Самы высокі вадаспад у Беларусі, верхавыя балоты, маляўнічыя азёры і шмат іншых цікавостак. Усё гэта можна пабачыць, завітаўшы ў паўночную частку Беларусі, а менавіта ў Браслаўскі і Мёрскі раёны. Дзе дакладна шукаць тыя самыя прыродныя цуды і на што варта звярнуць увагу ў падарожжы, расказваем у нашай сённяшняй вандроўцы.
Фота: planetabelarus.by
Браслаўскі раён
1 Возера Дрысвяты
Найперш сёння наведаем возера Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, якое месціцца на мяжы Беларусі і Літвы. Возера Дрысвяты лічыцца трэцім па велічыні ў Беларусі пасля Асвейскага і Нарачы і найбольшым па плошчы возерам на тэрыторыі Літвы. Паводле часткі навукоўцаў, назва Дрысвяты мае фіна-вугорскае паходжанне і перакладаецца як «вада», іншыя сцвярджаюць, што назва паходзіць ад балцкага «шырокі», так яно ці інакш, цяжка сказаць дакладна.
Фота: planetabelarus.by
Што вядома і пацверджана археолагамі — гэта існаванне на выспе пасярод возера, якую месцічы называюць Замкам, умацаванага паселішча, верагодней за ўсё, старажытнай Полаччыны, ажно ў Х стагоддзі. Матэрыялы раскопкаў на выспе сведчаць аб даволі высокім узроўні рамеснай вытворчасці, гандлёвых сувязях старажытнага горада. Адной з самых цікавых знаходак тут з’яўляецца праселка з кірылічным надпісам.
Фота: planetabelarus.by
З замкам, які, паводле шэрагу гістарычных крыніцаў, верагодна існаваў на выспе возера Дрысвяты да XVII стагоддзя, звязана шмат паданняў. Паводле аднаго з іх, усё самае каштоўнае з паселішча на выспе, якое было знішчана падчас чарговай вайны, схавалі ў сутарэннях замка. З таго часу ніхто да тых сутарэнняў так і не дабраўся.
2 Гара «Маяк»
Далей прапануем рушыць на «Маяк» — да найбольш папулярнай агляднай кропкі ў ваколіцах Браслаўскіх азёраў. Яе вышыня каля сарака пяці метраў. Сённяшняя назва за ўзгоркам, які раней называлі Бізняй, замацавалася ад геадэзістаў. Напачатку ХХ стагоддзя яны ўсталявалі трыангуляцыйную вежу, якую месцічы пачалі называць «маяком». Вежы даўно ўжо няма, але на самай вяршыні «гары» ўзведзена шматузроўневая аглядная пляцоўка, з якой падрабязна можна азнаёміцца з маляўнічымі ваколіцамі.
Фота: holiday.by
Адсюль варта звярнуць увагу на возера Снуды, адкуль адкрываецца панарама на касцёл у вёсцы Плюсы. За вёскай ужо знаходзіцца мяжа з Латвіяй. З заходняга боку бачныя паўвыспа і вежы касцёла ў Слабодцы. З паўднёвага боку можна разгледзець касцёл у вёсцы Іказнь, возера Струста з маляўнічымі паўвыспамі, а сярод узгоркаў бачныя і абрысы Замкавай гары ў самім Браславе. Маяк узвышаецца сярод шэрагу ўзгоркаў, плошчай у некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якія маюць назву Кезікоўскія горы (паводле назвы вёскі Кезікі).
Фота: planetabelarus.by
3 Возера «Божае вока»
Яшчэ вандроўнікам і турыстам абавязкова варта наведаць возера Чортава вока, якое сёння перайменавае ў Божае вока. Возера знаходзіцца ў нізіне, бо ўтворанае праз таянне ледавіка, і мае ідэальна круглую форму. Божае вока схаванае ад дарогі высокім узгоркам, але яно пазначанае на ўсіх мапах, таму прамахнуцца будзе складана.
