Якія праекты зменяць культурны ландшафт у бліжэйшыя гады? Над чым зараз працуюць лепшыя культурныя менеджары краіны? Якія новыя прапановы атрымае аўдыторыя, і што зменіць нашыя густы і культурныя выбары ў будучым?
Мы раскажам пра 5 праектаў, якія маюць унікальны досвед і патэнцыял да развіцця. Іх аўтары – незвычайныя людзі. Яны ставяць перад сабой амбітныя мэты, адказваюць на выклікі часу. І галоўнае – шмат працуюць дзеля сваіх ідэй і гатовыя дзяліцца досведам.
Андрэй Лянкевіч, арганізатар фестывалю «Месяц фатаграфіі», фатограф, куратар
Праблема. Фатаграфія пакуль не ўспрымаецца як мастацтва. У Беларусі няма ні музеяў, ні сістэматызаваных калекцый фатаграфіі і аўтарытэтных даследаванняў. «Мы бярэм на сабе рашэнне гэтай задачы, – кажа А. Лянкевіч. – Канешне, мы не заменім Мастацкі музей, але мы можам паказаць наколькі багаты гэты від мастацтва. Фатаграфія, як візуальная мова вельмі моцна змянілася ў апошнія 10-20 год».
На каго разлічаны праект? Сваёй мэтавай аўдыторыяй арганізатары лічаць усіх, хто цікавіцца візуальным мастацтвам. Зараз выставы «Месяца фатаграфіі» у Мінску наведваюць каля 10 тыс. чалавек. Большасць з іх – актыўная моладзь, ад 25 да 35 год. Аўдыторыя фестывалю, паводле арганізатараў, гэта моладзь, якая мае асабісты культурны досвед і шмат падарожнічае. Менавіта для такіх людзей аўтары праекта хочуць зрабіць больш.
На дадзены момант, фестываль «Месяц фатаграфіі» аб’ядноўвае рэсурсы і магчымасці больш чым 20 арганізацый. Але гэта толькі пачатак. Вось мэты на бліжэйшыя 20 год:
- Адкрыццё Бюро «Месяца фатаграфіі», – пастаянна дзейснай пляцоўкі для выстаў у Мінску.
- Стварэнне калекцыі, якая стане асновай для новага Музея фота. «Адкрыццё музея – гэта мэта, якую мы ставім перад сабой на бліжэйшыя 5-10 год», – кажа А. Лянкевіч. Музей, паводле яго меркавання, гэта не проста сховішча фота-матэрыялаў, а творчая і навуковая лабараторыя, дзе будуць працаваць студэнты, аспіранты, даследчыкі.
- Заснаванне традыцыі публічнага абмеркавання фатаграфіі. Важна не проста ўбачыць, але і абмеркаваць. Пакуль публічных абмеркаванняў, прафесійных выказванняў і крытыкі ў галіне фотамастацтва ў Беларусі амаль няма.
- Прэмія па выніках году. У планах адзначаць прэміямі працы фатографаў, куратараў, дырэктараў праектаў, аўтараў публікацыяў, арганізатараў мерапрыемстваў і інш..
Такім чынам рэгулярная актыўная дзейнасць у галіне мастацтва фатаграфіі, у бліжэйшыя некалькі год адкрые ў сучаснай культуры новую галіну. У прафесіяналаў з’явіцца больш магчымасцяў і стымулаў для развіцця, а шырокая аўдыторыя атрымае доступ да недасяжных пакуль крыніцаў па сучаснай фатаграфіі.
«Мэтай усяго, што мы робім з’яўляецца змяніць заганныя стэрэатыпы: «фатаграфія – гэта не сур’ёзна», «фота – гэта не мастацтва» і г.д. На самой справе, фатаграфія – гэта мастацтва, а аўтары фота – гэта не проста «фатографы», а мастакі», – кажа Андрэй Лянкевіч.
Лера Грын, Cinema Perpetuum Mobile (ISFF), Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно
Праблема. Асаблівасць кароткаметражнага кіно – гэта лаканічнасць, дакладнасць у размеркаванні часу на ідэі, сцэны, герояў. Кароткі метр – гэта жанр, які «гаворыць» толькі самае важнае і галоўнае. Кінастужка доўжыцца не больш за 35-45 хвілін, таму праграмы кароткага метра (звычайна не больш за 90 хвілінаў) маюць вельмі моцнае ўздзеянне на аўдыторыю. «Пакуль гледачы выбіраюць звыклыя варыянты адпачынку,- напрыклад схадзіць на вядомую прэм’еру поўнаметражнага фільму, – кажа Лера Грын, каардынатар Cinema Perpetum Mobile (ISFF). – Мы хочам змяніць звычкі і зрабіць «кароткі метр» больш папулярным і дасяжным відам адпачынку».
