Павярні сваё цела да сонца. 6 дакументальных стужак, якія вам не пакажуць у Год гістарычнай памяці

Мамка-гісторыя зноў увайшла ў надта крутое піке і агаломшвае нас штодня пытаннечкамі: што адбываецца, чаму, і навошта, і што будзе далей, і як усё гэта перажыць. А яшчэ: як гэта асэнсаваць і ці варта абапірацца на гістарычныя паралелі?


Будзьма сабрала для вас добрыя дакументальныя фільмы, якія было б карысна цяпер паглядзець — і менавіта таму іх наўрад ці пакажуць цяпер у Беларусі.

«Павярні сваё цела да сонца», 2021, рэж. Алёна ван дэр Хорст

павярні сваё цела да сонца постар.png

«Павярні сваё цела да сонца», — раіў дачцэ былы савецкі салдат Другой сусветнай, ваеннапалонны, вязень ГУЛАГу, якога Сталін выкрасліў са свайго пераможнага міфу пра свяшчэнную вайну. Цяпер дачка, Сана Валіуліна, якая не ведала анічога з бацькавага мінулага, шукае яго ў нямецкіх кінахроніках, каб высветліць, пра што ж ён усё жыццё маўчаў. Што здарылася з ім на фронце, і як так склалася, што салдат краіны-пераможцы адбыў тэрмін, бы злачынца?

павярні сваё цела да сонца 1.jpg

Гэта цяжкі шлях, вядома. Адны толькі спойлеры гэтай дакументальнай стужкі цягнуць на колькі гадоў зняволення за парушэнне дзеючай «гістарычнай праўды». Здаецца, раззлаваная гісторыя закінула нас у адзін кут з салдатам Валіуліным, і нам цяпер вельмі зразумела, чаму ён усё жыццё маўчаў. Мы нават у больш удалым становішчы, бо ведаем, што з гэтым рабіць, як выправіць.

Незразумелым застаецца адно: адкуль чалавек чэрпае моц пражыць свой лёс? З якіх крыніц ён бярэ мужнасць і цярпенне прыняць несправядлівасць, якая з ім адбываецца, і выжыць у мясарубцы?

Час ад часу парушаючы маўчанне, просты савецкі салдат Валіулін кажа рэчы, за якія ў Год гістарычнай амнезіі яго другі раз, пасмяротна, адправілі б у лагер. Вось, напрыклад, пра тое, што там, у палоне, пажыўшы сярод еўрапейцаў, ён упершыню за цэлае жыццё адчуў сябе чалавекам, а не целам, якім распараджаецца дзяржава. Многія савецкія салдаты пасля такога іспыту свабодай не вытрымлівалі вяртання на радзіму: у размеркавальным лагеры для палонных, адкуль іх рассылалі па краінах паходжання, было мноства самагубстваў. І гэтую частку гісторыі мы нанова выкраслім у Год гістарычнай памяці?

павярні сваё цела да сонца 3.jpg

Трагедыя выкрасленага, нямога пакалення, якому цяпер у другі раз, пасмяротна, затыкаюць рот, — каб ушанаваць ягоную памяць і сваімі вуснамі распавесці ягоную гісторыю, спадзеючыся, што нам хопіць часу і моцы распавесці і ўласную, не пакідаючы гэты цяжар нашчадкам: вось дзеля чаго варта паглядзець гэты вытанчаны і ўзрушальны фільм.

«Бабін Яр. Кантэкст», 2020, рэж. Сяргей Лазніца

бабін яр.jpg

Нядаўна Украінская кінаакадэмія пальнула сабе ў нагу і выгнала Сяргея Лазніцу са сваіх шэрагаў з надта сталінскай фармулёўкай — за касмапалітызм. Па меркаванні Акадэміі, спадар Лазніца недастаткова выказваў у антываенных закліках сваю ўкраінскую ідэнтычнасць, якая, па меркаванні Акадэміі, сёння з’яўляецца галоўным крытэрам патрыятызму, а таму, па меркаванні Украінскай кінаакадэміі, еўрапейская кінасупольнасць мусіць больш не лічыць спадара Лазніцу ўкраінскім кінарэжысёрам.

