Некалі Масленіцу беларусы гулялі весела, з разнастайнымі абрадамі ў розных рэгіёнах. Паўсюдна захоўвалася традыцыя гасцявання з частаваннем вялікай колькасцю аладак, бліноў, сыру, масла, іншых страваў, катаннем на конях — на доўгі лён. Дзеці ладзілі шмат гульняў на вольным паветры, каталіся з горак на санках. Дарослыя весяліліся, праводзілі зіму з элементамі карнавалу і эротыкі ў прыпеўках, абрадах, паводзінах. Асаблівую распушчанасць у паводзінах дазвалялі сабе жанчыны, якія звычайна паводзілі сябе сціпла: яны пілі піва з даёнак, каб столькі давалі малака іх кароўкі, непрыстойна жартавалі паміж сабой і з мужчынамі — гэта павінна было адагнаць зіму і паклікаць вясну, падчас якой усё ў прыродзе абуджалася дзеля працягу жыцця. Моладзь гушкалася на арэлях, бабы спявалі песні пра жаночую долю… Гуртамі адведвалі маладух, якія выйшлі замуж у Мясаед, прасілі вынесці ім сыру, каб нарадзіла сына, да яго мачок, каб было ў сям’і некалькі дачок. Муж маладухі частаваў жанчын, а яны весяліліся ад душы.
Сярод вялікай разнастайнасці беларускіх абрадаў і звычаяў на Масленіцу невялікімі месцамі на Паазер’і існаваў абрад пахавання Дзеда і Бабы — у Шумілінскім, Лёзненскім, Гарадоцкім раёнах. Абрад праводзілі пажылыя жанчыны, а ўдзельнічаць магла ўся вёска. Перад Масленіцай у краме ці на вуліцы нагадвалі адно аднаму, што захварэў Дзед — мусіць, хутка памрэ, прыходзьце адведаць. Хата, дзе праводзіўся абрад, звычайна была пастаяннай. Напрыклад, у вёсцы Маскаляняты Гарадоцкага раёна да нядаўняга часу яго захоўвала Марыя Кузьмінічна Сафронава, якая пераняла традыцыю ад сваёй маці. Цяпер старэнькая Марыя Кузьмінічна занядужала, а ў абязлюджанай вёсцы ніхто іншы не адважваецца ўзваліць на сябе такі клопат. Затое ў вёсцы Даўгаполле некалькі жанчын, якія некалі ўдзельнічалі ў гэтым абрадзе, калі жылі ў іншых вёсках, аднавілі яго. Абрад у 2013 годзе ўзяты пад ахову дзяржавы, яму нададзены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Даўгапольскія жанчыны таксама бралі ўдзел у абрадзе, які ладзіла Марыя Кузьмінічна. Па-першае, усім у вёсцы абвяшчалі, што Дзед Сідорка касцёй падавіўся ў мясаед і памёр. На акно ставілі шклянку з вадой, накрывалі лустачкай хлеба. Хлеб клалі ў ручніку на Куце, там жа запальвалі свечку. Сідар Міхайлавіч сапраўды некалі жыў у гэтай вёсцы, быў падобны па паводзінах да гэтага карнавальнага Дзеда, таму за ім і захавалася такое імя. Старэйшыя жанчыны напярэдадні Масленіцы рабілі саламяную ляльку ў чалавечы рост, апраналі ў мужчынскае адзенне, галасілі над гэтым Дзедам, а час ад часу цягнулі за вяровачку ў штанах, адкуль выскоквала раней костка, а ў пазнейшыя гады морква, што нязменна выклікала смех і здзіўленне: “сам памёр, а ягоны струк яшчэ жывы!”