Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, што завітаюць у Іўе, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас сем найбольш вартых увагі аб’ектаў у Іўі.
Фота: planetabelarus.by
1. Мячэць
Найгалоўнейшай адметнасцю Іўя, безумоўна, з’яўляецца мясцовая мячэць. У Беларусі цяпер дзейнічае пяць мячэцяў: у Іўі, Наваградку, Слоніме, Лоўчыцах, Смілавічах. Найстарэйшая — мясцовая. Мячэць у Іўі не спыняла сваю працу і за савецкім часам. Сёння ў горадзе жыве каля 600 татараў. Вернікі прыходзяць да мячэці, збольшага, на значныя святы. Іх у мусульманаў два: Курбан-байрам і Рамадан-байрам. Прыязджаюць сюды не толькі мясцовыя татары, але і азербайджанцы, узбекі, таджыкі з ваколіцаў.
Асаблівасцю мячэцяў мясцовых татараў з’яўляецца падзел на 2 часткі: мужчынскую і жаночую. У краінах мусульманскага Усходу такі падзел адсутнічае, традыцыйна там жанчын у мячэць не пускаюць, ім дазволена маліцца толькі дома. У сцяне, што падзяляе жаночую і мужчынскую паловы, зробленае шырокае акно, заслоненае муслінам. Такім чынам жанчыны ў сваёй палове чуюць, як адбываецца набажэнства.
2. Мізар
Татары з’явіліся на землях ВКЛ яшчэ за князем Гедымінам. Яны былі выдатнымі ваярамі. Стала пасяліў іх тут ужо Вітаўт. Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў татарам прывілей на шляхецтва, адпаведна, на атрыманне зямлі, і дазволіў брацца шлюбам з тытульным насельніцтвам. Татары пачалі актыўна асімілявацца, прымаць мясцовыя імёны і прозвішчы, мову татары таксама перанялі беларускую. Асноўным, што не падлягала зменам, была і застаецца рэлігійная прыналежнасць.
У Іўі захаваліся татарскія могілкі — мізар, дзе варта звярнуць увагу на прозвішчы на надмагіллях і ўвогуле на адметнасці пахавальнай традыцыі. Усяго ў ваколіцах Іўя тры мізары, але ў дагледжаным стане толькі адзін, што на ўскрайку горада.
3. Касцёл Св. Пятра і Паўла
Адным з сімвалаў Іўя з’яўляецца касцёл Св. Пятра і Паўла. Ягоная гісторыя пачынаецца з ХV стагоддзя, калі ў Іўі быў узведзены першы гатычны касцёл пры кляштары францішканаў. За сваю доўгую пакручастую гісторыю храм паспеў пабыць арыянскім, кальвінісцкім, бернардынскім. У стылі віленскага барока, якім мы яго можам пабачыць сёння, касцёл перабудаваны напрыканцы ХVІІІ стагоддзя, а больш дакладна, у 1787 годзе.
4. Скульптура «Укрыжаванне Хрыста»
Да сённяшняга дня Іўе не губляе сувязі з еўрапейскім мінулым. Паводле задумы ксяндза іўеўскай парафіі Яна Гавецкага, у 2001 годзе перад касцёлам была ўсталявана скульптура «Распяцце Хрыста» — копія помніка, узведзенага ў 1959 годзе ў Лісабоне, створанага па ініцыятыве мясцовых святароў, уражаных скульптурай Хрыста-Збаўцы ў Рыа-дэ-Жанэйра, якая ў 2007 годзе была прызнаная адным з новых сямі цудаў свету.
5. Сінагога
Перад Другой сусветнай вайной, да 1942 года, габрэі складалі больш за 75% насельніцтва Іўя, яўрэйская супольнасць тады налічвала каля 3000 чалавек. Амаль усе яны загінулі ад рук нацыстаў. Як памяць пра загінулых месцічаў засталася шматлікая мураваная жылая забудова міжваеннага перыяду. Побач з цэнтральнай плошчай па вуліцы Савецкай можна пабачыць адзін з двух ацалелых на сёння будынкаў колішняй сінагогі, які цяпер аддадзены дзіцячай спартовай школе.
Чытайце яшчэ: Топ-7 помнікаў ад «Будзьма!», якія варта наведаць у Пінску
6. Помнік 4 канфесіям
Не выпадкова Іўе лічыцца сімвалам шматнацыянальнасці беларускіх мястэчкаў. Тут на цэнтральнай плошчы можна пабачыць помнік чатыром канфесіям: каталікам, юдэям, татарам, праваслаўным. Кожны з бакоў помніка скіраваны ў напрамку храма ці малітоўнага дома пэўнай канфесіі. На каталіцкай частцы помніка размешчана выява святога Яна Паўла ІІ і яго словы «Адкрыйце дзверы Хрысту», на праваслаўнай — аблічча Ісуса, Пакроў Святой Багародзіцы і цытата з Пісання «Я ёсць шлях, і ісціна, і жыццё. На юдэйскай — менора і вітанне «Мір вам», а на ісламскай — паўмесяц і Каран.
7. Вадзяны млын
У архівах не захавалася дакладнай даты, калі быў узведзены вадзяны млын, які належаў Хаіму Нахімоўскаму ў Іўі. Часам узгадваецца 1926 год. Але на здымках Першай сусветнай вайны будынак ужо прысутнічае, хоць і ў трохі іншым выглядзе. Таму можна меркаваць, што млын быў пабудаваны тут ужо напрыканцы ХІХ стагоддзя.
Чытайце яшчэ: ТОП-7 непапсовых помнікаў Карэліччыны: гайд ад «Будзьма!»
Спачатку будынак быў аднапавярховым, сцены былі выкладзеныя з бутавага каменя. Пазней былі надбудаваныя яшчэ адзін паверх і мансарда. Млын месціцца на рацэ Іўянка, побач закладзена маляўнічая сажалка. Сёння будынак млына выкарыстоўваецца не паводле першапачатковага прызначэння, тут працуюць цырульня, крамы і іншыя ўстановы.
Вандруйце разам з «Будзьма!»
ПЖ, budzma.org