Роўна 90 гадоў таму прыйшоў на свет наш знакаміты паэт Рыгор Барадулін. Сусветна вядомы творца, які адклікаўся і на надзённае, і гаварыў пра вечнае. «Паэт будуе сам сябе, як храм», у якім «паэзія — служанка й каралева». Так акрэсліваў сваю місію сам Рыгор Барадулін. «Рыгор — беларуская верная кроў» — пісала пра паэта Ларыса Геніюш, а Васіль Быкаў называў яго «салаўём Беларусі». Да юбілею творцы прыгадваем цікавыя факты з ягонага жыцця.
Рыгор Барадулін
Будучы паэт нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка на Вушаччыне. Там ён пражыў толькі два гады — у 1937 годзе хутар быў ліквідаваны, сям’ю Барадуліных перасялілі ва Ушачы. Дзед паэта па маці, як казаў сам Барадулін, быў этнічным латышом — звалі яго Андрэй Гальвіньш. Бацька загінуў у 1944 годзе ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, у 1954-м паступіў на філалагічны факультэт БДУ.
Для кнігі «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным», што рабіў Сяргей Шапран, Барадулін гаварыў: «Маёй паэтычнай школай і тамамі паэзіі для мяне была мая мама, яе песні і казкі. Нашая мясцовасць, можа, не надта багатая на ўраджай, але багатая на старажытныя паганскія традыцыі, на паданні, на легенды, песні (...) Пра вушацкую мову я магу гаварыць днямі... Сам я кожную раніцу прачынаюся з вушацкім словам ці прымаўкай, ці вось еду — і словы мне самі прыходзяць. Яны з мяне як камяні з зямлі выходзяць — усе гэтыя частушкі, песні... Маміны словы яшчэ з начы прыходзяць да мяне, падымаюць і садзяць за стол».
Пасля БДУ працаваў рэдактарам у часопісах «Бярозка», «Полымя», у выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», апошняму аддаў больш за дваццаць гадоў. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1984-м.
Рыгор Барадулін доўгі час быў апошнім з беларускіх літаратараў, хто быў уганараваны званнем Народнага паэта — гэта адбылося ў 1992 годзе па ініцыятыве старшыні Вярхоўнага савета Станіслава Шушкевіча. Толькі ў канцы мінулага года ў Беларусі з’явіўся новы Народны паэт — улады прысвоілі гэтае званне Уладзіміру Карызну, які найбольш вядомы як аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі.
Рыгор Барадулін сябраваў з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Генадзем Бураўкіным. У яго хаце на Вушаччыне гасцявалі Міхась Стральцоў, Янка Брыль, бард Алесь Камоцкі і паэт Міхась Скобла, пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, мастак Барыс Забораў. Менавіта Рыгору Барадуліну прысвечана знакамітая аповесць Караткевіча «Ладдзя Роспачы».
Падчас перабудовы ў сярэдзіне 1980-х далучыўся да нацыянальна-адраджэнскага руху, стаў актыўным удзельнікам грамадскага руху «Беларускі народны фронт «Адраджэньне», потым далучыўся да Партыі БНФ, якая ўтварылася на падмурку старога БНФ. Зразумелае і яго стаўленне да палітыкі ўлады ад сярэдзіны 1990-х, скіраванай на русіфікацыю ды шчыльны саюз з Расіяй. Улада наўзаем старалася не заўважаць народнага паэта. Ды так, што афіцыйна заявіла ў 2015 годзе, што грошай на помнікі Барадуліну, Быкаву і Бураўкіну няма. У выніку грошы на помнік народнаму паэту збіралі ўсёй Беларуссю па ініцыятыве грамадзянскага актывіста Глеба Лабадзенкі. Запавет Барадуліна «Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне» быў выкананы.
Творчая спадчына паэта налічвае каля 70 зборнікаў вершаў і кніг паэзіі.
Акрамя таго, Рыгор Барадулін быў выбітным перакладчыкам. Менавіта ён пераклаў на беларускую мову знакамітыя «Рубаі» Амара Хаяма і помнік старажытнарускай літаратуры «Слова пра паход Ігараў». Таксама Рыгор Барадулін перакладаў Уільяма Шэкспіра, Джорджа Байрана, Сяргея Ясеніна, Габрыэлу Містраль, Пабла Неруду, Адама Міцкевіча, Фрэдэрыка Гарсія Лорку і іншых.
Вершы Рыгора Барадуліна перакладзеныя на 38 моў свету. За зборнік «Ксты», які выйшаў у 2006 годзе і меў тры перавыданні, Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію, але прэмію не атрымаў. Найверагодней, з-за адсутнасці добрых перакладаў.
Усё — пачатак тла, і лоўля дзьмушак,
I млоснасць духу — ўсё лухта лухты.
Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак,
І мы — як з дрэва існасці лісты.
Ёсць марны дол — карэе ў ім карэнне,
Ёсць неба мары — ў ім шумяць вярхі.
І кожны долю сам сваю сустрэне,
I знойдуць самі кожнага грахі.
Мукá пакут прасеецца праз сітца
Ад халадоў знямоглай глухаты.
І ў вырай будзе зноў душа прасіцца.
Усё — лухта лухты. І ўсё з лухты.
Пра Рыгора Барадуліна, паэта, чые творы ледзь не ўсе разабраныя на цытаты, можна гаварыць шмат. Таму прапануем чытачу яшчэ і падборку ранейшых матэрыялаў, якія выходзілі на Budzma.org.
Рыгор Барадулін: вялікая спадчына вялікага беларуса. Відэа ад Андрэя Хадановіча
Рыгор Барадулiн: «Я павiнен быў нарадзiцца на Вушаччыне»
10 цікавых фактаў пра апошняга Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна
У 2022 годзе з друку выйшлі 11 тамоў дзённікавых запісаў Рыгора Барадуліна. У іх змясцілася амаль усё жыццё славутага творцы — ад 1951-га да апошняга для яго 2014 года.
Р.С., Budzma.org