. Дзед быў абжора, п”яніца, меў шмат жонак і дзяцей. Як толькі ў хату, дзе на лаве ў Чырвоным куце ляжаў Дзед, прыходзіў новы чалавек, торгалі за вяровачку. Мужыкі адразу лаяліся (у гэтым абрадзе лаянка рытуальная), жанчыны выказваліся больш далікатна і адразу ж уваходзілі ў ролю, якой іх надзялялі ўдзельніцы абраду. “Во, — кажуць, — пабочная дачка прыляцела на самалёце здалёк, аж з Краснаярска. Паспела, дзякуй Богу, зможа прасціцца з бацькам”. Тая дачка гаворыць: “А я яго ж ніколі не бачыла. Хоць далёка, але ж трэба хоць памерлага бацьку пабачыць. А мой жа ты родненькі! А чаго ж ты нас пакінуў! А мая ж мамачка цябе так любіла, калі ты быў маладзенькі і ў арміі служыў…” Нешта накшталт такой сцэнкі я назірала ў выкананні пляменніцы Марыі Кузьмінічны. І такія ролі раздавалі па рознай ступені сваяцтва ўсім, хто заходзіў паглядзець на Дзеда. Кожны казаў: “Ён усім быў Дзед”, што сведчыла пра тое, што яго ўяўлялі продкам, як і Бабу. Абавязкова прыходзіў ці то прафсаюзны дзеяч, ці то кіраўнік мясцовай гаспадаркі (такую ролю давалі штогод пэўнаму мужыку, які добра яе выконваў) — ён вёў рэй на гэтым абрадзе, як пры сапраўдным пахаванні: гаварыў прамовы, ухваляў Сідара Міхайлавіча за добрую працу і “трудовые заслугі”, расказваў біяграфію — толькі станоўчыя якасці “нябожчыка” высвечваў у параўнанні з жанчынамі, якія ў большасці ганілі Дзеда, але ж і шкадавалі, галасілі па ім, папракаючы за адмоўныя паводзіны: “Ой, Дзед ты наш, што ж ты нарабіў, такое нам гора…”, “А куды ж ты сабраўся, у якую далёкую дарожачку? А чаго ж ты так рана ў гэтую дарожку выбраўся?”, “Прылятай ты к нам пад акошачка! А мы ж цябе чакаць будзем, якую ты нам вестачку прынясеш пра нашу мамачку Васілісачку. А ці добра ёй на том свеці ці нядобра…”
Але наступаў момант, калі ў хату прыходзіў Лекар і пачынаў шукаць прычыну, ад якой памёр Дзед: мацаў рукі, ногі, галаву, нарэшце даставаў з жывата вялікую костку і абвяшчаў, што той яе праглынуў. Бабы смяяліся: “Мы ж казалі, што касцёй у Мясаед падавіўся!”
Пасля Лекара прыходзілі Поп і Дзяк адпяваць Дзеда. Поп махаў кадзілам і спяваў, а Дзяк яму падпяваў — нешта смешнае яны спявалі і гаварылі, але ўсе смяяліся стрымана, хаваючы твары ў адзенне.
Нарэшце Дзеда грузілі на санкі і везлі ў канец агарода (раней — у канец вёскі), закопвалі з галашэннямі, прамовамі, як на сапраўдным пахаванні. Па-сапраўднаму накрывалі ў складчыну і памінальны стол, садзіліся за яго і тры разы выпівалі, закусвалі моўчкі, адкладаючы на асобны сподачак для Дзеда, але як толькі Кузьмінічна камандавала, гарманіст расцягваў мяхі, пачыналіся танцы, прыпеўкі, весялосць і далейшае застолле з песнямі.
Такім самым чынам стараюцца хаваць Дзеда і Бабу жанчыны з Даўгаполля. Толькі іх нямнога, і вёска, калі і мела некалі гэты абрад, то даўно страціла, таму жыхароў прыходзіць мала. У вёсцы ўвогуле засталося мала жыхароў. Ды і панядзелак — працоўны дзень… Але ўсё ж гэты абрад праводзіцца, жыве. Можа, і захаваецца, калі гэтаму будуць садзейнічаць культработнікі, а ўся вясковая супольнасць падтрымае і ўключыцца ў гэты дзіўны карнавал.
Рэгіна Гамзовіч
Фота: Аляксей Сталяроў