«Аб’ект» хоча вярнуць ва ўжытак касэты

26.10.2012 Музыка

Берасьцейская гранжавая банда «Аб’ект» арыгінальным чынам падыйшла да прома свайго новага альбому «Грязь». Музыкі вырашылі выдаць яго… на касэтах. Беларускія выканаўцы не зьвярталіся да такога фармату апошнія пяць гадоў. Лідэр гурта Саша Тамчук патлумачыў Tuzin.fm сэнс ідэі.

Гурт «Аб’ект» вырашыў выдаваць свой альбом «Грязь» адразу на двух носьбітах — на дысках і на касэтах. Па-сутнасьці, гэта першы альбом каманды, які будзе мець матэрыяльнае ўвасабленьне. Дэбютнік «Vanilla» (2003), як і сынгл «Маленькие части» (2010) дагэтуль былі прадстаўленыя толькі ў сеціве. «Наша першая праца 9-гадовай даўніны недзе згубілася ў віртуальнай прасторы, — кажа лідэр гурта Алесь Тамчук. — Аднак, ведаю шмат людзей, для якіх важна, каб патрымаць прадукт на руках, таму мы вырашылі выдаць свой матэрыял».

Патрымаць у руках дыск у прыхільнікаў берасьцейскага гранжу атрымаецца ўжо 27 кастрычніка наMen’s Fest, у межах якога адбудзецца прэзэнтацыя альбома «Грязь». А вось касэтаў давядзецца пачакаць даўжэй. Вырабляе іх наварасейскі D.I.Y.-лэйбл «Яйцеклетка», які берасьцейскія музыкі знайшлі па падказцы расейскіх калег.

Фактычна, «Грязь» будзе першым за апошнія пяць гадоў альбомам беларускага альтэрнатыўнага выканаўцы, выдадзеным на касэце. Касэты наогул цяпер у Беларусі не прадукуюцца. Лэйбл БМА-груп скончыў іх вытворчасьць яшчэ ў 2004 годзе, калі ў такім фармаце быў выдадзены альбом гурта Indiga «Дні». Апошняй скарылася кампанія «Вігма», якая канчаткова згарнула лінію вытворчасьці ўлетку 2011 году. Відаць, што апошнім беларускім альбомам, што выйшаў на касэце, можна лічыць «Босиком по мостовой» гурта «J:морс» (2007).

«Аб’ект» бярэцца вярнуць ва ўжытак касэты. Іх расейскія выдаўцы ўзяліся цалкам пакрыць выданьне накладу. Лідэр гурта Алесь Тамчук разглядае гэтую акалічнасьць проста, як элемэнт прамоўшну гурта ў Расеі, дзе і будзе распаўсюджана большасьць касэтаў.

Зварот гурта да рэтра пэўным чынам тлумачыцца яго стылёвым кірункам. Гранж — музыка даволі «брудная», па вызначэньні таго ж Тамчука, і запіс на стэрыльнай лічбе ёй не зусім падыходзіць. Лягічна было б і ўвогуле зьвярнуцца да вінілу, але гэта пакуль зьяўляецца раскошай для берасьцейскай каманды.

Пакуль альбом «Грязь» рыхтуецца пайсьці ў масы, музыкі ўжо пішуць песьні для наступнага альбома. Новая праца гурта будзе зьмяшчаць і новую беларускамоўную песьню «Нічога не казаць», якая нядаўна была прэзэнтавана на Tuzin.fm.

Іна Хоміч, «Тузін Гітоў»