Чаму менавіта «фестываль»? Кароткаметражныя фільмы, як правіла, не выкладваюцца іх стваральнікамі на Youtube, Vimeo і інш.. Застаецца толькі два выйсця да гледача: фестывалі і тэлебачанне. «Фестываль дазваляе пазнаёміцца з сусветнымі прэм’ерамі, а таксама пашырыць аўдыторыю беларускага кароткаметражнага кіно», – кажа Лера Грын.
Аўдыторыя фестывалю.Чыю ўвагу перш за ўсё хочуць здабыць арганізатары? Увагу кінаманаў і простых «мінакоў», якія гатовыя выйсці са звыклых «зонаў камфорта». «Для нас не мае значэння ўзрост і сацыяльны статус гледача. Кароткі метр дазваляе рабіць кіно для кожнага, – кажа Лера Грын. Нашая мэта – рэгулярныя паказы не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі». На якіх пляцоўках? Кінатэатры, музеі, некамерцыйныя паказы, фестывалі пад адкрытым небам і фестывалі-партнёры. Арганізатары мараць, каб жанр стаў больш «уключаным» у агульны беларускі культурны кантэкст. «Гэта кіно, гэта мастацтва. І магчыма ў будучым, улічваючы тэмп сучаснага жыцця, такая форма стане больш падабацца гледачам з-за хронаметражу і інфарматыўнасці», – лічыць Лера Грын, каардынатар Cinema Perpetum Mobile (ISFF).
Ну і «супер мэта» арганізатараў фестывалю – паўплываць на густы людзей, запрасіць іх у свет не масавага кіно, а гэта значыць падштурхнуць да самаразвіцця і цікавасці да рэчаў, большых, чым штодзённае звыклае жыццё.
Ганна Самарская і Таццяна Зайдаль,
праект AUDITORIUM, лекцыі, завершаныя цыклы і адукацыйныя праграмы па культуры і мастацтву для дарослых.
Аўдыторыя. Лекцыі ў межах праекта AUDITORIUM прызначаныя для ўсіх людзей, старэйшых за 16 год, якія хочуць развівацца і атрымліваць новыя веды, шукаюць аднадумцаў і шляхі, каб рухацца наперад. «Мы папулярызуем гуманітарныя веды. Якім чынам? Ад чалавека да чалавека. «Нагледжаннасць», кніжнасць, эрудыцыя – гэтыя якасці ствараюцца не толькі ў музеях, кіно і тэатрах, але і праз размову, дыялог», – кажуць аўтары праекта.
Ганна і Таццяна ўпэўненыя, што на лекцыях па мастацтву і культуры, дарослыя вучацца думаць крытычна, што вельмі важна для жыцця. Такія якасці, як «не прымаць усё, як «дадзенае», «глядзець на падзеі з розных бакоў», «не баяцца выказвацца публічна», паляпшаюць жыццё як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. «Думай і спасцігай новае, развівайся ў сэрцы, і ў думках», – гэта тое, што мы хочам данесці да кожнага», – кажуць Ганна і Таццяна.
Вынік. Дасяжнасць гуманітарных ведаў для тэхнічных спецыялістаў – інжынераў, праграмістаў, людзей з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і інш.. Больш крытычных, думаючых і адукаваных людзей.
«У гэтым годзе мы запрашаем «зорных» лектараў на нашыя заняткі і пашыраем тэматыку сустрэч да размоваў пра агульнапрынятыя формы паводзінаў. Культура ў шырокім сэнсе слова!», – кажуць Ганна Самарская і Таццяна Зайдаль.
Перспектыва. У планах на бліжэйшыя 5-10 год зрабіць AUDITORIUM назоўным вызначэннем для захапляльнай і актуальнай гуманітарнай адукацыі для дарослых. «Хацелася б каб на нашых курсах папрысутнічалі 20% насельніцтва Беларусі. Гэта азначала б агульнае развіццё краіны і пазітыўны ўплыў на астатнія 80% жыхароў», – кажа Ганна Самарская.
Аксана Гайко, праект Brest Stories Guide, Брэст
Праект Brest Stories Guide – гэта аўдыё-спектакль, расказаны ў гарадской прасторы Брэста. Тэма спектакля – антысемітызм і знішчэнне габрэйскай супольнасці Брэста ў 1941-1942 гг. «Перад пачаткам вайны, у Брэсце жылі каля 24 тыс. габрэяў, – гэта каля 45% ад усяго насельніцтва горада. Усе яны былі знішчаныя. У жывых засталіся толькі 20 чалавек, – расказвае Аксана Гайко, аўтар ідэі праекта, рэжысёр. – Халакост і зруйнаванне знакавых для габрэйскай супольнасці аб’ектаў у прасторы горада, зніштожылі і памяць пра габрэйскую абшчыну».
