Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму» праз відэаролікі на Ютубе. Пра гэта 11 сакавіка паведаміў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.

Па словах Брылёва, справу ўзбудзілі ў дачыненні да 39-гадовай ураджэнкі Мінска паводле ч. 3 арт. 130 КК (рэабілітацыя нацызму). Па гэтым артыкуле прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.
З паведамлення пракуратуры вынікае, што «ўмоўная К. і В. — у яе падвойнае прозвішча — знаходзячыся за межамі Беларусі, у групе з іншымі грамадзянамі на сістэмнай аснове вырабляла і размяшчала на агульнадаступным рэсурсе відэаролікі ў форме асветніцкіх лекцый».
Па версіі пракуратуры, у роліках падазраваная «маніпулявала асобнымі фактамі з гісторыі краіны» і «гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключаючы прадстаўнікоў нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фарміраванняў („Дапаможная паліцыя“, Беларуская цэнтральная Рада і іншыя), наўмысна ўслаўляла іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР».
Сярод іншага у паведамленні прадстаўніка пракуратуры ўзгадваецца відэа на платформе Ютуб, прысвечанае лёсу гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ.
Назва ютуб-канала ў паведамленні Брылёва не прагучала, але можна меркаваць, што гаворка ідзе пра відэа пад назвай «Галоўны міф Другой сусветнай – забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?», якое нядаўна выйшла ў межах праекта «Трызуб і Пагоня» на ютуб-канале «Будзьма беларусамі».
Кацярына Ваданосава (Каланчук-Ваданосава) — беларуская тэлевядучая, спявачка, рэканструктарка гістарычных строяў, гісторык па адукацыі. Праз палітычны пераслед вымушана з’ехала з Беларусі, цяпер жыве ў Польшчы.