Фота: Віктар Малышчыц
За пару кіламетраў ад возера ёсць і «Чортава яма» ( 55°40’40"N 27°10’36"E ) — ледавіковае ўтварэнне, якое таксама мае ідэальна акруглую форму, калісьці, меркавана, і там было возера, але струмень ледніковых водаў вымыў з-пад яго глебу, і ўтварылася прорва з пляскатым дном і крутымі схіламі. Глыбіня ямы каля дваццаці метраў. Паводле легенды, месцічы пакутавалі ад вялікай колькасці гадзюкаў у наваколлі. Аднойчы ў вёску прыйшоў жабрак, які шукаў, дзе прытуліцца на ноч. Яго прынялі мясцовыя жыхары на ўскрайку вёскі. Удзячны падарожны прапанаваў здзейсніць любое жаданне гаспадароў. Тыя папрасілі пазбавіць іх ад навалы гадзюкаў, і тады жабрак сабраў усіх гадаў наваколля ды знішчыў у гэтай яме. З тых часоў атрутныя змеі тут не вяліся.
Фота: Віктар Малышчыц
4 Слабодская озавая града
Далей прапануем рушыць у бок Браслава, дзе месцяцца два возеры неверагоднай прыгажосці, Поцех і Недрава. Азёры адно ад аднога адмяжоўвае Слабодская озавая града, маляўніча парослая ядлоўцам, якая ўзнікла шаснаццаць тысячаў гадоў таму, калі тут раставаў ледавік. Озы — форма рэльефа, якая ўяўляе з сябе доўгія, вузкія, вышынёй да некалькіх дзясяткаў метраў грады водна-ледавіковага паходжання. Слабодскую озавую граду месцічы яшчэ называюць «Гарой мілосці», бо ў 30-я гады мінулага стагоддзя тут месціўся гарнізон польскага памежнага войска і на адным з самых высокіх месцаў озавай грады, сярод маляўнічых краявідаў навокал, сустракаліся вайскоўцы з мясцовымі дзяўчатамі. Зараз па градзе зроблена экалагічная сцежка працягласцю чатыры з паловай кіламетры, з якой можна пабачыць шмат прыгожых мясцінаў.
Фота: planetabelarus.by
Мёрскі раён
5 Балота Ельня
Апроч вялікай колькасці маляўнічых краявідаў, чысцюткіх вазёраў, поўнач Беларусі і Мёршчына ў прыватнасці вядомая сваімі балотамі. Бадай, самым знакамітым з іх з’яўляецца верхавое балота Ельня. Гэтай экасістэме каля дзевяці тысячаў гадоў. Вядома, што Ельня забяспечвае кіслародам усю Еўропу. Пра непаўторную прыроду Ельні не пісаў толькі лянотны. Але і мы адзначым некалькі адметных момантаў.
Фота: planetabelarus.by
У Беларусі Ельня — самае вялікае верхавое балота, а ў Еўропе — пятае па велічыні. Пад класіфікацыяй «верхавое» маецца на ўвазе, што балота сілкуецца выключна з атмасферных ападкаў. З Ельні выцякаюць тры ракі, але ніводная ў балота не ўпадае. Там, дзе вада з ападкаў застойваецца, утвараецца слой сфагнуму, адпаведна, і цэнтр балота выпуклы — уздымаецца па-над краем на 5–6 метраў. Вядома, што ўзрост балотаў зазвычай вызначаюць па таўшчыні тарфянога слою: адзін метр торфу адкладаецца за тысячу год, то-бок прыблізна па міліметры ў год. Адпаведна, узрост Ельні вымяраецца такім жа чынам, і тут слой торфу у некаторых месцах больш за восем метраў.
