На календары 1-га снежня, а значыць да Калядаў і Новага года засталося зусім трошкі. Самы час падумаць пра падарункі. Для кагосьці гэта радасць, а кагосьці сама думка пра калядны шопінг ужо ўводзіць у ступар. Калі вы з другой катэгорыі, каб зменшыць вашыя пакуты, склалі натхняльную падборку ідэй калядных падарункаў. Спадзяемся, будзе карысна.
1. Паштоўка
Самы просты і ў той жа час універсальны падарунак, які чакаюць нашыя бацькі і сябры, беларусы ў розных кутках свету і нашыя палітзняволеныя. Можна ўпісаць самае галоўнае і пажадаць самае важнае на роднай беларускай мове.
2. Кніга
Самы добры і ёмісты падарунак, інтэлектуальны і поўны цікавых гісторый. Беларускія кнігі цяпер не складана набыць і за мяжой, бо за апошні год перасяліліся ці былі створаны за межамі Беларусі некалькі беларускх выдавецтваў у розных краінах.
3. Настольная гульня
Падарунак, які пасуе і дзецям, і дарослым. Можна падабраць гульню не толькі вясёлую, але яшчэ і адукацыйна-развіваючую, на вялікую кампанію альбо на некалькі чалавек. А яшчэ гэта цудоўны варыянт падарунка, які дазволіць з прыемнасцю правесці час, калі вы не аматар шумных кампаній і праглядаў навагодніх тэлеперадач.
4. Падарунак сваімі рукамі
Такі падарунак дакладна парадуе вашых блізкіх, бо рэчы зробленыя сваімі рукамі, нясуць асаблівую цеплыню.
Што менавіта рабіць, залежыць ад вашай фантазіі і здольнасцяў. Гэта можа быць швэдар з навагоднім узорам альбо просты шалік, мыла ручной працы, вышытая сурвэтка ці паштоўка — упэўнены, кожны здольны зрабіць нешта сваімі рукамі, што парадуе блізкіх.
5. Каляднае печыва
Калі ўсё ж вы не ўпэўнены ў сваіх творчых здольнасцях, але хочаце парадаваць блізкіх падарункам, зробленым сваімі рукамі, хатняе печыва можа быць цудоўным варыянтам. Можна знайсці зусім простыя рэцэпты, якія без праблем паўтораць людзі без асаблівага кулінарнага досведу альбо нават дзеці. А яшчэ лепей — гатуйце разам з дзецьмі. Галоўнае тут — не з’есці падарунак раней, чым ён трапіць да адрасата.
6. Падарыце эмоцыі
Пагадзіцеся, адна самых каштоўных рэчаў у нашым жыцці, якой не хапае многім беларусам і беларускам, — пазітыўныя эмоцыі. Таму прапануем падумаць пра падарунак, які дазволіць прыемна правесці разам час і падорыць добрыя ўражанні.
Гэта можа быць наведванне канцэрта беларукіх музыкаў, тэатральнага прадстаўлення, мастацкай выставы, сертыфікат на цікавы майстар-клас альбо вечар ва ўтульнай кавярні — усё залежыць ад вашай фантазіі і, канешне, ад таго, чым цікавіцца атрымальнік падарунка.
7. Калядны бокс
Калі няма часу і магчымасці хадзіць па крамах і шукаць падарункі, ці тым больш ствараць падарункі сваімі рукамі, можна набыць гатовы калядны бокс — прыгожую скрынку з цікавымі рэчамі. Іх не складана знайсціі ў крамах, але ж мы раім звярнуць увагу на «Вушасты бокс» ад інтэрнет-крамы TRSK.
Тут з любоўю сабраныя рэчы, створаныя беларусамі для беларусаў.
У склад бокса ўваходзіць:
- лонг-сліў з каляднай зоркай і беларускім арнаментам;
- кніга Альгерда Бахарэвіча «Хлопчык і снег»;
- сцікерпак з надпісамі «Пахне чабор», трыма чарапахамі, балетам і іншымі малюнкамі, зразумелымі толькі для беларусаў;
- калядная паштоўка. Можна падпісаць самім, альбо супрацоўнікі крамы падпішуць па вашым жаданні і адразу дашлюць адрасату.
«Вушасты бокс» можна замовіць і адразу ж аплаціць на сайце trsk.io.
budzma.org
Чытайце яшчэ:
У Нясвіжы, як у Парыжы. Як святкавала Каляды беларуская шляхта і што дарыла