22 красавіка штогод у розных кутках нашай планеты адзначаюць Міжнародны дзень Зямлі. Гэты дзень заклікае не толькі пасадзіць дрэва альбо прыбраць смецце на бліжэйшым пляжы. Гэта нагода задумацца над тым, як мы ўплываем на нашу планету, і змяніць свае звычкі на больш экалагічныя. Што для гэтага можна зрабіць, мы раскажам у гэтым артыкуле. І гэта не толькі пра тое, каб замяніць крамныя аднаразовыя пакункі шоперамі ды збіраць смецце асобна.
Адказнае спажыванне — першы крок для фарміравання эказвычак. Ілюстрацыя: strategy-business.com
Дзень Зямлі: як з’явілася свята
Свята прыйшло да нас са Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе зладзілі вялікі «суботнік» па высадцы дрэваў, каб аднавіць сотні гектараў пустыні, у якую ператварылася зямля пасля масавай вырубкі.
У 1970 годзе каля 20 мільёнаў чалавек выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць забруджання паветра, рэк, акіянаў. А ў 2009 годзе свята было афіцыйна зацверджана ААН, яго прынялі больш за 50 дзяржаў. На сёння Міжнародны дзень Маці-Зямлі — адно з самых распаўсюджаных грамадскіх святаў. У многіх краінах свету яго адзначаюць на нацыянальным узроўні.
Вось некалькі парадаў, якія дапамогуць сфарміраваць эказвычкі і жыць экалагічна не толькі ў Дзень Зямлі.
1. Пачніце з прыборкі
Нездарма любое свята народнага календара пачынаецца з уборкі хаты, падворка. Ды й на свецкія святы таксама існуе традыцыя наводзіць парадак вакол сябе. Гэта не толькі карысна для фізічнага стану, гэта яшчэ і ваш намер змяніць жыццё да лепшага: пазбаўляемся ад непатрэбнага, каб прыйшло сапраўды важнае для нас.
Таму ўключаем любімую музыку (аўдыякнігі, падкасты) і наперад — разбіраць шафы і паліцы! Асаблівую ўвагу звярніце на тыя месцы, у якія вы рэдка заглядаеце (кладоўкі, балконы, скрыні «як-небудзь пасля разбяру» і т. п.). Звычайна там знаходзіцца шмат цікавага, і, магчыма, вы адшукаеце штось патрэбнае.
Уважліва перагледзьце ўсе рэчы — тое, чым вы не карысталіся на працягу года, наўрад ці вам спатрэбіцца і далей. Асабліва гэта тычыцца вопраткі, дзіцячай мэблі, кніг, спецыфічных інструментаў і матэрыялаў (калі нечым захапляліся вы ці вашыя бацькі, захапленне прайшло, а матэрыялы засталіся).
Ілюстрацыя: lux-review.com
Што рабіць з непатрэбнымі рэчамі
Ёсць некалькі варыянтаў, што можна зрабіць з гэтымі скарбамі.
- Прадаць на барахолцы. Дзякуй сацсеткам — стаяць на кірмашы для гэтага не абавязкова. Выклалі фота на які kufar.by — і ўсё. Можна падарыць тым, у каго ёсць у гэтым патрэба (альбо абмяняць на патрэбнае вам). Існуе шмат чатаў, якія аб’ядноўваюць людзей з адной мясцовасці альбо па інтарэсах — з вялікай верагоднасцю там знойдзецца чалавек, для якога непатрэбныя вам рэчы будуць сапраўднай знаходкай.
- Перарабіць-перастварыць. Напрыклад, са старых джынсаў можна пашыць цудоўныя шоперы, сплесці кошыкі-арганайзеры, нашыць арыгінальных падставак пад гарачае... А швэдры можна ператварыць ва ўтульныя посцілкі для хатніх гадаванцаў (калі ў вас іх няма, зрабіце падарунак для прытулкаў). Старую пасцельную бялізну можна парэзаць на посцілкі ці папоны для жывёл і аддаць у прытулкі, ветклінікі ці валанцёрам — у гэтым заўжды ёсць патрэба.
Чым карысна рабіць разборы шафаў
Разбіраючы свае шафы і паліцы, вы не толькі вызваляеце сваю жыццёвую прастору ад непатрэбнага, але і на ўласныя вочы бачыце, колькі непатрэбных рэчаў вы захоўваеце. Такія назіранні прымушаюць больш свядома падыходзіць да новых закупаў, тым самым развіваючы экалагічную звычку браць толькі неабходнае.
Асабліва карысна такое практыкаванне для дзяцей і падлеткаў. Таму смела далучайце іх да «разбораў». Выдаткаваўшы некалькі гадзін свайго часу і выцягнуўшы некалькі мяхоў непатрэбных рэчаў, яны задумаюцца наступным разам перад тым, як папрасіць набыць чарговую модную цацку.
2. Развівайце творчае і нестандартнае мысленне
У экалагічным кірунку гэта азначае вынаходзіць спосабы атрымліваць максімальную карысць ад любога рэсурса ці рэчы. Бо выкарыстоўваць паўторна можна не толькі вопратку.
