Вельмі часта ў нас на кухні ці палічцы ў лазенцы застаюца рэшткі розных прадуктаў. Выкідваць іх не экалагічна, а куды падзець — невядома. Файнае рашэнне — хатняя касметыка. Амаль усё, што ёсць на звычайнай кухні, можна скарыстаць дзеля сваёй прыгажосці. А «рытуал» стварэння такіх экалагічных касметычных сродкаў можа стаць сапраўднай псіхаэмацыйнай тэрапіяй альбо цікавай гульнёй, да якой з задавальненнем далучацца вашы дзеткі. Прапануем некалькі простых рэцэптаў такой касметыкі.
Фота: brewedleaflove.com
Увага! Трэба быць вельмі асцярожнымі людзям з алергіяй ці асабістай непераноснасцю некаторых рэчываў.
Кававы скраб для цела і псіхаэмацыйных практык
Ці любіце вы натуральную каву?
Калі так, то ад кожнай філіжанкі ў вас застаюцца рэшткі ад кававых зярнят. Не спяшайцеся ад іх пазбаўляцца. Са спітой кавы атрымаецца цудоўны скраб для цела. Дробныя часцінкі якасна вылузваюць змярцвелыя клеткі скуры, кафеін стымулюе крываток, што садзейнічае больш хуткаму аднаўленню скуры.
Але проста нацерціся кававай макухай — не варыянт, можна нашкодзіць сабе. Абавязкова трэба прытрымлівацца наступных правілаў: кава мусіць быць дробнага памолу; у кававы скраб трэба дадаваць аснову. У якасці асновы можна выкарыстоўваць рэшткі смятаны, ёгурта, кефіра і т. п. Таксама падыдзе ільняны альбо аліўкавы алей (тэрмін яго ўжывання ў ежу даволі малы, таму часта застаецца прагорклы алей — у скраб яго!). Калі ў вас на паліцы заляжаўся які-небудзь не вельмі ўдалы крэм для рук (твару, цела), яго таксама можна выкарыстаць як аснову для кававага скрабу. Для ўзмацнення эфекту можна дадаць марскую соль.
Фота: 7ya.ru
Не варта выкарыстоўваць такі сродак вельмі часта (не часцей 1 раза на 10–15 дзён). Таксама не рэкамендуецца чысціць такім чынам твар — тут патрэбныя больш далікатныя рэчывы. Альбо памол мусіць быць ледзь не «ў пыл».
Калі вы аматар разнастайных псіхаэмацыйных практык, то кававы скраб можна скарыстаць для пазбаўлення ад пачуцця віны ці сораму. Кава мае карычневы колер, і калі мы націраемся такім скрабам, падаецца, што цела ў брудзе. Бруд часта асацыюецца з сорамам. Дык вось, узгадайце сітуацыю, за якую адчуваеце сорам ці віну (нават калі яна была 100 гадоў таму, але час ад часу вы яе ўзгадваеце і пакутуеце). Націраючы сваё цела кававым скрабам, пастарайцеся максімальна дэтальна ўзгадаць усё, што тады адбывалася, усіх удзельнікаў, усе словы, што вы пачулі, позіркі ў ваш бок, усе эмоцыі, што вы тады адчувалі. Уяўляйце, што ўсё гэта і ёсць той самы «бруд», што зараз на вашым целе. Калі ўзгадаеце ўсё, пачніце змываць з сябе скраб разам з усімі пачуццямі і эмоцыямі той сітуацыі.
Будзьце ўважлівымі: кава вельмі любіць забівацца ў розныя шчылінкі, складачкі, блытацца ў валасах. Вымыцца трэба вельмі старанна, каб ні ад скраба, ні ад вашых сораму/віны нічога не засталося! Важна завяршыць гэтую практыку падзякай і прабачэннем сабе. Проста ўслых скажыце сабе, што тым разам па-іншаму вы зрабіць не маглі, што гэта ўсё ў мінулым, што вы гэта адпускаеце, што вы ўсё адно любіце сябе.
Мяккі скраб з аўсяных крупаў ці рысу
Больш мяккі скраб можна зрабіць з аўсяных крупаў ці рысу.
Фота: recept-france.ru
Бывае, што ў крупы трапляе моль. Есці такі прадукт ужо немагчыма. Але і выкідаць не спяшайцеся. Пракаліце ў духоўцы сапсаваныя крупы, перабярыце ад павуціння і «іншародных цел». Змяліце дробненька — аснова для скарба гатовая. Дадаем рэшткі кефіру, ёгурта, мёд, алей, размяты банан, рэшткі любога крэма і бяром з сабой у ванну ці лазню.
Маскі для валасоў і для твару
Часта ў рэцэптах з яйкамі патрэбны толькі бялок альбо жаўток. І што рабіць з рэштай?
З жаўткоў атрымаецца файная маска для валасоў. На 2 жаўткі дадаем на выбар: чайную лыжку мёду і сталовую лыжку любога алкаголю (хаця можна і без яго); сталовую лыжку аліўкавага алею; чайную лыжку соку цытрыны; сталовую лыжку ёгурту ці кефіру. Старанна перамешваем і намазваем на галаву. Зверху капялюшык для душа і рушнік. Праз 40 хвілін усё старанна змываем цёплай вадой з шампуняй. Такая маска падсілкуе валасы, прастымулюе іх рост. Бо ў жалтку знаходзіцца шмат вітамінаў і карысных рэчываў.
З бялкоў жа можна зрабіць маску для твару. Бялок трэба ўзбіць да стану пенкі і дадаць на выбар:
- сок цытрыны (дапаможа палепшыць колер і тон скуры). Такі рэцэпт выдатна падыдзе для тлустай і нармальнай скуры, а для адчувальнай і сухой — лепш выбраць іншы дадатак замест цытрыны
- мёд (падцягне контуры твару);
- ягаднае пюрэ (вітамінная маска);- дробна нарэзаную пятрушку (адбельвае, прыбірае пігментныя плямы).
Атрыманую сумесь нанесці масажнымі рухамі на твар, шыю. Праз 15–20 хвілін змыць прахалоднай вадой (цёплай не варта — бялок звернецца).
Таксама ваша скура будзе вельмі ўдзячная за вітамінныя маскі з рэштак ягад, садавіны, гародніны. Любыя рэшткі (канечне, акрамя гнілых) старанна размінаем, дадаем аліўкавы альбо ільняны алей ці мёд і накладаем на твар. Зверху можна пакрыць ільняной альбо баваўнянай тканінай (насоўкай). Паляжыце з такой маскай 15–20 хвілін і змыйце цёплай вадой.
Лёд для ўмывання з рэшткаў гарбаты
Калі вы любіце выключна свежа запараную гарбату, часта ў імбрыку могуць застацца рэшткі настоенай гарбаты. Мне, напрыклад, заўжды шкада выліваць гэта ў ракавіну. Што можна зрабіць?
Фота: recept-france.ru
Замарозіць невялікімі кавалачкамі. Такі лёд можна выкарыстоўваць для ўмывання. Кантраснае ўмыванне (працерці ільдом твар пасля ўмывання цёплай вадой) дапаможа асвяжыць скуру, звузіць поры. Таксама гэта файная прафілактыка зморшчын. Дый зранку праціранне твару лёдам дапаможа хутчэй прачнуцца.
Уключайце фантазію і наперад — эксперыментуйце, прыдумляйце свае рэцэпты прыгажосці.
Вікторыя Лебедзева, budzma.org