Тэма любові да свайго роду, да краю, у якім нарадзіўся, і да якога ўсё жыцце імкнецца душа, была галоўнай на творчай сустрэчы з паэткай Валянцінай Осіпавай, што 19 кастрычніка, ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, адбылася ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога. І як было не ўспомніць знакамітыя радкі Францыска Скарыны, перакладзеныя са старажытнай беларускай мовы Алесем Разанавым: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць».
Валянціна Осіпава, якая нарадзілася на Гомельшчыне і ўжо доўгі час жыве на Берасцейшчыне, распавяла студэнтам пра ўласную сувязь з малой Радзімай, пазнаёміла з новымі вершамі і прыцягнула ўвагу студэнтаў да важнай культурніцкай акцыі ” 500-годнасць”, якая праходзіць у нашай краіне у сувязі з юбілеем беларускага кнігадруку. Каб слухачы маглі ў поўнай меры ўявіць асветніцкі подзвіг Францыска Скарыны, паэтка зрабіла акцэнт на тым, наколькі раней за іншых народаў беларусы атрымалі Слова Божае на роднай мове. Яна падкрэсліла той факт, што многія ангельскія перакладчыкі Бібліі на родную мову ў той час падвяргаліся пераследаванням за сваю дзейнасць, і каб брацца за такую адказную справу, патрэбны былі не толькі талент і здольнасць, але і мужнасць. Студэнты з вялікай цікавасцю прынялі ўдзел у гістарычна-інтэлектуальнай віктарыне і атрымалі на памяць памятныя паштоўкі на беларускай мове і сувеніры з выявай “Пяцісотгоднасці”. Універсітэцкай бібліятэцы, ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьмннікаў, Валянціна Осіпава прэзентавала беларускі часопіс “Дзеяслоў” і сувенірнае выданне пра жыццёвы шлях Васіля Быкава.