Шмат патэнцыялу, напрыклад, у харчовых абірках (адходах). Так, спітую каву можна выкарыстоўваць замест скраба для цела. А спітую гарбату, шалупайкі ад арэшкаў, яек — у якасці дрэнажу і мінеральных дадаткаў для раслін (і для агарода, і для пакаёвых). Скуркі ад цытрусавых стануць цудоўным сашэ — варта пакласці іх у палатняную торбачку і павесіць у шафе, напрыклад. З бананавай лупіны робяць абязбольваючыя настойкі для суставаў і нават зубную пасту.
Ілюстрацыя Nicole Kim Art, thechargeraccount.com
Скарыстаныя аднаразовыя касметычныя сурвэткі можна выкарыстоўваць для экспрэс-прыборкі (працерці ракавіну, унітаз, прыбраць за хатнім гадаванцам). А аднаразовыя прасцінкі, якімі накрываюць кушэткі ці фатэлі, падарыце аматарам сельскай гаспадаркі. Накрыць ягады ад птушак альбо стварыць парнік — самае тое.
3. Змяншайце колькасць «хіміі»
Натуральна, што цалкам адмовіцца ад разнастайных чысцячых, мыючых сродкаў, касметыкі і т. п. вельмі складана. Але зменшыць іх спажыванне цалкам магчыма.
Так, посуд цудоўна адмываецца гарчычным парашком і содай. Накіп з імбрыка, пральнай машыны і інш. можна прыбраць з дапамогай цытрынавага соку ці яблычнага воцату. Цудоўны сродак для мыцця падлогі атрымаецца, калі ў цёплай вадзе распусціць звычайную соль, у якую дадаць эфірных алеяў (чайнае дрэва, цытрына, эўкаліпт, лаванда, сасна, ядловец). З той жа мэтай можна выкарыстоўваць адвар яловай ці сасновай ігліцы.
У якасці асвяжальніка паветра ў прыбіральні можна выкарыстоўваць індыйскія араматычныя палачкі альбо аромадыфузары з тымі ж эфірнымі алеямі. І для здароўя больш карысна, і дададуць антуражу вашаму інтэр’еру.
4. Стварайце экалагічныя традыцыі
Экалагічныя звычкі могуць дарыць асалоду не толькі ад усведамлення, што вы рупіцеся пра нашу планету, але і проста ад працэсу. Падключаем правае паўшар’е мозга і ствараем экалагічныя традыцыі з сям’ёй, сябрамі, калегамі.
Напрыклад, пачынаць «сезон шашлыкоў» з прыборкі берага бліжэйшага вадаёма. Можна таксама дарыць на дзень народзінаў уласнаруч пасаджанае дрэва (нават закласці асабісты парк). Дамовіцца з якім лясніцтвам і ладзіць цім-білдынгі ці карпаратывы па высадцы дрэў: і на прыродзе адпачнеце, і навакольнае асяроддзе падтрымаеце.
Фота: petitjovial.com
Дома можна практыкаваць «гадзіну Зямлі» не толькі ў апошнюю суботу сакавіка (і не толькі на гадзіну, дарэчы). Завядзіце традыцыю штотыднёвай вячэры пры свячах, напрыклад. Гэта не толькі сэканоміць электрычнасць, але і стане эфектыўным спосабам палепшыць стасункі: рамантычныя з вашай палавінкай, давяральныя — з дзецьмі/бацькамі ці сябрамі (назіраючы за жывым агеньчыкам, можна дзяліцца самым тайным, марыць, будаваць сумесныя планы, разважаць пра жыццё і г. д.).
Калі ў вашым асяродку прыняты жартаўлівыя (ці не вельмі) спаборніцтвы, завядзіце традыцыю выхваляцца не апошняй мадэллю тэлефона, а колькасцю пасаджаных дрэў ці дапамогай беспрытульным жывёлам, экаарганізацыям. Так, мы звыклі, што дабрачынныя справы мусяць быць «па поклічы душы» і ананімнымі. Але ж, калі яны на агульную карысць, ці не ўсё адно, якая матывацыя была першапачатковай? Да таго ж, мода і спаборніцтвы — адны з самых эфектыўных рухавікоў любой справы.
5. Клапаціцеся пра сваё здароўе
Любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лекаваць яе наступствы. Здаровы фізічна і ментальна чалавек спажывае менш лекаў, папяровых сурвэтак, аднаразовых пальчатак, шпрыцаў, прасцінак і г. д. Такім чынам, клапоцячыся пра сваё здароўе, вы клапоціцеся і пра ўсю планету.
6. Развівайце крытычнае мысленне
У першую чаргу гэта тычыцца моды на тыя ж эказвычкі. Пераймаючы штось ад любімага блогера, разбярыцеся, ці сапраўды гэта карысная звычка, а не маркетынгавы ход, які ў лепшым выпадку нічога не зменіць, а ў горшым — прывядзе да яшчэ большых негатыўных наступстваў.
7. Сачыце за карыснымі навінкамі
Напрыклад, электронныя квіткі, візітоўкі, сертыфікаты дапамагаюць эканоміць паперу, адпаведна захоўваюць жыццё тысячам дрэў. А штучнае футра па некаторых якасцях можа быць лепшым за натуральнае і пры яго вырабе не забіваюць жывёлаў.
Няхай вашае жыццё стане больш экалагічным і радасным!
Ева Вятрыскіна, Budzma.org