Абраз Нястомнай Дапамогі ХХ стагоддзя ўпершыню рэстаўруюць у Фарным касцёле

У храме працягваюць маштабную рэстаўрацыю. За некалькі дзесяцігоддзяў упартай працы ўдалося адрамантаваць палову памяшканняў. Завяршаюць работы на адным з 13 алтароў. Яго плануюць адчыніць у снежні, калі касцёл адзначыць 320-годдзе, паведамляе «Гродно Плюс».

Restaŭracyja ikony ŭ Farnym kascioleРэстаўрацыя іконы ў Фарным касцёле. Фота: «Гродна Плюс»

Зараз рэстаўратар Мікалай Лёля пакрывае сусальным золатам 999 пробы абраз пачатку ХХ стагоддзя. Працэс да таго трапяткі і зачаравальны, што гэта таксама мастацтва. З алтара Фарнага касцёла на рэстаўрацыю абраз знялі ўпершыню. Ушанаваны ўсімі вернікамі абраз Нястомнай Дапамогі захаваўся годна. Толькі ў некаторых месцах ён пацярпеў ад вільготнасці і часу.

— Тут прыйшлося абкласці грунт, таму што яго падняло з-за таго, што была нейкая вільготнасць. Мы паклалі. Потым пойдуць таніроўкі і пакрыецца гэта ўсё лакам, — адзначае рэстаўратар.

На аднаўленне палатна памерам 2 на 1 метр пайшоў месяц. Пакрыццё золатам — фінальны этап. Тут важна майстэрства і лёгкасць рэстаўратара, паколькі сам ліст сусальнага золата танчэй валаска ў сто разоў, а на ўсю выяву сыдзе ўсяго тры грамы.

Па словах спецыяліста, самае галоўнае ў рабоце — «захаваць старое», а таксама «не нашкодзіць, каб не атрымалася зусім іншы абраз, не ўнесці свайго».

Аднаўляюць і сам алтар — працы вядуць ужо паўтары гады. За гэты час рэстаўратары замянілі зношаныя канструкцыі, аднавілі разьбу. Цяпер алтар грунтуюць, фарбуюць, а потым будуць залаціць. У рабоце выкарыстоўваюць толькі драўляныя матэрыялы.

Пробашч касцёла Ян Кучынскі дадае, што «каласальная праца» чакае каля алтара Святога Казіміра, які пацярпеў падчас Другой сусветнай. Побач з касцёлам узарвалася бомба — ударная хваля выбіла вокны.

— Акно некалі часова зробленае. Заладзілі дзірачку, і яно засталося па сённяшні дзень. І чакае сваёй чаргі, — дадае Кучынскі.

Адкрыць алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі плануюць да снежня 2025 года, калі касцёл будзе адзначаць сваё 320-годдзе.