Рашэньне прынялі паводле скаргі Сьвятланы Гальдадэ, якая раней узначальвала Гомельскі гарвыканкам, паведамляе «Свабода».
Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў апублікаваў рашэньне адносна скаргі былой старшыні гомельскага гарвыканкаму Сьвятланы Гальдадэ, перадае «Гомельская вясна». Рашэньне канчатковае і не падлягае абскарджаньню.
У 2012 годзе Гальдадэ, а таксама праваабаронцам Леаніду Судаленку і Анатолю Паплаўнаму забаранілі правесьці пікет у Гомлі ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага (яго тады кінулі за краты на 4,5 года за нібыта ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Прычынай было патрабаваньне чыноўнікаў заключыць дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі на працу на пікеце. Рашэньне абскарджвалі ў судах, у тым ліку Вярхоўным, але суды ўсіх узроўняў занялі бок чыноўнікаў.
Суд у Жэнэве прыйшоў да высновы, што ўлады Беларусі парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, не далі грамадзянам права на мірны сход і вольнае выказваньне думак.
Паводле рашэньня Камітэту, цяпер улады цягам 180 дзён абавязаныя:
даць аўтарам скаргі эфэктыўны сродак прававой абароны і адэкватную кампэнсацыю;
Прадстаўнікі беларускіх уладаў у час разгляду скаргі аспрэчвалі права заяўніцы прадстаўляць інтарэсы іншых пацярпелых, хоць у яе былі даверанасьці. Таксама яны настойвалі, што заяўнікі яшчэ ня вычарпалі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, паколькі не зьвярнуліся да кожнага з намесьнікаў Генэральнага пракурора, а ня толькі да ўсіх намесьнікаў старшыні Вярхоўнага суду. Урэшце прадстаўнікі ўладаў Беларусі адмовіліся ад супрацы з Камітэтам у гэтай справе, расказалі праваабаронцы.