З даўніх часоў існавала практыка занатоўваць падзеі свайго дня, уласныя думкі, уражанні і г.д. Такія дзённікі — крыніца часам вельмі каштоўнай інфармацыі. Прынамсі, нашчадкі могуць больш даведацца пра жыццё, характар, адметнасці сваіх продкаў (канешне, калі дзённікі захаваліся). А, калі гэта дзённік якой-небудзь знакамітасці, то яго з задавальненнем пачытаюць і біёграфы. Шмат карыснага захоўваюць дзённікі навукоўцаў і вынаходнікаў.
Фота: brunnen.com.ua
Але ж дзённік нясе карысць не толькі будучым пакаленням. У першую чаргу, ён важны для самога аўтара. Ніжэй прыведзена некалькі каштоўнасцяў практыкі штодзённага запісу ўласных думак, уражанняў, важных падзей. І важна памятаць, што карысць дзённіка заключаецца не толькі ў самім пісьме, але і ў яго перачытванні. Напрыклад, раз на год: напрыканцы снежня, напярэдадні свайго дня народзінаў альбо іншай значнай для вас даты.
1. Бясплатная тэрапія
Пераносячы на паперу падзеі дня і сваю на іх рэакцыю, вы маеце ўнікальную магчымасць яшчэ раз перажыць і ацаніць тое, што адбылося. І нават больш за тое — магчымасць скарэктаваць некаторыя з іх альбо знайсці для сябе шлях пераадолення падобных сітуацый у будучыні.
Напрыклад, вас нехта моцна пакрыўдзіў. Па нейкіх прычынах вы не змаглі адразу сказаць свайму крыўдзіцелю ўсё, што думаеце пра яго ўчынак. Таксама ў вас не было магчымасці экалагічна зліць сваю крыўду і злосць. Што адбываецца? Правільна, гэтая падзея і крыўда ўсё яшчэ бурляць у вашым розуме, не даючы спакою, замінаючы радавацца жыццю.
Чытайце па тэме: Экалагічна «зліваем» злосць
Але, занатаваўшы падзею ў сваім дзённіку, вы, па-першае, маеце магчымасць паглядзець на яе збоку (а, можа, чалавек зусім не хацеў вас пакрыўдзіць, проста выйшла непаразуменне?). А, па-другое, выплюхнуць усе свае неадпрацаваныя эмоцыі, нявыказаныя словы і д.п. на паперу.
Занатоўваючы радасныя і прыемныя падзеі, вы зноў-такі маеце вялікую карысць. Па-першае, яшчэ раз пражываеце цудоўныя хвіліны. Па-другое, запісаўшы падзею, вы не «згубіце» яе ў віраванні жыцця, не пакінеце без увагі. А, значыць, яна адлюструецца ў вашай падсвядомасці, што дапаможа думаць больш пазітыўна, засяроджвацца на прыемным, на сваіх дасягненнях.
2. Уласны даведнік
У дзённіку можна занатоўваць не толькі свае пачуцці і ўражанні ад мінулага дня, але і важныя думкі, кнігі, якія прачыталі (і што з іх вынеслі), новыя ідэі і здагадкі, цікавыя выказванні, свае дасягненні ў любой сферы, смак ці рэцэпт новай стравы і г.д.
Таікім чынам праз колькі месяцаў у вас з’явіцца ўласны даведнік з інфармацыяй, карыснымі парадамі, ідэямі і думкамі, спісам літаратуры, кіно, музыкі ды іншга.
Можаце пакрэатывіць з афармленнем: пазначаць цікавыя думкі ці спісы літаратуры рознымі колерамі, рабіць закладкі, тлумачальныя малюнкі і піктаграмы.
3. Практыкаванні і «ачыстка» мозга
Фіксуючы свае думкі, вы трэніруеце мозг: развіваеце аналітычныя здольнасці, назіральнасць, уменне фармуляваць свае думкі. Калі ж вы вядзеце не электронны, а папяровы дзённік, гэта яшчэ і дробная маторыка рукі! Якая таксама станоўча ўплывае на працу галаўнога мозга і яго развіццё.
Акрамя таго, «вывальваючы» хаця б частку сваіх думак, уражанняў, пачуццяў на паперу ці электронны носьбіт, вы вызваляеце сваю «аператыўную памяць», структуруеце атрыманую за дзень інфармацыю, «раскладаеце ўсё па палічках». Тым самым спрыяеце таму, што ваша галава і думкі становяцца больш яснымі і зразумелымі — у першую чаргу, для вас саміх.
Фота: pexels.com
4. Фіксацыя сваіх дасягненняў
Дзённік — унікальная магчымасць не губляць свае вялікія і маленькія дасягненні. Ён дапаможа адрэфлексаваць вашыя перамогі, адсачыць ступень росту і развіцця ў важных для вас накірунках.
Перачытаўшы свае нататкі, скажам, за год, вы атрымаеце досыць яркую карціну таго, наколькі вы сталі па-іншаму думаць, дзейнічаць у розных сітуацыях. Наколькі павысіліся вашыя веды, пракачаліся навыкі ў тых ці іншых сферах жыцця. Наколькі вы далёка прасунуліся на шляху да сваіх мэтаў.
Гэта дапаможа фарміраваць адэкватную самаацэнку, пачуццё сваёй годнасці, а таксама адсочваць крыніцы і «каталізатары» вашага росту і развіцця і карыстацца імі напоўніцу.
5. Кропкі росту і новыя магчымасці
Да ўсяго, ваш дзённік — гэта крыніца самай праўдзівай і актуальнай інфармацыі пра вас. Па гэтай прычыне дзённікі стараюцца захоўваць у недасяжнасці ад старонніх вачэй. Але ж для вас гэта інфармацыя мае вялікую карысць! Адсочваючы сваё развіццё і рост ведаў, кампетэнцый, свае думкі і мары, вы пабачыце свае кропкі росту. Зможаце больш дакладна і адэкватна фармуляваць мэты і жаданні, расстаўляць прыярытэты. А таксама пры патрэбе — прыбіраць лішняе. Адпускаць таксічныя стасункі, не ганяцца за чужымі «хацелкамі» і г.д.
Да ўсяго — вы зможаце знайсці новыя магчымасці, шляхі вырашэння тых ці іншых праблемных сітуацый з улікам свайго мінулага вопыту. Пабачыць людзей і абставіны, якія вам дапамагаюць, а якія — замінаюць.
Вылучыўшы ўсяго 15 — 20 хвілін штодня на вядзенне ўласнага дзённіка, вы, па сутнасці, атрымаеце ўласнага коўча, псіхолага, аналітыка, асабісты даведнік і шмат іншага карыснага! І, хто ведае, можа, праз пару стагоддзяў вашыя нашчадкі стануць мультымільярдэрамі, прадаўшы ваш дзённік на якім-небудзь Sotheby’s.
Чытайце яшчэ: Як даводзіць справы да завяршэння: практычныя парады
Вікторыя Лебедзева, budzma.org