5 красавіка берасцейскі праваабаронца Аляксей Казлюк змясціў на сваёй старонцы ў Facebook допіс, у якім распавёў пра сітуацыю, якая склалася вакол офіса праваабарончай арганізацыі Human Constanta, брэсцкі офіс місіі якой месціцца ў жылым комплексе на 500 кватэр. Аказалася, што мясцовыя жыхары просяць праваабаронцаў выехаць, паколькі ім не да спадобы людзі, якія прыходзяць па дапамогу ў офіс.
Мы звярнуліся па каментар да Аляксея Казлюка: “Эмацыйна, канечне ж, цяжка асэнсоўваць, што побач вельмі шмат людзей, гатовых падазраваць іншых у самых кепскіх намерах толькі праз іншы колер скуры. Але казаць, што для нас гэта быў сюрпрыз, таксама нельга. Пачынаецца ўсё з дзяцінства, напрыклад, калі дзяцей палохаюць, што іх скрадуць цыганы, а потым ужо дарослы чалавек уключае тэлевізар, дзе штучна нагнятаюць істэрыю вакол мігрантаў і бежанцаў у Заходняй Еўропе. І замест таго каб звярнуць увагу, што адбываецца ва ўласным горадзе, людзі пачынаюць адгароджвацца ад рэальнасці ксенафобіяй і стэрэатыпамі. Каманда Human Constanta працуе не толькі з бежанцамі, але і з мясцовымі жыхарамі па пытаннях талерантнасці і мовы варожасці. Нам здаецца, што дзякуючы большай інфармаванасці людзі змогуць пераадолець свае забабоны.
Учорашні выпадак — для нас хутчэй нагода больш пільна працаваць з суседзямі. Запрашаць іх у офіс, расказваць пра людзей, якім мы дапамагаем. Так, гэта не хуткая справа, але хтосьці павінен гэта рабіць, бо проста з’ехаць у іншае месца — не вырашэнне праблемы.”
Дарэчы, фота, якое суправаджае допіс у ФБ – гэта частка праекту “Больш чым здаецца на першы погляд” ў межах Тыдня супраць расізму, які ладзіўся намаганнямі шэрагу праваабарончых арганізацый і валантэраў.