Калі забіць у пошук па-расійску «герой сво», то гугл адразу прапануе: «герой сво убил». А далей — адчыняецца брама ў пекла: «убил девушку и сжег ее тело», «расчленил своего знакомого», «позвал на свидание и убил 17-летнюю»... Адкуль усё гэта?

Расейскія вайскоўцы вяртаюцца дадому. Крыніца: Reuters
Нядаўна чарговы «герой» з нажом у Іркуцку ўзяў у закладніцы выпадковую жанчыну. Яго ўласная жонка з дзіцём (з пабоямі) своечасова паспела схавацца. З ветэранам-тэрарыстам сілавікі пачалі перамовы: ён патрабаваў даць яму верталёт і адвезці на фронт. Пасля — здаўся. Папрасіў гарэлкі і цыгарэт. Закладніца ўжо была задушаная.
Што з імі не так? Перад тым, як сказаць «усё», давайце падумаем. Расія падаецца краінай з паноўнай мілітарнай ідэалогіяй. Чалавек у пагонах, а тым больш ветэран — герой. Той, перад кім адчыненыя ўсе дзверы. Дасяжныя ўсе кар’ерныя ліфты. На вуліцах мінакі павінны дарыць табе кветкі, рабіць з табой сэлфі. Па аналогіі з ветэранамі так званай «ВАВ».
Але... чамусьці так не адбываецца. Тысячы людзей з пакалечанай псіхікай вяртаюцца ў свае іркуцкі і пензы, каб — піць, гвалціць, забіваць, паміраць. Ці — зноў ехаць у зону адчужэння, у «СВА». Каб піць, гвалціць, забіваць і паміраць ужо там. Бо там — як дома. А дома пакуль яшчэ не так, як там.
Безвыходнасць. Самаадмаўленне. Самота. Чалавек як такі — не патрэбны. Ані іншым, ані сабе. Адзіны ягоны кар’ерны ліфт — у пекла. І дзяржава ў гэтым гатовая яму дапамагчы. Пракручваць праз чарговыя выезды на фронт, каб «СВА» не сканчалася ніколі. Да смерці. Таму 80-гадовых ветэранаў «СВА» на парадах проста не будзе: яны скончацца значна раней.
Чаму так? А таму, што расійскія ветэраны (за рэдкім выключэннем) не залаты фонд грамадства, а праблема. Для сям’і, паліцыі, сістэмы аховы здароўя... для усіх. Праблема, з якой трэба нешта рабіць. Пакуль у Еўропе будуюць заводы па перапрацоўцы побытавага смецця, у Расіі — прыдумалі фабрыку па спальванні чалавечага смецця. Тое самае «СВА». Каб тысячы мужычкоў з дэпрэсіўнай правінцыі не дажывалі да пенсійнага веку.
Прычым праблемай яны сталі яшчэ да «баявога хрышчэння». Проста па факце свайго існавання. У кожнай краіне жыццё чалавека мае свой кошт: у ЗША, Ізраілі, Нарвегіі. Паўсюдна гэта нейкая лічба, суадносная з ВУП, разлічаная праз колькасць грошай, якія ты можаш зарабіць у жыцці. Напрыклад, калі ты ў ЕС прыязджаеш з дзіцёнкам, то аўтаматычна робіш інвестыцыю ў еўрапейскую эканоміку. Бо дзіцёнак вырасце і будзе тут жыць, зарабляць і выдаткоўваць: прапускаць праз сябе фінансы.
У расійскай глыбінцы вартасць чалавечага жыцця — адмоўная. Гэта не жарт. Умоўна чалавек каштуе «мінус 20 000 даляраў». Мінус, а не плюс. І калі яго не будзе, эканоміка дзяржавы выдыхае з палёгкай. Бо як работнік ён няякасны. А нават калі якасны, для яго няма працоўнага месца. Сама эканоміка — рэсурсная, а для здабыцця і перапрацоўкі здабытых з зямлі рэсурсаў столькі людзей не трэба. Куды яго падзець? Даслаць на чарговае «СВА».
Усё гэта можа падасца злой іроніяй у стылі аповесцяў Пялевіна. Але Расія — і ёсць аповесць Пялевіна. Можна паспрачацца, маўляў, у Масквы ёсць свой палітычны інтарэс, ідэалогія, імперыя мае пашырацца, вяртаць сабе імперскасць...
Распавядзіце гэта жыхарам якога-небудзь пасёлка Вялікія Локці. Дзяржаве той пасёлак не патрэбны. Вытворчасць, збудаваная там за часамі СССР, даўно загнулася. Новай не будзе. Але: трэба падтрымліваць мясцовую школу, лякарню, плаціць пенсіі, рамантаваць дарогі... Для чаго? Для каго?
Прасцей будаваць могілкі, помнікі па загінулых ды — раздаваць медалі. Як біркі для тых, хто яшчэ ў працэсе ўтылізацыі. А тыя, хто прайшоў цыкл утылізацыі не цалкам — маюць адпраўляцца на дапрацоўку. У «СВА». На дарожку перад імі заспявае які-небудзь газман-шаманаў, ды ім нальюць «баявыя сто грам».
Гэта не дорага. Вялікая дзяржава — можа сабе дазволіць.
Здаецца, што да гэтага беларусам? Найміты з беларускімі пашпартамі, на жаль, таксама мільгаюць у так званым «СВА». Цяжка сказаць, наколькі масавая гэтая з'ява, але дадому — у Беларусь — яны будуць вяртацца з тым жа багажом ведаў і духам самаадмаўлення.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org