Горад Дзісна Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ўтварыўся ў неймаверна прыгожых мясцінах, на месцы сутоку рэк Дзісна і Дзвіна. Некалі тут быў адзін з фарпостаў Полацкага княства ды віравала жыццё. Сёння ж на вуліцах Дзісны вельмі ціха. Але тут захавалася шмат маўклівых сведак мінуўшчыны, якія варта пабачыць кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй краю.
У Дзісне
Дзісна на сёння з’яўляецца самым маленькім горадам Беларусі па колькасці насельніцтва. Паводле апошняга перапісу, у горадзе пражывае ўсяго 1417 жыхароў. Але, нягледзячы на маланаселенасць, ён уражвае колькасцю помнікаў, што сведчаць пра слаўнае мінулае гэтых мясцін.
Склалі спіс, у якім ажно 8 атракцый, дзеля якіх, безумоўна, варта з’ездзіць у Дзісну.
Дзісна да 1939 г.
1. Прагуляцца па замкавых валах на выспе
Паводле археалагічных даследаванняў, правыя берагі ракі Дзісна былі шчыльна заселены яшчэ ў Х-ХІ стагоддзях. Даследчыкі мяркуюць, што мясцовае паселішча мела значную ролю ў Полацкім княстве. Цягам часу полацкія крывічы заснавалі на выспе ля сутоку Дзісны і Дзвіны замак, які ўпершыню ў пісьмовых крыніцах сустракаецца пад назвай Капец-гарадок у 1374 годзе. Магутныя валы колішняй фартэцыі можна пабачыць на выспе і сёння. Замак выконваў ролю аднаго з асноўных полацкіх фарпостаў на Дзвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы полацкай зямлі.
Замчышча на выспе. Фота: @ozeraireki
У другой палове ХVI стагоддзя пад аховай Дзісенскага замка паўстаў горад, які зараз месціцца на супрацьлеглым беразе. Двор Дзісна ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад сучаснай назвай у 1461 годзе. Гэтую дату і прынята лічыць датай заснавання Дзісны.
Рэшткі замкавых валоў на выспе. Фота: @ozeraireki
У Лівонскую вайну замкавая выспа была месцам збору вялікакняскіх войскаў перад вызваленчым паходам на Полацак Стэфана Баторыя. Дзісенскі замак займаў плошчу 5 гектараў, быў абкружаны высокімі землянымі валамі. Ён меў 9 вежаў і тры брамы з боку Дзвіны і Дзісны. Ніжэй быў умацаваны Ніжні замак, куды падчас Паўночнай вайны з 1655 па 1660 перасяліліся жыхары захопленай Дзісны. Замак быў цалкам зруйнаваны на пачатку ХVIII стагоддзя і больш не аднаўляўся.
Выгляд замкавай выспы з гарадскога парку Дзісны
2. Наведаць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Гісторыя каталіцкага храма, які захаваўся да нашых дзён у Дзісне з канца XVIII стагоддзя пачалася пасля паспяховага вызваленчага паходу на Полацак Стэфана Баторыя. У 1583 годзе ён запрасіў у горад ордэн езуітаў. Пазней, у 1630 годзе мясцовы землеўладальнік Кшыштаф Малькевіч-Хялкоўскі надзяліў зямлёй у Дзісне і айцоў-францішканаў. Пад іх патрэбы былі ўзведзены касцёл і кляштар, якія да сёння не захаваліся. Але ацалеў мураваны храм у стылі барока, збудаваны на месцы ранейшага. Сёння ён мае тытул Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Касцёл у Дзісне, 1915 г.
Дзісенскі касцёл
Будынак быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны і паступова разбураўся. У 1958 годзе савецкімі ўладамі была зроблена спроба зусім знішчыць храм. Аднак выбух зруйнаваў толькі галоўны фасад. Цяпер касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў стане працяглай рэстаўрацыі.
У 2003 годзе была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца. Яна і дагэтуль з’яўляецца месцам малітвы.
