Як і чаму першы пасол Швецыі стаў для беларусаў адным з любімых замежных дыпламатаў? Распавядае «Салідарнасць».

Архіўнае фота. Стэфан Эрыксан у Мінску на імпрэзе ў межах месяца шведскай літаратуры ў 2012 г., на той час амбасадар Швецыі ў Беларусі
Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі з 2005 года, а ў 2008-м здарылася гістарычная падзея — ён быў прызначаны першым паслом Швецыі ў нашай краіне. З гэтага моманта шмат што змянілася. Напрыклад, пасольства Швецыі пачало выдаваць шэнгенскія візы беларусам у Мінску.
Але яшчэ больш было зроблена, дзякуючы асабістай актыўнасці Стэфана Эрыксана.
Праца замежных дыпламатаў вельмі зменлівая — невядома, куды лёс закіне іх праз некалькі гадоў. Але Стэфан Эрыксан не толькі вывучыў беларускую мову, але і стаў саюзнікам беларусаў, заклапочаных яе станам.
Вось што казаў пасол Швецыі:
— Калі я чую «навошта нам гэта мова», не магу прамаўчаць, кажу, ну, дарагія, «не пакідайце мовы вашай, каб ня ўмёрлі». Умовы роўныя павінны быць для дзвюх моў, але калі ёсць сур’ёзны культурны пласт усходняга суседа, павінна быць падтрымка той мовы, што не мае такой прасторы. Хацелася б, каб ваша прыгожая беларуская мова больш выкарыстоўвалася.
Навагодняе віншаванне беларусам ад Стэфана Эрыксана ў 2012-м
Стэфан Эрыксан не толькі ўпэўнена гаварыў па-беларуску, але як мог падтрымліваў беларускіх творцаў, літаратараў, музыкаў. Больш за тое, пасол Швецыі асабіста пераклаў на шведскую мову апавяданне Васіля Быкава «Сцяна» і эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць — гэта...», а таксама некалькі тэстаў песень N.R.M.
Многія беларускія творцы былі асабіста знаёмыя з Эрыксанам. Дзякуючы яму былі запушчаны шматлікія сумесныя шведска-беларускія праекты.
Яшчэ адно дасягненне Стэфана Эрыксана — па яго ініцыятыве ў Мінску стварылі клуб беларускамоўных паслоў. Ідэю падтрымалі тагачасныя пасол Польшчы Генрык Літвін, пасол Украіны Ігар Ліхавы, пасол Літвы Эдмінас Багдонас.
Гэта быў важны крок для падтрымкі беларускай мовы.
Усе свае гады працы ў Беларусі Стэфан Эрыксан напружваў улады. Напрыклад, ён не маўчаў, калі забаранялі канцэрты, а таксама клапаціўся пра лёс палітвязняў.
Летам 2012-га ва ўладаў з’явілася яшчэ адна нагода пазбавіцца ад пасла Швецыі. Тады аднаматорны самалёт Jodel D11 пад кіраваннем двух шведскіх пілотаў (супрацоўнікаў піяр-кампаніі «Studio Total») раскідаў над беларускай тэрыторыяй цацачных мядзведзяў з заклікамі пра свабоду слова.
Гэта прывяло да дыпламатычнага скандалу: наступны пасол Швецыі прыехаў у Мінск толькі ў 2017-м.
Але Стэфана Эрыксана беларусы не забываюць. У 2023-м Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла яго Крыжам добрасуседства.
Фота: Facebook
З другой паловы 2025 года Стэфан Эрыксан працуе паслом Швецыі ў Казахстане.