Чарговая сустрэча па святкаванні 500 гадовага юбілея беларускага кнігадрукавання, прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Мерапрыемства адбылося ў актавай зале 3 сярэдняй школы горада Беразіно, а арганізатарамі выступіла тамтэйшая бібліятэка.
Ёсць гарады, якія прымушаюць па іншаму трымацца перад аўдыторыяй, вымагаюць большай адказнасці і памежнай шчырасці. Беразіно, для Міхала Бараноўскага сталася менавіта такім месцам, бо з гэтых мясцін паходзілі яго продкі, там жа прайшла ладная частка яго дзяцінства.
Таму цягам выступлення Міхал неаднаразова засяроджваў увагу на тым ці іншым радку сваіх твораў і распавядаў, які з іх былі прыдыктаваныя ўспамінамі і ўражаннямі, звязанымі з бярэзінскім краем.
Падчас імрэзы былі разыграныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”: паштоўкі, плакаты, значыкі з сімволікай акцыі “500-годнасць”. Школьнікі згадвалі аўтараў, творы, якія найбольш уразілі іх падчас вучобы. Прыемна, што прагучалі імёны не толькі з падручніка, але і іншых беларускіх літаратараў.
Не абмінулі ўвагай імпрэзу мясцовыя журналісты і творцы, якія даволі доўга не адпускалі аўтара па завяршэнні прэзентацыі кнігі “Volumen.1” і абяцалі як мага шырэй распаўсюдзіць інфармацыю пра ініцыятыву святкавання 500-годдзя беларускага друку.
З.Ы. У самой бібліятэцы супрацоўнікамі падрыхтавана выстаўка прысвечаная беларускаму першадрукару, і кожны жадаючы можа пазнаёміцца з новымі і старымі выданнямі па скарыназнанаўству.
Тэгі: Беразіно