Дурная іронія, дарэчы, у тым, што незадоўга да таго, як Украінская кінаакадэмія выключыла спадара Лазніцу, ён сам дэманстратыўна выйшаў са складу Еўрапейскай кінаакадэміі — таму, што тая замала ўвагі надзяляе вайне ва Украіне. На жаль, цяпер дэманстратыўны сыход ці выгнанне — адзіны спосаб выказвання, і здаецца, задача наша — не выключаць адно аднаго, а прыдумаць альтэрнатыўныя спосабы выказвання, пашырыць мову супраціву.

babi_yar_06.jpg

Пакуль Украінская кінаакадэмія прыходзіць у прытомнасць пасля такога цяжкога і ганебнага самапашкоджання, па ўсім свеце ідзе дакументальная стужка спадара Лазніцы «Бабін Яр», у якой ён уласна і спрабуе разабрацца, што ж такое адбываецца з людзьмі, калі адны з іх пачынаюць лічыць іншых недастаткова людзьмі, а другія побач з імі спакойна жывуць жыццё, і ім нармальна. Ён праглядае дзясяткі гадзін савецкай і трафейнай хронікі, каб зразумець, якім чынам стала магчымай трагедыя Бабінага Яра ва Украіне — і мноства гэткіх самых жудасных падзей у іншых мясцінах.

Ён манціруе з тых стужак фільм, ад якога робіцца страшна і моташна: ну, разумееце, людзі жывуць, ходзяць па вуліцах, забаўляюцца, сумуюць, вырашаюць праблемы, падладжваюцца пад рэчаіснасць, і гэты гіганцкі мурашнік пражывае знішчэнне мноства сабе падобных гэтак жа звычайна, як любое іншае ліха ці радасць. І пражыве яшчэ не адзін генацыд з тым жа простым прыстасаванствам.

Лазніцу даўно займае тэма чалавечага канфармізму. Пакуль іншыя спрабуюць патлумачыць гістарычныя падзеі, падкладаючы пад іх ладныя метафары з псіхалогіі, спадар Лазніца апантана назірае за істотай, якая называецца «чалавечая маса», і фіксуе яе звычкі. Ведаеце, такія, калі чалавек перастае быць самім сабой, а чым становіцца — ніхто не разумее. Яго нясе плынню, і ён толькі і паспявае, што рухацца з яе хуткасцю і рабіць тое ж самае, што робяць астатнія, каго ён паспявае заўважыць у руху. Як тая плынь запускаецца? Што за архаічныя механізмы ўключаюцца ў свядомасці пісьменных людзей і прымушаюць іх падтрымліваць вайну, знішчаць сваіх жа суседзяў, апраўдваць рэпрэсіі, спачуваць дыктатарам?

бабін яр 3.jpg

Наўрад ці ў «Бабіным Яры» вы знойдзеце на тыя пытанні адказы, але ж дакладна адчуеце, што такое «маса» і чым яна жыве, — паглядзіце на тое, што мы пражываем цяпер, з той неабходнай гістарычнай вышыні, якой нам не стае для разумення «вось гэтага вось усяго».

«Дзяржаўнае пахаванне», 2019, рэж. Сяргей Лазніца

дзяржаўнае пахаванне.jpg

І калі вам карціць ведаць, што будуць рабіць пасля смерці дыктатара людзі, якіх ён зараз вядзе каго на смерць, каго на ганьбу, то са стужкі «Дзяржаўнае пахаванне» таго ж Лазніцы вы лёгка дазнаецеся: будуць плакаць. Раўці, галасіць, выць, губляць прытомнасць, давіць адно аднаго ў чэргах да труны. Гэта мы праходзілі ў 1953-м.

Сяргей Лазніца ўзяў матэрыялы пампезнай стужкі «Вялікае развітанне» пра пахаванне Сталіна і паказаў, як тая самая «чалавечая маса» пражывае экстаз жалобы. Над стужкай працавалі больш за 50 аператараў, разасланых па ўсіх саюзных рэспубліках і сяброўскіх краінах — у Кітай, Паўночную Карэю, Усходнюю Германію і г. д.

дзяржаўнае пахаванне 3.jpg

Фільм так і не выйшаў на экран, хоць і спадабаўся членам ЦК. Але ж дзесяць тысяч метраў стужкі пампезнага развітання народа з правадыром засталіся чакаць свайго часу, калі праз тую пампезнасць і трагізм, праз да ванітаў пафасную жалобу можна будзе нарэшце разгледзець і вар’яцтва мас, іх звычкі, якія здаюцца абсурднымі кожнаму асобнаму чалавеку, пакуль ён не патрапіць унутр гэтай агромністай сілы. Лазніца і разгледзеў. І вы паглядзіце.


«1970», 2021, рэж. Томаш Вольскі

1970-постар.png

Сем з нечым тысяч куль, больш за чатырыста шумавых гранат, колькі дзясяткаў літраў слезацечнага газу — столькі зброі ўжылі польскія ўлады ў Гданьску і Гдыні ў 1970-м, каб падавіць пратэсты працоўных, з якіх пасля вырасла «Салідарнасць». Рэжысёру Томашу Вольскаму, які родам з Гдыні, пашчасціла натрапіць на чэкісцкія праслухоўкі размоў польскага кіраўніцтва падчас тых пратэстаў.