Аўдыёспектакль – гэта экскурсія па неіснуючаму Брэсту. Глядач у свабодным рэжыме перасоўваецца па гораду, кіруючыся праграмным забеспячэннем на платформе Android. На мапу нанесеныя ключавыя кропкі, звязаныя з габрэйскай спадчынай і жыццём гета.
Праект Brest Stories Guide – гэта вынік сумеснай працы каля 20 чалавек, ІТ распрацоўшчыкаў, гісторыкаў, экспертаў габрэйскіх арганізацый, а таксама лепшых актораў брэсцкіх тэатраў. Праект створаны на перакрыжаванні мастацтва, гістарычнай спадчыны і турызму, можа быць выкарыстаны ў адукацыі. Brest Stories Guide узнімае важныя этычныя пытанні.
Аўдыторыя экскурсіі-спектакля – гэта жыхары Брэста, турысты, усе, хто цікавяцца новымі турыстычнымі і культурнымі прадуктамі і горадам.
Перспектыва – новыя маршруты і новыя гісторыі. «Зараз мінулае Брэста забываецца на карысць галоўнага міфа аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці. Я хачу, каб з’явілася больш знакаў «нябачных» супольнасцяў, важных для гісторыі горада, а таксама, каб можна было пачуць розныя гісторыі, расказаныя жыхарамі горада . Напрыклад, каб у Брэста з’явілася гісторыя яго жанчын, альбо каб прагучалі гарадскія гісторыі 90-х», – кажа Аксана Гайко, рэжысёр, аўтар ідэі.
«Падарожжа па неіснуючаму гораду», – такая турыстычная прапанова можа спрацаваць у любым месцы Беларусі. Вакол нас пераважна новыя будынкі і атачэнне створанае адносна нядаўна. Даўняя гісторыя застаецца нябачнай. Убачыць і пачуць мінулае зараз можна, выкарыстаўшы досвед Brest Stories Guide. Ідэя праекта валодае неверагодным патэнцыялам.
Праект Red Art, Вікторыя Хацяновіч, Гродна
Арт-тэрапія – здароўе праз мастацтва. Магчыма, раней толькі заможныя людзі маглі сабе дазволіць вырашаць свае ўнутраныя праблемы пры дапамозе малявання. Праект Red Art адкрыў гэтую магчымасць для ўсіх ахвочых. Заняткі адбываюцца ў кавярнях і рэстаранах Гродна, ва ўтульнай і спакойнай атмасферы.
Аўдыторыя. Дарослыя людзі без вопыту малявання ў мінулым. Заняткі карыстаюцца папулярнасцю ў жанчын – іх каля 80%, 20% гэта мужчыны ва ўзросце 25-40 гадоў.
Мэта. Арганізатары праекта Red Art імкнуцца зрабіць маляванне агульнапрынятым гарадскім відам адпачынку і забавы. «Мы лічым, што любы чалавек, любой прафесіі можа ствараць свае інтэрпрэтацыі карцін, маляваць у лёгкай і расслабленай абстаноўцы, пасля працоўнага дня, альбо ў выходны з дапамогай прафесійнага мастака», – кажа Віктоыря Хацяновіч. Заняткі дапамагаюць разняволіць людзей і даюць большую свабоду і ўпэўненасць у сваіх здольнасцях і творчасці. Арганізатары разлічваюць, што ў будучыні ўдзельнікі праекта будуць самастойна выкарыстоўваць гэты від арт-тэрапіі, у сваім звыклым атачэнні, напрыклад, дома.
Вынік. Да чаго імкнуцца аўтары праекта? Каб было больш здаровых і шчаслівых людзей. Нядаўна ўдзельнікі Red Art арганізавалі выставу ў адной з галерэяў Гродна. «У некаторых назбіралася да 10 уласных карцінаў. Выстава – стала вельмі важнай падзеяй. Многія не маглі сабе нават уявіць, што іх працы больш тыдня будуць экспанавацца ў публічным месцы», – кажа Вікторыя Хацяновіч. Паводле яе, такія праекты пашыраюць межы разумення мастацтва і чалавека.
У бліжэйшы час арганізатары Red Art плануюць адчыніць сваю прастору з навучаннем розным накірункам прыкладнога мастацтва, лекцыямі, каворкінгам і інш.. «Наш праект паказаў, што арт-тэрапія вельмі запатрабаваная ў гродзенцаў», – кажа Вікторыя Хацяновіч.
У межах Праекта ЕС-Усходняга Партнёрства «Культура і Крэатыўнасць» 50 беларускіх менеджараў у галіне культуры праходзяць навучанне і ўмацоўваюць свае веды ў пытаннях вядзення бізнеса, пошуку партнёраў і рэсурсаў, прасоўвання ідэй, законаў менеджмента і маркетынга.