляхецкая сядзіба таго часу — драўляная, утульная, з высокім ганкам і калонамі. Орда перадаў тую атмасферу спакою і вясковасці, якую так любіў апяваць сам Сыракомля.
На жаль, час і войны не пашкадавалі сядзібу, але памяць пра паэта жыве тут дагэтуль. На месцы, дзе калісьці стаяла хата Кандратовічаў, усталяваны вялікі валун з памятнай шыльдай.
Памятны камень Уладзіславу Сыракомлю ў Смольгаве. Фота: svaboda.org
Вёска на Берасцейшчыне, радавое гняздо шляхецкага роду Нямцэвічаў, якое захавалася да нашых дзён у вельмі добрым стане. Найвядомейшы прадстаўнік роду — Юльян Урсын Нямцэвіч, нарадзіўся тут.
Ён быў паплечнікам Тадэвуша Касцюшкі, пісьменнікам, публіцыстам і аўтарам першай польскай біяграфіі Джорджа Вашынгтона. Мала хто ведае, але менавіта ў тутэйшым палацы Нямцэвічаў у 1917–1918 гадах праходзілі пасяджэнні вайсковых камісій падчас перамоў аб заключэнні Брэсцкага міру.

Памятны камень ля сядзібы Нямцэвічаў, прысвечаны падпісанню Брэсцкага міру. Фота: vedaj.by
Цікава, што адзін з варшаўскіх раёнаў мае назву Урсынуў, якая ўтворана ад імя пісьменніка. У 1822 г. Нямцэвіч стаў уладальнікам тамтэйшага маёнтка, што замацавалася ў тапаніміцы.
Палац Нямцэвічаў у Скоках быў пабудаваны каля 1770 года. Гэта рэдкі прыклад шляхецкай сядзібы XVIII стагоддзя, якая перажыла ўсе войны XX стагоддзя. Мы бачым велічны двухпавярховы палац у стылі барока з элементамі класіцызму.
Скокі на малюнку Орды. Выява: bel. wikipedia. org
Орда дакладна перадаў архітэктуру галоўнага фасаду з рызалітам. Ягоны малюнак служыў важным дакументам пры пазнейшых рэстаўрацыях сядзібы. Як заўсёды ў Орды, сядзіба ўпісана ў прыродны ландшафт, што падкрэслівае гармонію паміж чалавекам і прыродай.
Палац Нямцэвічаў у наш час. Фота: vedaj.by
Скокі — гэта адзін з нешматлікіх аб’ектаў з малюнкаў Орды, які можна наведаць і ўбачыць амаль такім жа, як на малюнку. У палацы праведзена рэстаўрацыя, адноўлены інтэр’еры.
Унутраны інтэр’ер палаца. Фота: vedaj.by
Можна зайсці ў залі, дзе калісьці бывалі гаспадары, якіх ведаў Орда. У наш час у Скоках рэгулярна праводзяцца балі, навуковыя канферэнцыі і фестывалі.
Ю. К., Budzma.org