У Вільні можа з’явіцца прыватная беларускамоўная група дзіцячага садка на базе школы Stembridge. Ініцыятыва нарадзілася з супольнага запыту беларускіх педагогаў, бацькоў і каманды школы, якія шукаюць магчымасць стварыць для дзяцей бяспечную адукацыйную прастору з жывой беларускай мовай і мяккай інтэграцыяй у літоўскае асяроддзе.
Новая група задумваецца як месца, дзе дзіця зможа штодня чуць беларускую мову, заставацца ў кантэксце роднай культуры і адначасова натуральна ўваходзіць у літоўскі моўны і культурны кантэкст. У аснове праекта — шматмоўная мадэль: асноўнай мовай штодзённай камунікацыі павінна стаць беларуская. Літоўская будзе ўводзіцца праз зносіны і сумесныя актыўнасці з аднагодкамі. Англійская — у лёгкім фармаце адпаведна ўзросту: песні, гульні, словы.
У групе таксама плануюць стварыць супольнасць для бацькоў — з рэгулярнымі сустрэчамі, закрытым чатам, адкрытымі заняткамі і магчымасцю ўдзельнічаць у жыцці групы. Асобны акцэнт робіцца на тым, што падтрымка патрэбная не толькі дзецям, але і дарослым, якія праходзяць праз досвед эміграцыі і адаптацыі.
Stembridge працуе ў Літве ужо 5 гадоў. Сёлета садок пераехаў у новае памяшканне па адрасе Žalgirio g. 135, дзе суседнічае з літоўскім садком Gervuogė. Дзеці маюць агульныя прасторы для гульняў з літоўскімі аднагодкамі. Гэта робіць мову жывым сродкам зносін, а не толькі вучэбным прадметам.
Група пачне працу пры наяўнасці не менш як 15 сем’яў, гатовых далучыцца. Заяўкі збіраюць да канца чэрвеня.
Падабязнасці і форма заяўкі па спасылцы.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.