1 чэрвеня святкуецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. У гэты дзень беларусы Швецыі збіраюцца правесці выставу дзіцячых малюнкаў у Стакгольме.
Мы будзем вельмі радыя ўбачыць дзіцячыя малюнкі на беларускую тэматыку. Што можна намаляваць? Кожнае дзіця вырашае само: для кагосьці гэта домік бабулі ў вёсцы, любімы парк у горадзе, для кагосьці — нацыянальныя арнаменты або адзенне. Гэта таксама можа быць любімае месца на прыродзе, Нясвіжскі замак, школьныя сябры, смачнасці, якія рыхтуе мама на святы... Гэты спіс можна працягваць бясконца. Мы бы хацелі ўбачыць Беларусь вачыма нашых дзяцей і падзяліцца гэтым досведам з шведскім грамадствам. Якой яны бачаць нашу краіну? Якой яны хочуць яе бачыць у будучыні?
Нам патрэбна якасная фатаграфія або адсканаваны дзіцячы малюнак, дзе будзе паказана імя (прозвішча не абавязкова) і ўзрост.
Каментары да малюнка толькі вітаюцца! Будзе лайв стрым у фэйсбуку на старонке Беларусаў Швецыі, а таксама фота з мерапрыемства.
Гэтая выстава патрэбна не толькі для прыцягнення ўвагі шведскай грамадскасці да Беларусі і для захавання яе ў парадку дня, але яна таксама важная і для саміх нас, хто жыве ў Беларусі і за яе межамі. Магчыма, гэтая выстава дапаможа нам лепш пазнаць ды зразумець сваіх дзяцей, мы напэўна ўспомнім і пра сваё дзяцінства, якое, здавалася бы, было яшчэ ўчора. Такім чынам, гэта яшчэ мацней зблізіць і аб’яднае нас, і, нягледзячы на адлегласць паміж намі, умацуе нашыя імкненні і веру ў светлую будучыню для Беларусі.
Каб даслаць малюнак, напішыце [email protected]
Выстава пройдзе ў Народнай амбасадзе, якая знаходзіцца ў Эстонскім доме ў Стакгольме.
Па матэрыялах прэс-рэлізу