У Беластоку заснаваная новая беларуская паэтычная серыя «Брукаванка»

Серыя ахоплівае перыяд з пачатку 1990-х гадоў да 2020 года.

«Brukavanka»

Зборнікі вершаў Алеся Аркуша «Не думаць пра сон і паразы» і Янкі Лайкова «Песні збянтэжаных рэк» распачалі паэтычную серыю «Брукаванка».

— Гэта невялікія паэтычныя зборнікі кішэннага фармату, якія можна ўзяць у дарогу, пакласці ў кішэню і паехаць кудысьці, — распавёў беларускі пісьменнік, журналіст, літаратурны крытык і заснавальнік серыі Алесь Аркуш Польскаму радыё. — «Брукаванка» падобная на серыю «Паэты планеты», у якой выходзяць выбраныя кнігі паасобных аўтараў, — кажа ён.

Паводле Аркуша, паэзія апынулася ў вельмі няпростай сітуацыі, бо ў Беларусі шмат паэтаў і пісьменнікаў трапілі ў негалосныя спісы — яны не могуць друкавацца ў перыёдыцы, а тым больш выдаваць кнігі.

— А тыя выдавецтвы, якія заснаваныя ў эміграцыі, таксама існуюць у складанай эканамічнай сітуацыі. Для іх выдаваць паэзію — гэта проста стратныя кнігі. І гэта ўжо сур’ёзная праблема, — зазначае ініцыятар «Брукаванкі». — Таму ў гэтай сітуацыі я вырашыў, што прыйшоў час падвесці пэўны вынік паэтычнага шляху беларускай літаратуры, напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў да 2020 года. Бо 1990-я гады былі вельмі цікавымі. Я лічу, што гэта былі «залатыя гады» беларускай літаратуры, бо гэта быў перыяд разняволення, — кажа Алесь Аркуш.

Кнігі з серыі «Брукаванка» будуць прадавацца на Беластоцкім кніжным кірмашы, які пройдзе з 17 па 19 красавіка.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць