Не праспі лета — часцей выбірайся ў прыгожыя мясціны Беларусі, каб па максімуме зарадзіць свае батарэйкі. Крутымі лакацыямі з магутным гістарычным бэкграўндам і шыкоўным краявідам для летніх вылазак падзяліўся 34travel. Упэўненыя, што пра такое можна не нагадваць, але ўсё-ткі: варта клапаціцца пра прыроду, не пакідаць смецце і не раскладаць вогнішча ў неналежным месцы.
Сядзіба Агінскага ў Залессі
Магчыма, менавіта гэтае месца натхніла Міхала Клеафаса Агінскага на стварэнне знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Кампазітара лёгка зразумець: прырода тут узрушальная. У яе ўпісаны выкшталцоны класічны палац з урачыстым парадным уваходам і трапічнай аранжарэяй, на дзіва акуратна адрэстаўраваны.
Міхал Агінскі атайбаваўся ў Залессі ў пачатку XIX стагоддзя і вырашыў паставіць на месцы старой драўлянай сядзібы каменны палац. Вакол яго разбілі два шыкоўныя паркі: англійскі і французскі (ад апошняга захаваліся ліпавыя алеі). Прысядзібны парк упрыгожвалі вытанчаныя альтанкі ва ўсходнім стылі і антычны «Храм Амеліі», названы ў гонар дачкі Агінскага. Нядаўна «храм» і адну з альтанак аднавілі — імі можна любавацца, шпацыруючы па сцежках-дарожках.
Аднак зладзіць пікнік мы прапануем не побач з сядзібай, а ў больш зацішным кутку — ля возера ці адной са звілістых рэчак, якія бягуць непадалёк. Гэта больш адасобленая частка парка, дзе прыемна раскінуць плед і з асалодай падсілкавацца пад спакойнае цурчанне вады ў атачэнні старых дрэў.
Возера Кромань
Адасобленае возера Кромань у Налібоцкай пушчы — выдатнае месца для інфармацыйнага дэтоксу і мернага летняга перакусу. Возера акружанае высокім лесам, а на маляўнічым беразе ёсць некалькі лежакоў турыстычнага комплексу «Кромань», дзе можна зручна разваліцца і назіраць, як над галавой праплываюць аблокі. Тут так ціха, што здаецца, нібы час спыніўся.
Акрамя лянівага адпачынку на беразе возера, у Налібоцкай пушчы, вядома, ёсць чым заняцца — напрыклад, прайсці якую-небудзь экасцежку. Звярні ўвагу на інтэрактыўную сцежку «Белакорац»: дарогаю табе сустрэнуцца і пазнаваўчыя стэнды, і разнастайны лэнд-арт. Аматары архітэктурнай спадчыны ацэняць руіны сядзібы Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае на беразе Іслачы, а шукальнікі адрэналіну — вусцішнаваты закінуты санаторый «Лясное» непадалёк.
Замкавая гара ў Браславе
Паўтары тысячы гадоў таму на Замкавай гары ўжо тусілі латгальскія плямёны, а ў Х стагоддзі да іх далучыліся крывічы. На ўзвышшы, з якога адкрываўся выдатны агляд ва ўсе бакі, чакана пабудавалі сярэднявечную крэпасць, ля яе падножжа вырас горад. У X-XIII стагоддзях Браслаў паспяхова адбіваў атакі балцкіх плямёнаў, актыўна ўзаемадзейнічаў з Полацкам ды іншымі суседнімі землямі. Пасля горад быў цэнтрам павета Віленскага ваяводства ў складзе ВКЛ, але з далучэннем да Рэчы Паспалітай замак страціў абарончае значэнне і заняпаў.
Замкавая гара дасюль застаецца галоўнай славутасцю Браслава. На ёй захаваліся рэшткі сярэднявечных умацаванняў, а на вяршыні знаходзіцца магіла доктара Станіслава Нарбута (1853–1926), увянчаная высокім белым абеліскам з ліхтаром. Гэта знак павагі жыхароў да лекара, які выратаваў многія жыцці і стаў добрым анёлам горада.
З Замкавай гары адкрываецца захапляльны від на Браслаў і азёры Навяты і Дрывяты. Па перыметры ўзгорка стаяць лавачкі і альтанкі — выбірай адну з тых, што глядзяць на бязмежную водную роўнядзь і старадаўні касцёл. Калі гэты від не прымусіць цябе праслязіцца, то ўжо пэўна запомніцца як найлепшая лакацыя для пікніка.
Сядзіба ў Жамыслаўлі
Ідэя пабудаваць сядзібу на беразе ракі Гаўя прыйшла сямейству Умястоўскіх, якія выкупілі гэтыя землі ў 1807 годзе. Лідар мясцовае шляхты Якуб Умястоўскі ўзвёў дыхтоўны драўляны дом з сасновым паркетам і кафлянымі печамі. Нашчадкі Якуба пашыралі і акультурвалі свае ўладанні, а да канца стагоддзя замянілі драўлянае жытло велічным каменным палацам, правобразам якому паслужыла каралеўская рэзідэнцыя Лазенкі ў Варшаве.
Апошнімі ўладальнікамі сядзібы сталі Уладзіслаў Умястоўскі і яго жонка Яніна Астрог-Садоўская. Натхнёныя паездкай у Венецыю, яны разбілі пры сядзібе раскошны парк з сістэмай каналаў і востравам, на якім стаяў млын.
