Гэтым разам у нашай традыцыйнай вандроўцы наведаем Дубай Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Насамрэч, вёска сёння завецца Дубае, але мае некалькі больш старажытных назваў, сярод якіх і Дубай. Увесну на Палессі асабліва маляўніча, таму, калі збярэцеся вандраваць па нашых палескіх маршрутах, настойліва раім звярнуць увагу і на Дубае. Тут захавалася капліца XVIII стагоддзя пабудовы, царква Раства Багародзіцы ў стылі класіцызм, якая «засвяцілася» ў некалькіх кінеманатаграфічных фільмах савецкага часу, рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля ХІХ стагоддзя і шмат легендаў ды цікавостак.
Гідравузел «Дубае». Фота: planetabelarus.by
Праз Дубае пралягалі шляхі «апостала Піншчыны» Андрэя Баболі, Адама Нарушэвіча, навучэнца мясцовага езуіцкага калегіума, які сабраў 231 том матэрыялаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, а таксама Міхала Казіміра Агінскага, які стварыў у Дубае арыгінальную сістэму каналаў на Дняпроўска-Бугскім водным шляху.
Пачнем з таго, што размова вядзецца пра Дубае Пінскага раёна, а не пра Дубай Столінскага. Паселішча Дубае ўзнікла на рацэ Піна. Першыя згадкі ў пісьмовых крыніцах пра Дубае датуюцца 1495 годам. Тутэйшыя землі часта змянялі гаспадароў: Карповічы, Вярэнічы-Стахоўскія, пасля Ян Полаз пабудаваў тут сядзібу і заклаў парк.
Крыжаўзвіжанская капліца ў парку. Фота: planetabelarus.by
Вядома, што ў Дубае існаваў манастыр, дзе тры гады да 1638 года жыў і працаваў Апанасій Філіповіч ці Апанас Брэсцкі — пісьменнік, публіцыст, вядомы царкоўны і палітычны дзеяч свайго часу, які шукаў падтрымкі праваслаўнай веры ў маскоўскага цара і не аднойчы пераследваўся за здраду. Пасля мясцовы манастыр быў перададзены ўніятам, але неўзабаве быў зачынены.
Колішні езуіцкі калегіюм у Пінску. Фота: planetabelarus.by
З 1634 годзе Дубае — уласнасць старасты пінскага Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які ў 1638 запрасіў сюды манахаў-езуітаў з Пінскага езуіцкага калегіюма. Езуіты мелі тут рэзідэнцыю ажно да скасавання ордэна ў 1773 годзе. Манахі распачалі ў Дубае актыўную гаспадарчую дзейнасць: займаліся бортніцтвам ды агародніцтвам, аздобілі стары парк выкшталцонай сістэмай каналаў і сажалак, адаптавалі палац аднога з колішніх гаспадароў паселішча Яна Полаза пад прытулак для сіротаў, а ў XVIII стагоддзі побач узвялі будынак уласнай рэзідэнцыі і барочную капліцу, рэшткі якой мы можам пабачыць сёння.
Парк у Дубае. Фота: planetabelarus.by
Рэшткі сядзібна-паркавага комплексу Кужанецкіх
Пасля ліквідацыі ордэна езуітаў уласнікамі Дубае становіцца род Кужанецкіх. Рэзідэнцыю езуітаў новыя гаспадары ператварылі ў вялікі палац у стылі класіцызм. У XIX стагоддзі ўвесь палацава-паркавы комплекс займаў каля 11 гектараў.
Сядзібна-паркавы комплекс у Дубае, малюнак Напалеона Орды
Існуе легенда пра тое, як гаспадары зладзілі свята ў Вялікую пятніцу. І як толькі яны селі з запрошанымі гасцямі за стол, пачулі моцны грукат, падлога правалілася пад імі, і зямля паглынула ўсіх святкуючых. З гэтага часу, калі нехта апынаецца ў парку ў ноч з пятніцы на суботу перад Вялікаднем, то мае магчымасць убачыць, як праязджаюць прывідныя фурманкі з гасцямі, пачуць музыку і спевы. Але апоўначы ўсё з грукатам знікае ў глыбіні старадаўняга парку. Так яно было ці не дакладна невядома, але сведкі знаходзіліся. Да праваслаўнага Вялікдня яшчэ ёсць час, каб запланаваць падарожжа.
