«53 тралейбус. Вавілонская мяшанка гісторый» — культавы комікс пра Мінск перавыдаюць па-руску і па-беларуску

Неўзабаве ў Беларусі будзе перавыдадзены культавы комікс пра Мінск — «53 тралейбус. Вавілонская мяшанка гісторый» мінскага музыкі і мастака Багдана Даўгялы. Створаны пра апавяданнях Уладзіміра Рабіновіча з кнігі «Рабіновіч, як табе не сорамна», мемуарах Айзіка Ленчэра, гарадскіх легендах, першы комікс, дакладней яго першае выданне, імгненна разышлося ў 2022 годзе. Зараз з’явілася магчымасць зрабіць перадзаказ графічнай кнігі, якая выходзіць у Мінску па-беларуску і па-руску, піша reform.news.


Vokladka komiksu Bahdana Daŭhialy
Вокладка коміксу Багдана Даўгялы. Фота: kniger.by

Галоўны герой комікса — аўтар, які паспяхова раздвоіўся на маладога чалавека, які едзе ў тралейбусе ў стане паўдрэмы, і хлопчыка, які пазнае гісторыю розных раёнаў роднага горада, пісала пра кнігу Belisrael.info. У гэтых раёнах жылі і дзейнічалі героі коміксу: людзі з псіхічнымі захворваннямі і брыгада хуткай дапамогі, налётчыкі, вязні гета з неверагоднымі гісторыямі выратавання і звязанымі з імі трагедыямі. Багдан Даўгяля аб’ядноўвае самыя розныя людскія лёсы і выпадкі ў «вавілонскую мяшанку гісторый», аднаўляючы праз малюнак Мінск ваенны, пасляваенны, розных часоў.

Свой творчы метад мастак апісвае так: ён падрабязна вывучае архівы, а потым, калі атрымоўвае прадстаўленне аб пэўным месцы, звяртаецца да ўспамінаў. Тут і ўзнікаюць эмоцыі.

Staronka z komiksu Bahdana Daŭhialy
Старонка з коміксу Багдана Даўгялы. Фота: kniger.by

«Я чытаю і праглядаю ўвесь матэрыял пра Мінск. Аж да таго, што калі Мінск мільгае ў нейкім старым фільме (1960-70-х), то я заўсёды яго пераглядаю. Я не ведаю, як гэта было насамрэч, усё грунтуецца на матэрыялах «раскопак», архівах і кнігах. Напрыклад, звяртаўся да кнігі Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг.». Наогул мне трэба было зрабіць у коміксе ўсяго пару дамоў, але я спрабую ўзнавіць стан месца. Кожнае супадзенне з рэальнасцю я лічу сваёй заслугай. Калі я «трапіў» у сваіх спробах зразумець той час, які я спрабую адлюстраваць, то гэта ўжо вельмі добра для мяне», — дзеліцца аўтар.

«З іншага боку, я [у коміксу] спрабаваў вярнуцца да свайго дзіцячага погляду на наваколле. Гэта тое, што я кшталту не памятаю, але хачу ўспомніць. [...] Мой дзядуля па маме — таксіст, адмаўляўся ездзіць у Грушаўку ў 1970-х гадах, там маглі адабраць машыну. Гэта быў такі крымінагенны раён. Калі мы вярталіся ўвечары ад маміных сяброў, то я адчуваў гэтую небяспеку. Іншыя сюжэты коміксу з’явіліся з апавяданняў Уладзіміра Рабіновіча, якія, можна сказаць, змянілі маё жыццё. Ён паказаў мне свой погляд на Мінск. Уладзімір — даследчык Мінска, сапраўдны мінчанін. Я ўбачыў гэты аўтарскі погляд і прыняў. З дазволу аўтара я ўзяў два яго самыя пранізлівыя апавяданні і паспрабаваў іх праілюстраваць...».

Staronka z komiksu Bahdana Daŭhialy
Старонка з коміксу Багдана Даўгялы. Фота: kniger.by

Як адзначыў Багдан, яго захапленне коміксамі пачалося ў малалецтве. Асабліва яго натхнялі коміксы французскага мастака Жака Тардзі. Таксама мастак і музыка вырас на анімацыі японскага класіка Хаяо Міядзакі. Гэтыя школы паўплывалі на пошук уласнага стылю графіка.

На Kniger.bу адкрытая папярэдняя замова на новае выданне «53 тралейбус. Вавілонская мяшанка гісторый».