Да Дня роднае мовы ў Беларусі звыкла ладзіцца шэраг афіцыйных мерапрыемстваў. З трыбунаў гучаць дзяжурныя і часьцяком расейскамоўныя развагі пра важнасьць роднае мовы, цытуюццца — зноўку ж у расейскамоўным перакладзе — беларускамоўныя пісьменьнікі. Усё красіва і празьнічна, усё як мае быць! А вось неафіцыйных мерапрыемстваў да Дня роднае мовы... асабліва й няма. Зрэшты, яно й ня дзіва: у краіне, дзе цябе могуць выгнаць з працы альбо й наагул кінуць за краты толькі за тое, што ты размаўляеш па-беларуску, ладзіць нейкія мерапрыемствы да Дня роднае мовы асабліва й ня хочацца, і ня можацца.
У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік, узброіўшыся вострым скальпэлем нацыянальнай безапэляцыйнасьці, ставіць дыягназ беларускай рэчаіснасьці і тлумачыць, як яе вярнуць да здаровага стану.
Валера Руселік. Фота з архіву аўтара
Можна колькі заўгодна самазаспакойвацца ды адкладваць рэальнае разьвязаньне праблемы на сьвятое ніколі, але ўжо цягам дзесяцігодзьдзяў факт застаецца фактам: беларуская мова ўваходзіць у пералік моваў, якія знаходзяцца на мяжы зьнікненьня — і калі нічога не рабіць, чакаючы, калі ж усё-ткі прысьпее час «для мовы» (спачатку эканоміка, палітыка, сацыялка і г.д., а як жа ж!), то яна цалкам можа зьнікнуць і з гэтага пераліку, і з сучаснага сьвету наагул.
Дарэчы, пра гэты сьпіс. Атляс моваў сьвету ў небясьпецы, які складае ЮНЭСКА, утрымлівае шэсьць катэгорыяў. Беларуская мова ў ім згадваецца як «Vulnerable» — уразьлівая (большасьць дзяцей размаўляюць у гэтай мове, але яна можа быць абмежаваная пэўнымі сфэрамі (да прыкладу, домам)).
У тлумачэньні аўтары Атлясу дадаюць: беларуская, хоць і зьяўляецца афіцыйнай мовай незалежнай краіны, лічыцца ўразьлівай з-за шырокага выкарыстаньня расейскай мовы замест яе.
Запомніце прычыну ўразьлівасьці, мы да яе яшчэ вернемся.
Да якой катэгорыі ўразьлівасьці насамрэч можна аднесьці беларускую мову?
Калі згадаць хаця б нядаўні выпадак з навучэнцамі кармянскае школы, якія ня здолелі перакласьці нават гэткія беларускія словы, як «хмарачос», «дыван», «конік», «плот» ці «шкарпэткі», то катэгорыя «Vulnerable» ўжо выглядае для нашае мовы не зусім актуальна, праўда?
Наступныя, яшчэ горшыя, катэгорыі ў Атлясе:
— «Definitely endangered» («безумоўна пад пагрозай зьнікненьня») — дзеці больш не вывучаюць мову як родную дома
— «Severely endangered» («сур’ёзна пад пагрозай зьнікненьня») — у гэтай мове размаўляюць бабулі і дзядулі і старэйшыя пакаленьні; хоць бацькоўскае пакаленьне можа разумець яе, яны не размаўляюць у ёй зь дзецьмі ці паміж сабой
— «Critically endangered» («крытычна знікаючая») — самыя маладыя носьбіты — гэта бабулі і дзядулі і старэйшыя, і яны размаўляюць у гэтай мове часткова і рэдка.
І ўсё, далей — толькі канчатковае выміраньне. Да каторай з гэтых катэгорыяў вы б, паклаўшы руку на сэрца, аднесьлі сёньня беларускую мову?
Клясыфікацыя моваў сьвету, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, паводле ЮНЭСКА
І, здавалася б, усе ўсё разумеюць, для ўсіх (ну ок, не для ўсіх, але для многіх) беларуская мова — гэта «безусловно, родной язык, мы любим и уважаем его, беларускую мову надо ценить и беречь!». І пры гэтым велізарная колькасьць з тых, хто ўсё разумее, ня робіць самага важнага кроку, усяго толькі аднаго-аднюсенькага кроку — ад словаў да дзеяньняў.
Каб беларуская мова жыла, на ёй трэба размаўляць. Вось папросту тут і цяпер — пачнеце, шаноўныя, гаварыць па-беларуску! І ўсё. Мова жыве тады, калі прысутнічае ў штодзённым жыцьці. Няўжо гэта так цяжка зразумець?
Зрэшты, усе гэтыя заклікі не пакідаць мовы нашае, беларускае, каб ня ўмёрлі, сказаныя ўжо бясконцую колькасьць разоў. І? Як яшчэ патлумачыць, каб дайшло? Каб зразумелі, што, адмаўляючыся ад свайго, мы, па сутнасьці, адчыняем дзьверы тым, хто прыйдзе нас нішчыць. І што варона з куста, а пяць — на куст: калі зьнікае беларушчына, на яе месца няўмольна прыходзіць расейшчына.
