Сеціва ўскалыхнуў законапраект аб зменах правілаў прызыву ў войска, які выклікаў справядлівую хвалю абурэння. Але давайце глянем на праблему з іншага ракурсу: чаму так адбываецца? А ўсё ж відавочна: бо адсутнічае сталае патрыятычнае выхаванне.
Будзьма шчырымі: у беларускім войску даўно ніхто не хоча служыць, а да ўсяго яшчэ і дэмаграфічныя праблемы. Цяпер служба ў войску калі і ўспрымаецца як абавязак, то выключна ў самым негатыўным сэнсе – як тая паншчына, якую нікому не хочацца адбываць. Таму і жаданне “адкасіць” ад гэтага самага войска з любой нагоды даўно успрымаецца, як абсалютна нармальная з’ява.
І гаворка не толькі пра “вечныя” магістратуры з аспірантурамі, якія для многіх маладых беларусаў сталі сапраўднай выратавальнай саломінкаю. Сама вайсковая тэма даўно займела негатыўную канатацыю, бо нездарма ж у народзе з’явілася прымаўка “Ученье — свет, а неученье — боты”. Спосабаў пазбегнуць службы існуе вельмі шмат. І ўсе яны без выключэння прымальныя для нашага грамадства. Упэўнены, што і сярод вашых знаёмых ёсць тыя, хто так рабіў. Масавае нежаданне служыць у войску — даўно ўжо сакрэт Палішынеля, таямніцы з гэтага ніхто не робіць. І наўрад ці хоць бы хто з тых “касьбяроў” падвяргаецца ўшчуванням, хутчэй наадварот: яны заўжды знаходзяць разуменне. Ускосна прызнаюць гэта і аўтары законапраекта, калі пішуць, што беларусы прызыўнага ўзросту шукаюць законныя прычыны не трапіць у войска.
Пачынаць, відаць, усё ж трэба не з такіх вось жорсткіх падыходаў, а з правільнага патрыятычнага выхавання. Трэба на якасна новым, зразумелым узроўні даносіць да грамадзянаў мэсідж пра тое, чым ёсць насамрэч абавязак і што гэта такое — Радзіму абараняць. Безумоўна, добра, што ў школе вучаць патрыятызму па прынцыпе “Жыву ў Беларусі – тым і ганаруся”, але ж, пагадзіцеся, гэтага мала. Нельга стаць патрыётам прымусова, а кожны мае быць на сваім месцы. А да ўсяго трэба яшчэ і выкараніць такія ганебныя з’явы для войска, як дзедаўшчына etc…
Я.І.
На сайце "Удобный город" з'явілася петыцыя "Против создания неравноценных условий получения образования в связи с необходимостью прохождения воинской службы", падпісацца можна тут.