Фота: planetabelarus.by
Кожны год спрычыніцца да непаўторнага свету Ельні прыязджаюць сотні турыстаў. У нетры балота, непралазныя мясціны непадрыхтаваным вандроўнікам лазіць не раім, але адмыслова для пешых шпацыраў на Ельні створана некалькі камфортных экасцежак. Самы просты маршрут — прабегчыся па экасцежцы ў паўтары кіламетры, што пачынаецца ля вёскі Канахі. Ёсць і больш складаныя маршруты, каля шасці і чатырнаццаці кіламетраў. Пачатак гэтых экасцежак ля вёскі Сухавержжа. Шпацыраваць па іх можна бясплатна.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
6 Балота Мох
Чарговым прыпынкам на Мёршчыне раім зрабіць яшчэ адзін унікальны прыродны помнік рэспубліканскага значэння — гідралагічны заказнік «Балота Мох», які шмат хто з вандроўнікаў па Мёршчыне несправядліва абмінае ўвагай, бо знаходзіцца ён у ценю знакамітай Ельні. Балота Мох у разоў пяць меншае за Ельню, але ж тут таксама ёсць чаго паглядзець. Не дзіва, Мох, хаця і меншае, але старэйшае за Ельню амаль у два разы балота. Слой торфу ў некаторых месцах дасягае шаснаццаці метраў, адпаведна, балоту не менш за шаснаццаць тысяч гадоў. Яшчэ адным адрозненнем балота Мох ад Ельні з’яўляецца тое, што тут засталося менш незабалочаных азёрных «выспаў», усяго восем. На Ельні, для параўнання, каля ста васемнаццаці.
Фота: planetabelarus.by
Гідралагічны заказнік тут створаны ў 1981 годзе, каб зберагчы ў натуральным стане тарфяны масіў балота Мох, якое рэгулюе водны рэжым прылеглых азёраў Абстэрна, Важа, Укля і Набіста. З Набісты выцякае рака Хараброўка са шматлікімі прытокамі. У заказнік уключана тэрыторыя непасрэдна самога балота Мох з мінеральнымі «выспамі», субалаткамі і вазёрамі. З ахоўнай чырванакніжнай флоры і фаўны на тэрыторыі заказніка сустракаюцца чатыры віды раслінаў, два віды казюркаў і шэсць відаў жывёлаў.
Фота: planetabelarus.by
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для вандроўнікаў тут распрацаваны водны маршрут па маляўнічай рацэ Хараброўка, абсталявана некалькі месцаў адпачынку. У вызначаныя тэрміны нават дазволена збіраць ягады, грыбы ды паляванне. Настойліва раім замовіць правадніка па тэрыторыі заказніка, як правіла, гэта захопленыя месцічы, якія дасканала ведаюць і неймаверна любяць сваю справу.
Фота: planetabelarus.by
7 Вадаспад на рацэ Вята
Астатнім нашым прыпынкам на сёння будзе вадаспад на рацэ Вята. Гэты вадаспад быў створаны напачатку ХХ стагоддзя, пасля пабудовы электрастанцыі на Вяце Альгердам Аскеркам. ГЭС мелася забяспечваць электрычнасцю мясцовую кардонную фабрыку. Каб гідраэлектрастанцыя працавала больш эфектыўна, на рацэ было вырашана закласці каменную сцяну больш за два метры вышынёй, праз што і ўтварыўся вадаспад. Зразумела, што помнік не зусім прыродны, бо зроблены з дапамогай чалавека, але ж ад таго ён не менш уражвае ды вабіць шматлікіх вандроўнікаў на Мёршчыну.
Фота: planetabelarus.by
Вадаспад на рацэ Вята самы вялікі беларускі вадаспад: вышыня — больш за два метры, шырыня — каля дзесяці, ягоны гук чуваць прыкладна за кіламетр. Вядома, што ГЭС на Вяце ўжо не працуе, але з мясцовых прамысловых цікавосткаў на беразе ракі можна пабачыць рэшткі старога млына канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: @tomkad
П. Ж., budzma.org