Руіны старадаўняга езуіцкага храма — паменшаную копію Віленскай катэдры, сядзібу Спытковых ХІХ стагоддзя ў стылі неакласіцызм, рэшткі маштабнай вінакурні ў гушчары старога парку — усё гэта можна пабачыць у маляўнічым мястэчку Расна Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Ад колішняй велічы сёння, на жаль, мала што засталося. Многія перліны архітэктуры знаходзяцца ў занядбаным стане і папросту разбураюцца — тым больш варта паспяшацца наведаць Расну, пакуль там яшчэ ёсць, што паглядзець. Апроч названых цікавостак, Расна вабіць і непаўторнымі ўзгорыстымі краявідамі.
Касцёл Святога Казіміра, Расна. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Святога Казіміра
У пісьмовых крыніцах Расна ўзгадваецца ад XІV стагоддзі. Праз сваё ўсходняе размяшчэнне паселішча часта цярпела ў войнах з Маскоўскай дзяржавай: вядома, што ў 1667 годзе тут ужо існаваў замак. Сёння Расна — невялічкая вёска, велічнае мінулае якой выдае колькасць размешчаных тут рэштак архітэктурных помнікаў. Адным з іх з’яўляецца колішні храм Святога Казіміра, дакладней тое, што ад яго засталося.
Касцёл Святога Казіміра, Расна, 1914. Фота: wikimedia.org
Езуіцкая місія, пад патрэбы якой быў узведзены каталіцкі храм Святога Казіміра, была размешчана ў Расне тагачасным уладальнікам мястэчка Міхалам Пацеем у 1747 годзе. Пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, калі Расна патрапіла ў склад Расійскай імперыі, Пацеі адмовіліся прысягаць Кацярыне ІІ, таму новыя ўлады забралі паселішча ў гаспадароў. Езуіцкая місія таксама была скасаваная, але набажэнствы ў храме працягвалі праводзіць ужо як у парафіяльным касцёле.
Касцёл Святога Казіміра, Расна, 1939. Фота: wikimedia.org
Касцёл Святога Казіміра, Расна. Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова езуіцкі храм быў драўляным, але ён моцна пацярпеў ад пажару ў 1804 годзе. Мураваная бажніца, якую можам пабачыць у Расне, была ўзведзена ў 1818 годзе ў стылі класіцызм. Гэты храм, паводле некаторых звестак, будаваўся як паменшаная копія Віленскай катэдры. Пасля 1917 года ў будынку быў размешчаны клуб, пасля сховішча, але ён захоўваўся ў прымальным стане ажно да Другой сусветнай вайны. Падчас вайны бажніца была часткова зруйнавана і пакрысе працягвае занепадаць.
Касцёл Святога Казіміра. Фота: planetabelarus.by
Рэшткі будынкаў езуіцкай місіі ў Расне. Фота: glubinka.by
Храм у Расне з’яўляецца ўзорным прыкладам стылю класіцызм на тэрыторыі Беларусі. Унутраная прастора бажніцы прастакутная, падзеленая 16 калонамі на некалькі няроўных частак. Даху ў будынка даўно няма, але калоны працягваюць утрымліваць велічную канструкцыю. Вядома, усе каштоўнасці і дэкор даўно знішчаны. Раім паспець даехаць сюды, пакуль яшчэ ёсць, на што паглядзець.
Касцёл Святога Казіміра. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Святога Казіміра. Фота
Мікалаеўская царква
У Расне здаўна існаваў і праваслаўны храм. Драўляная бажніца, узведзеная яшчэ ў XVI стагоддзі, неаднаразова цярпела ад пажараў і да нашых дзён не захавалася. Мураваны будынак Мікалаеўскай царквы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, які мы можам пабачыць у Расне сёння, быў узведзены тут ужо пасля Студзеньскага паўстання ў 1887-1891 гг., па тыпавым праекце з мэтай наблізіць беларускую праваслаўную архітэктуру да расійскай.