Так пачаўся дакументальны фільм «1970» пра тое, як працоўныя выйшлі з камянямі супраць куль. Рэдкая хроніка пратэстаў у Гданьску, кадры стачкі на верфі і вулічных баёў за яе межамі, сцэны адчаю, ярасці, страху — а больш сцэны мужнасці ды братэрскасці простых мужыкоў і хлапцоў, якія не спужаліся ўпарта стаяць на сваім, за сваю годнасць: вось што ўражвае ў стужцы «1970». Уражвае куды больш за цынічныя і баязлівыя размовы чыноўнікаў.

1970-1.jpg

Здаецца, ніхто яшчэ больш трапна, чым Томаш Вольскі, не паказваў сутнасць бюракратыі, шчодрай у дачыненні да народа, які яе абраў, толькі на рэпрэсіі, а не на клопат.

І ведаеце што: гэта надзвычай натхняльны фільм. Ён патрабуе сіл, якіх у нас дагэтуль малавата, каб яшчэ траціць іх на назіранне гвалту, але ж калі накрые вас безвыходнае адчуванне бяссілля, памяць вашая падсуне вам кадры братэрскасці простых хлапцоў з гданьскай верфі, на якіх улада патраціла больш за сем тысяч куль, а не здолела іх перамагчы.

1970.png

Цяжка перажываць цяжкія часы, але ж мамка-гісторыя ніколі не застаецца на баку тэрору. Пра гэта, уласна, і вядзе гаворку Томаш Вольскі.

«Гарбачоў. Рай», 2020, рэж. Віталь Манскі

гарбачоў рай 1.jpg

Як вам, можа, вядома — ці як вы здагадваецеся, — фігура Міхаіла Гарбачова знаходзіцца ў нас пад вялікай дзяржаўнай забаронай. А не трэба было Саюз развальваць, кажуць «знаўцы», якія намагаюцца зрабіць выгляд, што ён і не развальваўся.

гарбачоў рай.jpg

Віталь Манскі зняў кіно пра старэнькага Гарбачова, які жыве ў самоце ды займаецца бытам. Пра ягоную гістарычную адказнасць і асабістую віну. А яшчэ пра тое, якая гэта паганая справа — выкрэсліваць гістарычныя падзеі, якія здарыліся, і нічога не папішаш.

гарбачоў рай 3.jpg

Паглядзіце яго, каб нарэшце ўразумець, што кіраўнікі дзяржаў — таксама старэюць і паміраюць, як усе, а дзяржавы працягваюць жыць, калі яны жыццяздольныя, бо не ў кіраўніках справа.

Даўным-даўно Манскі здымаў і Пуціна, але тое я вам не раю, бо лепш глядзець на чалавека, які змагаўся з чэкістамі і перамог, чым на чэкісцкі рэванш, больш падобны на дурны сон.

«Звычайная краіна», 2020, рэж. Томаш Вольскі

звычайная краіна 1.png

Польскі рэжысёр Томаш Вольскі пайшоў на абуральны крок — нават на недаравальны крок: ён зманціраваў фільм з чэкісцкіх хронік. Уявіце сабе, з тых стужак, што польскія чэкісты здымалі ўжо ў вегетарыянскія 1960-я —1970-я, калі прыходзілі да людзей з вобшукамі, калі затрымлівалі ці проста сачылі за імі. То-бок калі страх быў ужо не смяротным, але ж паўсюдным і руцінным.

Увесь багаты архіў будзёнага чэкісцкага жыцця, акуратна захаваны архівістамі і адчынены для доступу, лёг у аснову мантажнай стужкі пра зусім звычайную краіну, надта падобную на тую, у якой мы колькі гадоў жывем. Не сказаць, што з чэкісцкага пункту гледжання жыццё ў звычайнай краіне выглядае неяк інакш, але ж яно становіцца ўбачаным яшчэ і гэтым, чэкісцкім позіркам. Разумееце, пра што я?

звыяайная краіна.png

Калі ж вы запытаецеся, нашто ж вам глядзець тое, што вы кожны дзень пражываеце і так, дык я паспрабую адказаць: а вось дзеля таго самага адчування, што аднойчы і такая навалач заканчваецца, і застаюцца ад яе адны толькі «пакаяльныя» відосікі ды аператыўная здымка.

Аднаго дня яе адшукае кемлівы рэжысёр і адновіць звычайную будзённую вусціш, у якой мы жылі. Каб новыя пакаленні зразумелі, адкуль у нашых сівых галовах такія вось тараканы, ды і каб мы самі ўспомнілі, адкуль выйшлі — вось з гэтага вось, з самага такога незаўважнага, руціннага пекла. Тады мы нанова ацэнім, колькі ўсяго здолелі змяніць. Мы ж здолеем?

budzma.org