Дзісенскі касцёл унутры
3. Убачыць Свята-Уваскрасенскую царкву і цудадзейны абраз Маці Божай «Адзігітрыі»
Першая праваслаўная царква ў Дзісне, Уваскрасенская, вядомая з 1568 года, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Храм, адноўлены пасля пажару ў 1730-я гады, канчаткова быў страчаны падчас пажару 1882 года. Але не ўсе скарбы Уваскрасенскай царквы загінулі: унікальны абраз XVII стагоддзя «Сашэсце ў пекла» — шэдэўр беларускага іканапісу — можна пабачыць сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Колішні Уваскрасенскі кляштар і абраз «Сашэсце ў пекла»
Адна з ацалелых да нашых дзён у Дзісне цэркваў таксама мае тытул Уваскрасенскай, збудаваная па тыповым праекце ў рэтраспектыўна-рускім стылі пасля Студзеньскага паўстання ў 1864 годзе. Тут сёння захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай «Адзігітрыі» — копія ХVIII стагоддзя больш старажытнага абраза Смаленскай іконы Божай Маці. Царква за савецкім часам не дзейнічала, таму «Дзісенская Адзігітрыя» была перанесена ў іншы храм. Да вернікаў бажніца вярнулася ў 1989 годзе.
Уваскрасенская царква ў Дзісне .Фота: planetabelarus.by
Абраз «Дзісенская Адзігітрыя». Фота: oroik.by
4. Наведаць царкву Маці Божай Адзігітрыі
Праваслаўны храм Маці Божай Адзігітрыі ў Дзісне, збудаваны ў 1904 годзе ў якасці капліцы, таксама захаваўся да нашых дзён. Побач з царквой можна пабачыць званіцу пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Бажніца не была зачынена за савецкім часам, і каб змясціць усіх вернікаў, яе давялося пашырыць за кошт невялікай прыбудовы з белай цэглы ў другой палове мінулага стагоддзя.
Царква Маці Божай Адзігітрыі. Фота: planetabelarus.by
За савецкім часам цудадзейны абраз «Дісенскай Адзігітрыі» захоўваўся менавіта ў гэтай капліцы. Ва Уваскрасенскім храме на той час месцілася сховішча. У 1980-я царкву абрабавалі, разам з іншымі каштоўнымі рэліквіямі зніклі і старадаўнія срэбныя абклады з цудадзейнага абраза. Пазней яны знайшліся ў Санкт-Пецярбургу ў выглядзе лому.
5. Прайсці па адным з самых старых мастоў у Беларусі
Дзісну варта наведаць і дзеля таго, каб пабачыць мост праз раку Дзісна. Гэта адзін з самых старых з усіх захаваных мастоў у Беларусі: быў узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя. Унікальны арачны мост з драўляным пакрыццём трымаецца на металічнай і каменнай аснове. У наш час мост з’яўляецца аўтамабільным, яго істотна адрамантавалі, паверх быў пакладзены асфальт.
Мост праз Дзісну да рэстаўрацыі: @elgatomarinero7
6. Здзейсніць рачную прагулку на пароме
Яшчэ адной асаблівасцю Дзісны з’яўляецца дзейная паромная пераправа праз Дзвіну. У Беларусі засталося няшмат месцаў, дзе можна скарыстацца паромам, таму абавязкова варта завітаць у Дзісну ды не абмінуць увагай і гэтую цікавую атракцыю. З раскладам парома можна азнаёміцца тут.
Расклад руху парома. Фота: ostrovets.by
Паром на Дзвіне
7. Убачыць руіны лякарні пачатку ХХ стагоддзя і зрабіць прыгожую фотасесію
У Дзісне захавалася вялікая колькасць будынкаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Асноўнай перлінай сярод іх з’яўляюцца крушні лякарні, узведзенай на пачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы на высокім беразе Дзвіны, якія абавязкова варта пабачыць. Тут выдатнае месца для фотасесій, адкуль адкрываюцца маляўнічыя краявіды на наваколле. Адсюль можна паназіраць, як курсуе паміж Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнамі згаданы вышэй паром.
Брукаванка ў Дзісне. Фота: @elgatomarinero7
8. Прагуляцца вуліцамі Дзісны і ўявіць, як выглядала тыповае мястэчка пачатку мінулага стагоддзя
На вуліцах Дзісны можна ўявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Тут захавалася шмат будынкаў, узведзеных у той перыяд. Напрыклад, побач з аўтастанцыяй знаходзіцца колішняе павятовае аддзяленне апякунства цвярозасці. На першым паверсе тут у 1911 годзе выступала першая беларуская прафесійная тэатральная трупа Ігната Буйніцкага https://budzma.org/news/ignat-buynitski-i-teatr.html. Будынак узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя і сёння добра адрамантаваны.
Будынак колішняга павятовага аддзялення апякунства цвярозасці
Таксама варта звярнуць увагу на пажарнае дэпо, якое і сёння функцыянуе па першапачатковым прызначэнні.
Пажарнае дэпо
На вуліцах Дзісны
Мурал у Дзісне
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Пілігрымка на поўнач Беларусі да цудадзейных абразоў
Вандруем па нетурыстычных мясцінах: 5 нагодаў наведаць Карму