Указ У. Пуціна ад зацьверджаньні моўнае палітыкі РФ
Выдаліць пухліну на целе Беларушчыны
І тут мы вяртаемся да прычыны ўразьлівасьці беларушчыны, акрэсьленай экспэртамі ЮНЭСКА.
Для разуменьня ролі й пагрозы, якую нясе расейская мова для Нерасеі, у тым ліку для нашае краіны, давайце параўнаем яе з... анкалёгіяй. Параўнаньне, ох якое актуальнае для Беларусі, якую калісьці зрабілі антырадыяцыйным шчытом для Масквы, праўда?
І тады адказы на многія, здавалася б, дыскусійныя пытаньні адвальваюцца самыя па сабе.
Вось вы гатовыя замацаваць за ракавай пухлінай рэгіянальны статус, скажам, у нырках альбо лёгкіх? Ці пагатоў статус другой (а на практыцы — першай) нармальнасьці стану ўсяго арганізму? Гатовыя апраўдваць і падтрымліваць зьяўленьне новых мэтастазаў як праяву натуральнага разьвіцьця свайго цела, гаварыць пра адвечную прысутнасьць у арганізьме ракавых вузаў? Маўляў, яны тут заўсёды былі, маё цела — гэта спрадвечная тэрыторыя пражываньня анкалёгіі, у нас супольная гісторыя і традыцыі.
Уявілі? Уражвае, праўда?
Беларускія лекары ў часе апэрацыі. Фота: sb.by
Скажу болей. Гэтая ж аналёгія дапамагае і з адказам пра тое, як нам адрадзіць нашую родную мову.
Бо, як ні круці, але як раз-ткі змаганьне з ракавай пухлінай расейшчыны, якая працяла літаральна ўсю Беларусь, ёсьць адным з найважнейшых складнікаў нашага выжываньня й нашага Адраджэньня. Пухліну выдаляюць без усялякага шкадаваньня. Хай і праз боль і пакуты для ўсяго арганізму, але — даючы яму шанец на далейшае жыцьцё.
Гэтак і з мовай.
Першы і самы прынцыповы крок — беларуская мова павінна мець статус адзінае дзяржаўнае, быць абавязковаю ў зносінах дзяржавы з грамадзянамі. Усе ўстановы ды інстытуцыі, якія існуюць за кошт падаткаплатнікаў, павінны функцыяваць па-беларуску, а не на мове звароту.
Мы ж не чакаем, што ў якім-небудзь японскім альбо хаця б польскім самаўрадзе мясцовы чыноўнік нам будзе адказваць на нейкай іншай акрамя дзяржаўнай мове, праўда? Гэтак мае быць і ў нас: будзь ты хоць расеец, хоць індус — не разумееш па-беларуску, бяры з сабою перакладніка.
Як размаўляць міжсобку ў побытавым жыцьці — гэта асабістая справа кожнага. Гэта як, скажам, паліць цыгарэты: смакчы тытунёвы дым, калі хочаш і калі табе не шкада свайго здароўя, гэта твой выбар, але — не ў публічнай прасторы, каб ня шкодзіць іншым.
Таксама на дзяржаўным узроўні мае быць распрацаваная і рэалізаваная праграма адраджэньня і разьвіцьця дзяржаўнае беларускае мовы. Айчынная сыстэма адукацыі мае быць ня толькі пераведзеная ў родную мову, але й пашыраная па-за межы навучальных устаноўваў праз дадатковыя курсы для дзяржслужбоўцаў і ўсіх ахвотных грамадзянаў, а таксама праз асьветніцкія, інфармацыйныя ды іншыя мерапрыемствы.
Акрамя гэтага ў дачыненьні да нашае роднае мовы, праз стагодзьдзі і дасюль усяляк дыскрымінаванай, урэшце, мае быць ужытая «пазытыўная дыскрымінацыя». То-бок сыстэма палёгкаў, прывілеяў і заахвочваньняў, у тым ліку матэрыяльных, для тых, хто ўжывае беларускую мову: зьніжэньне ці часовая адмена падаткаў для беларускамоўных выдавецтваў і прадпрымальнікаў, надбаўкі да заробкаў беларускамоўным адмыслоўцам і г.д.
Хтосьці скажа: некамфортна, несправядліва, нерэальна! Ну што ж, калі не падабаецца — прапануйце ўласнае разьвязаньне праблемы. Толькі давайце што-небудзь адрознае ад цяперашняга расейскамоўнага «дзьвюхмоўя», «языкового равенства» і іншай лухты, якая і без таго квітнее і сьмярдзіць у сучаснай Беларусі.
Давайце што-небудзь бяз шанцаў на жыцьцё для ракавай пухліны расейшчыны. І з шанцам для нашае роднае мовы.
І галоўнае — напішэце альбо прагаварыце сваю прапанову па-беларуску. Дамовіліся?
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org