Сядзіба ў 1924 годзе. Фота: kresy.pl
Больш за 100 гадоў у Дубае гападарылі Кужанецкія, але пасля Студзеньскага паўстання яны былі пазбаўлены маёнтка: за ХІХ стагоддзе паселішча змяніла мноства гаспадароў. У міжваенны час у колішняй езуіцкай камяніцы і палацы Кужанецкіх месцілася сельскагаспадарчая школа. У 1944 годзе палац згарэў, а рэшткі былі расцяганы кемлівымі месцічамі на будаўнічыя матэрыялы. Як выглядала сядзіба, можа пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
Сёння на месцы комплекса будынкаў — пустка. Засталася толькі ў глыбіні парка колішняя гаспадарчая пабудова — «прафесарскі дом», названы так падчас функцыянавання тут сельскагаспадарчай школы.
Прафесарскі дом. Фота: citydog.by
Капліца Узвышэння Святога Крыжа
Капліца Узвышэння Святога Крыжа, закладзеная яшчэ езуітамі, за новымі гаспадарамі служыла родавай пахавальняй пры сядзібе Кужанецкіх. Пасля ІІ сусветнай вайны бажніца была зачынена ды разрабавана. Але сам будынак захаваўся да нашых дзён. За савецкім часам капліца выкарыстоўвалася як сховішча для сельскагаспадарчых прыладаў, пасля як паштовае аддзяленне. Сёння будынак належыць каталіцкай царкве, тут адноўлена дахоўка, а ўнутры можна пабачыць старадаўнюю скульптуру Укрыжавання, уратаваную мясцовай жыхаркай са знішчаных інтэр’ераў бажніцы.
Крыжаўзвіжанская капліца
Крыжаўзвіжанская капліца, фрагмент
Чытаць яшчэ:
9 нагодаў наведаць Моладава і Парэчча: вандруем па мясцінах Скірмунтаў
«Пінскі Версаль» — унікальны прысядзібны парк
Парк, закладзены яшчэ Янам Полазам у XVI стагоддзі, пашыраны езуітамі, перапланаваны ды аздоблены сістэмай сажалак, каналаў і дамбаў за Кужанецкімі, захаваўся да нашых дзён. Водная сістэма тут хоць і прыйшла ў заняпад, але рэшткі яе можна пабачыць і сёння. Яна сіметрычна падзяляе парк на своеасаблівыя «выспачкі».
У глыбіні парку варта пашукаць і 450-гадовы дуб, белую піхту, 200-гадовыя лістоўніцы і самае старое ў Беларусі дрэва канадскай тсугі вышынёй больш за 20 метраў і ўзростам каля 120 гадоў. Усяго парк сёння насяляюць звыш 200 відаў птушак, тут растуць 35 відаў дрэў ды хмызоў, больш за 200 відаў зёлак. Галоўны ўваход на тэрыторыю парку да сёння пазначаны двума слупамі — цагляныя калоны вышынёй амаль у 5 метраў ацалелі ад колішняй уезнай брамы. Яшчэ ў парку захаваліся могілкі часоў Першай сусветнай вайны.
Брама
Сёння тэрыторыя колішняга сядзібна-паркавага ансамбля складае каля 20 гектараў і абвешчана помнікам прыроды. Частка тэрыторыі аддадзена пад аграсядзібы, дзе можна пазнаёміцца з этнаграфічнымі калекцыямі, сельскагаспадарчай тэхнікай пачатку мінулага стагоддзя. У парку ёсць шэраг экасцежак для шпацыру да суседняга возера. Увесну ў парку асабліва маляўніча ад безлічы першакветаў пад нагамі. Настойліва раім завітаць.