З пачатку XX стагоддзя Жамыслаўль закруціла ў віры гістарычных падзей, а пасля будаўніцтва ў 1950-х на Гаўі электрастанцыі парк затапіла. Цяпер сядзіба знаходзіцца ў аварыйным стане, хоць і захавала рэшткі былога хараства. Найлепшы від на яе адкрываецца з вады: палац стаіць на абрыве і выглядае ўражальна. Рассцялі плед для пікніка ля падножжа сядзібы на беразе або на драўляным мастку. Яшчэ адно добрае месца знойдзеш, калі пойдзеш направа ад палаца паўз ледавік, убок плаціны. Адтуль убачыш шырокі разліў гаці, бярозы на затопленым паркавым астраўку і палюбуешся на сядзібу збоку.
Вёска Белая Царква
У вёсцы Белая Царква часткова захаваўся адзіны ў Беларусі помнік ранняга барока. На маляўнічым паўвостраве, акружаным Чарэйскім возерам, стаіць тая самая Белая (Траецкая) царква, што дала назву месцу. Пабудаваная яна ў XV стагоддзі, у часы Фларэнтыйскай уніі. Лічыцца, што ў храмавых сутарэннях хавалі выхадцаў з роду Сапегаў.
Белая Царква вядомая не толькі старажытнымі руінамі, але і актыўным культурным жыццём. Каля 15 гадоў таму вёска стала пунктам прыцягнення даўншыфтараў, якія выкуплялі і добраўпарадкоўвалі старыя дамы. У 2017-м тут пачалі ладзіць летні буцік-фестываль SPRAVA, ад якога ў наваколлі застаюцца загадкавыя арт-аб’екты, упісаныя ў прыродныя лакацыі.
На паўвостраве мноства выдатных спотаў для пікніка. Можна прысесці на лужок недалёка ад царквы і задуменна сузіраць яе грандыёзны сілуэт. А можна паглыбіцца ў лес або спусціцца да Чарэйскага возера для большага яднання з прыродай. За царквою месціцца спадзісты схіл, дзе зручна ляжаць і глядзець удалячынь. У суседняй вёсцы Чарэя ёсць старадаўні парк з прыўкраснай ліпавай алеяй, якая заканчваецца ўзвышшам. Гэта таксама цудоўнае месца для няспешнага перакусу: усе суседнія палі, хаткі і Белая царква над возерам — як на далоні.
Возера Свіцязь
Містычнае возера, якое натхняла паэтаў, трэба наведаць хаця б разок за беларускае лета. Уздоўж вады цягнецца зручная пешаходная сцежка — выпраўляйся на шпацыр, каб абраць зручнае месцейка для пікніка ў кампаніі русалкі.
Навукоўцы кажуць, што возера ўтварылася ў выніку карставага правалу, а вось легенда, якую апяваў Міцкевіч, запэўнівае ў іншым. Некалі тут стаяў горад Свіцязь. Аднойчы, калі да яго сценаў падышла армія ворага, Свіцязь раптам пайшоў пад зямлю, на яго месцы ўтварылася возера. Дзе праўда — вырашаць табе.
Паездку на возера можна сумясціць з турнэ па мясцінах Адама Міцкевіча — напрыклад, заехаць у вёску Завоссе, дзе паэт нарадзіўся, і ў Наваградак, куды яго сям’я потым перабралася.
Нясвіжскі парк
У Нясвіжы ты можаш зладзіць цэлую серыю пікнікоў у крутых гістарычных мясцінах. Замак Радзівілаў атачае не адзін, а пяць паркаў, якія ўтвараюць дзівосны прыродны ансамбль.
У пачатку XVII стагоддзя пры Радзівілу Сіротку каля замка быў разбіты італьянскі сад. У часы Міхала Казіміра Рыбанькі непадалёк ад палаца заклалі французскі парк «Кансаляцыя» («Уцеха»). Але найбольш паркавым добраўпарадкаваннем займалася княгіня Марыя Дарота дэ Кастэлян. Яна запрасіла ў Нясвіж вядомага садоўніка: у парк завезлі саджанцы з Берлінскага гадавальніка, на замкавых валах разбілі ружовыя кветнікі, вакол збудавалі тэрасы і альтанкі для адпачынку.
Паступова комплекс разросся да пяці паркаў. У Замкавы ўваходзяць алеі ўздоўж дамбы і абароннага рова. Стары парк знаходзіцца на паўночным усходзе ад замка і пачынаецца ад старажытнай брамы. Японскі парк быў задуманы па ўсходнім узоры: з садам камянёў, карлікавымі дрэвамі і звілістымі сцяжынкамі. Але не зраслося, і цяпер гэта звычайны зялёны масіў.
На супрацьлеглым беразе ракі Уша раскінуліся Англійскі і Новы паркі, падзеленыя дарогай. Англійскі парк вырас на месцы іпадрома і быў любімым месцам конных прагулак Радзівілаў. Новы (Марысін) парк нагадвае пра каханне князёўны да беднага шляхціча. У адным з гэтых паркаў мы і рэкамендуем уладкавацца на пікнік: з берага ракі ў Англійскім парку адкрываецца цудоўны агляд замка, а таямнічы арэол і дзікаватасць Марысінага парку спадабаюцца рамантыкам.
Фота: palasatka