Колішняя Мікалаеўская царква ў Расна. Фота: planetabelarus.by
У 1950 годзе будынак Мікалаеўскай царквы быў перададзены пад заснаваны ў Расне дзіцячы прытулак і моцна перароблены. Але яго лёгка ідэнтыфікаваць па нетыповых для суседніх будынкаў на тэрыторыі сучаснага інтэрната абрысах. Захавалася апсіда, над якой надбудавалі цэлы паверх, высокі ганак, нават абраз Святога Міколы над уваходам. Да сёння ў колішняй царкве месціцца дзіцячы інтэрнат.
Колішняя Мікалаеўская царква ў Расне
Сядзіба Спытковых
Яшча адна архітэктурнач адметнасць Расны — будынак колішняй сядзібы Спытковых. Да 1880 года мясцовы маёнтак належаў роду Стахоўскіх, але расійскія ўлады яго сканфіскавалі за ўдзел гаспадароў Расны ў паўстанні 1863-1864 гг. Палкоўнік Спыткоў, прыдбаўшы новай зямлі, у 1895 годзе вырашыў узвесці тут сваю летнюю рэзідэнцыю ў стылі неакласіцызм. Прастакутны сіметрычны будынак сядзібы атрымаўся даволі сціплым, увесь размах дэкору з калонамі, распісанымі сценамі, ляпнінай ды іншымі аздабленнямі быў унутры.
Сядзіба Спытковых. Фота: mogilev.1prof.by
Будынак належаў Спыткову да 1918 года, пакуль у Расну не прыйшла савецкая ўлада. Колішняя сядзіба пэўны час выкарыстоўвалася ў якасці мясцовай школы. Падчас Другой сусветнай вайны ў будынку месціўся вайсковы шпіталь, а ў сутарэннях функцыянавала невялікая фабрыка па вытворчасці алею. Пасля вайны былая сядзіба зноў была прыстасаваная пад школу, якая дзейнічала да 1990-х гадоў. Да нашых дзён, на жаль, будынак дайшоў у вельмі занядбаным стане з праваленай падлогай ды праломленым дахам. Зараз ён закансерваваны, але паволі працягвае разбурацца.
Сядзіба Спытковых
Вінакурня
Варта звярнуць увагу і на рэшткі колішняга бровару ды іншых гаспадарчых пабудоваў, якія былі закладзеныя пры сядзібе Спытковых на пачатку ХХ стагоддзя. Рэшткі свірана можна пабачыць праваруч ад сядзібы, а бровар варта шукаць у самым гушчары колішняга парку. Маштабы пабудовы вельмі ўражваюць: нават пасля таго, як месцічы расцягалі будынак на цэглу, памеры яго выразна праглядаюцца. Цікава, што мясцовы спіртзавод працягваў функцыянаваць яшчэ за савецкім часам, ажно да 1986 года.
Вінакурня Спытковых
Вінакурня Спытковых. Фота: poshyk.info
Яўрэйскія могілкі
Да Другой сусветнай вайны большую частку насельніцтва Расны складалі яўрэі. Вядома, была тут і ўласная сінагога, некалькі малітоўных дамоў, а па стане на 1909 год у Расне існавала цэлых 39 крамаў. Але пасля 1942 года з яўрэйскай спадчыны ў вёсцы захаваліся толькі старадаўнія юдэйскія могілкі. Большасць магіл датуецца ХІХ стагоддзем, але можна сустрэць надмагіллі і на стагоддзе старэйшыя. Апошняе пахаванне на мясцовых могілках у Расне адбылося ў 2010 годзе. Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне ХХ стагоддзя вялікая колькасць яўрэйскіх пахаванняў у Беларусі была знішчана, у Расне яны захаваліся ў добрым стане, таму даследчыкам яўрэйскай спадчыны там таксама будзе цікава.
Яўрэйскія могілкі ў Расне. Фота: poshyk.info
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Вандруем па Магілёўшчыне: што паглядзець у Чэрыкаве і Крычаве
7 архітэктурных цудаў Мсціслава