Царква Раства Багародзіцы
Наступны помнік, які варта наведаць у Дубае, — Свята-Раства-Багародзіцкая царква, узведзеная ў 1811 годзе ў стылі класіцызм па фундацыі Клатыльды Кужанецкай. Побач з храмам можна пабачыць драўляную званіцу, дабудаваную ў другой палове ХІХ стагоддзя. За савецкім часам да бажніцы быў прыбудаваны прытвор, які вылучаецца з гарманічнай кампазіцыі храма. Як царква выглядала да перабудовы, можна пабачыць у фільме Корш-Сабліна «Першыя выпрабаванні» 1960-1961 гг., частка якога здымалася ў Дубае, а яшчэ ў Пінску і Драгічыне. Фільм быў зняты па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» паводле сцэнара асабістага сакратара Якуба Коласа Максіма Лужаніна і Аркадзя Куляшова. На кадрах з фільма варта звярнуць увагу і на ўнутраннае аздабленне царквы.
Царква ў вёсцы Дубае. Фота: poshyk.info
Званіца ў вёсцы Дубае. Фота: poshyk.info
Драўляная капліца ХІХ стагоддзя
З ХІХ стагоддзя ў Дубае захаваўся яшчэ адзін помнік варты ўвагі — драўляная могілкавая капліца. Па дарозе вам будзе сустракацца шмат падобных бажніцаў, але блакітнага колеру. Капліца ў Дубае ж пафарбаваная ў не зусім тыповы зялёны, але таксама вельмі арганічна выглядае сярод палескіх краявідаў.
Могілкавая капліца ў вёсцы Дубае. Фота: fotobel.by
Трылінка (52.0998606149805, 25.74838087318114)
Яшчэ з мясцовых цікавостак варта не прамінуць і знакаміную «трылінку», захаваную на дарозе з Дубае ў вёску Бародніца. Трылінка — брук у выглядзе пліткі шасціграннай формы, вынайдзены і запатэнтаваны ў якасці дарожнага пакрыцця ў міжваенны перыяд польскім інжынерам Уладыславам Трылінскім. Такі брук шырока выкарыстоўваўся у тагачасным Палескім і іншых ваяводствах Польшчы, то бок і на тэрыторыі сучаснай Берасцейшчыны таксама. Кавалак трылінкі між Дубае і Бародніцай працягласцю 5 км. захаваўся ў першасным выглядзе. А тут знойдзеце мапу брукаванак Беларусі, трылінкі на ёй пазначаны сінім колерам.
Трылінка. Фота: marshruting.com
Паромная пераправа праз Піну
Яшчэ на Палессі абавязкова трэба хаця б раз скарыстацца паромнай пераправай. Існуе такая і праз раку Піна ў вёсцы Дубае. У Беларусі прыкладна два дзясяткі паромных пераправаў, і, бадай, палова з іх знаходзіцца на Берасцейшчыне. Паром Кончыцы-Дубае дапамагае месцічам навакольных вёсак па паўднёвы бок Піны не ехаць лішнія 50 км. да моста ў Пінску, а трапляць на іншы бераг значна хутчэй.
Паромная пераправа. Фота: holiday.by
Цікавостка дадзенай пераправы ў тым, што яна ручная. Дзеля таго, каб перамясціць сябе і сваё аўто на іншы бераг, трэба скарыстацца адмысловымі драўлянымі ключамі, які выдае паромшчык. Уся працэдура займае каля 5-7 хвілін. Паром невялікі, на ім змяшчаецца каля 4-х легкавых аўто, ёсць некалькі лаваў для пасажыраў і памяшканні для тэхнічнага персанала. Расклад у парома прыблізны, час чакання можа заняць значана больш за час перамяшчэння, але атракцыя таго адназначна вартая.
Расклад паромнай пераправы. Фота: holiday.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
8 нагодаў наведаць Нацыянальны парк «Прыпяцкі»